Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнкі разьлічваюць, што “чорны кот” пяройдзе дарогу іншым


У Менску стартаваў XV кінафэстываль “Лістапад”. Папярэднія чатырнаццаць спробаў беларускіх кінэматаграфістаў трапіць на найвышэйшую прыступку гэтага фэстывалю плёну ня мелі. Аднак сёлета арганізатары спадзяюцца парушыць традыцыю з дапамогай... сям’і Лукашэнкаў.


Агулам у праграме “Лістапада” будуць дэманстравацца паўтары сотні рознажанравых фільмаў. Конкурсны паказ нашмат сьціплейшы — 20 мастацкіх стужак з 20 краінаў. Беларусь прадстаўляе стужка “На сьпіне ў чорнага ката”, пазначаная як “лірычная камэдыя”. У конкурсе дакумэнтальнага кіно 38 карцінаў, зь іх 8 — беларускія.

Кінакрытык Ала Бабкова адзначае, што звычайна на “Лістападзе” няма правальных стужак, калі не лічыць працаў беларускіх аўтараў:

“Я магу вам сказаць, што яшчэ не было такога “Лістапада”, падчас якога былі б нецікавыя стужкі. Большая частка — цікавыя, прыкметныя фільмы, і гэта добра. А вось нашы, беларускія фільмы амаль заўсёды былі слабыя, і яны аб’ектыўна ня могуць спаборнічаць са стужкамі іншых краінаў на гэтым фэстывалі. Яшчэ раз паўтараю: нашы стужкі практычна заўсёды былі сырымі, таму за ўсе 14 гадоў яшчэ ніводнага разу міжнароднае журы кінэматаграфістаў не ўзнагародзіла беларускі фільм. А гэта прафэсіяналы, якія бачаць, што беларускія стужкі — насамрэч слабыя”.

"Чорны кот" у глядацкім фаворы

Тым часам арганізатары кінафоруму не без задавальненьня адзначаюць: пасьля першага дня фэстывальнага паказу ў лідэрах беларускае кіно “На сьпіне ў чорнага ката”. Праўда, паводле глядацкага галасаваньня. Фільм рэжысэра Івана Паўлава быў прэзэнтаваны яшчэ на пачатку году, і ледзьве не галоўнай адметнасьцю спэцыялісты назвалі непасрэдную датычнасьць да яго сям’і Лукашэнкаў. Адну з галоўных роляў даверылі Вікторыі Лукашэнцы, унучцы прэзыдэнта ад старэйшага сына Віктара. Рэжысэр на ўсе лады расхвальваў Вікторыю, у якой нават бяз кастынгу заўважыў “вялізны акторскі талент”.

Ці хопіць сваяцтва з прэзыдэнтам, каб паўплываць на журы — прагназаваць цяжка. Аднак у кулюарах экспэрты не хаваюць зьдзіўленьня і лічаць, што ў адсутнасьць вартага прадукту лепш не спаборнічаць увогуле. Нават на афіцыйным сайце “Лістапада” водгукі наведнікаў пра “Чорнага ката”, мякка кажучы, на мяжы фолу. Ці не адзіным плюсам называюць хіба тое, што нарэшце фільм не пра вайну.

Вячаслаў Нікіфараў,
фота ont.by
Вячаслаў Нікіфараў, адзін з самых вядомых беларускіх рэжысэраў, які, ня маючы працы ў Беларусі, вымушаны зарабляць у Расеі, лічыць, што галоўная праблема беларускага кінэматографу — мэтанакіраваная адмова ад паслугаў творцаў, якія колісь прынесьлі славу беларускаму кіно. Цяпер у фаворы тыя, хто асабліва не заглыбляецца ў тонкасьці прафэсіі:

“Вопытным рэжысэрам, нават, не пабаюся гэтага слова — майстрам, не знайшлося тут ужытку. Як у свой час Рыбараў і Дабралюбаў пісалі, калі яшчэ не такі жалю варты стан беларускага кінэматографу быў, — беларускае кіно губяць чыноўнікі. Мінулі гэтыя 10—15 гадоў ад таго часу, як яны гэта казалі на старонках друку і вусна, і сам час даказаў: гэта сапраўды так, яны гэтую справу зусім завалілі. Прычым, ведаеце, я не хацеў бы зьвязваць гэтую сытуацыю выключна зь сёньняшнім праўленьнем, з гэтым рэжымам. Бо за 20 апошніх гадоў ня толькі гэтыя людзі былі на чале дзяржавы і на чале Міністэрства культуры. У дадзеным выпадку, можа, нават самыя вярхі ня ведаюць, што па-сапраўднаму адбываецца ў кінэматографе”.

Традыцыйна фэстывальныя пляцоўкі “Лістапада” апанавалі прадстаўнікі расейскага кіно. Старшынёй журы абраная народная артыстка Расеі рэжысэр Сьвятлана Дружыніна. Таксама ў Менск прыехалі акторы Лідзія Федасеева-Шукшына, Аляксей Пятрэнка, Натальля Варлей, Мікалай Бурляеў, Віктар Сухарукаў, Леанід Ярмольнік ды іншыя. Дый Аляксандар Лукашэнка чарговым разам прадэманстраваў адданасьць савецка-расейскаму кінэматографу, узнагародзіўшы спэцыяльным прызам народнага артыста СССР Васіля Ланавога. У ранейшыя гады такія ж прызы атрымалі іншыя пазнавальныя твары савецкага кінаэкрану.

Бадай, самай выбітнай асобай, якая на адзін дзень завітала ў Менск у рамках пазаконкурснага паказу, стаў вядомы польскі рэжысэр, ляўрэат шматлікіх міжнародных фэстываляў Кшыштаф Занусі. Аднак публіка, хутчэй, пацягнецца на іншую прадстаўніцу Польшчы — Барбару Брыльску, якую нядаўна зноў пабачыла ў працягу “Іроніі лёсу, ці зь лёгкай парай”.

Дазволеныя і забароненыя

Між тым на “Лістападзе” ніяк ня згадваецца, што беларускі кінэматограф падзелены на ўхвалены афіцыйнымі структурамі і напаўпадпольны. Тым часам як стужка рэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі” зьбірае ляўрэацкія званьні па ўсім сьвеце, у Беларусі яна забароненая.

Яшчэ горшая сытуацыя ў дакумэнтальным кіно. Цэлы шэраг вядомых рэжысэраў у Беларусі фактычна пазбаўленыя права на прафэсію. У рамках “Лістапада” праходзіць конкурс дакумэнтальных фільмаў, аднак ні Юры Хашчавацкі, ні Віктар Дашук, ні Ўладзімер Халіп, ні Леанід Міндлін і гэтак далей да яго не дапушчаныя. Між тым на міжнародных фэстывалях іх працы апынаюцца ў ліку лепшых. Прыкладам, рэжысэр-кінадакумэнталіст Уладзімер Колас за тры апошнія месяцы зь фільмам “Галерэя Ады” тройчы атрымліваў найвышэйшыя ўзнагароды фэстываляў — у расейскім Ханты-Мансійску, у Бэрліне і, днямі, у францускай Ля-Рашэлі:

Ада Райчонак і Ўладзімер Колас
“Гэта вельмі прэстыжны фэстываль, у якім бралі ўдзел кінэматаграфісты з усяго сьвету. Агулам 500 працаў было прадстаўлена для адбору, у дзясятку ў намінацыі “Міжнародны конкурс” трапіў мой фільм, што можна было ўжо лічыць вялікай перамогай. Ну, а тое, што прысудзілі галоўны прыз, — шчыра кажучы, не спадзяваўся, бо гэта проста фантастычна. Канкурэнтамі былі такія моцныя фільмы, з такімі бюджэтамі, з такімі доўгімі тытрамі, з такімі саліднымі прадусарскімі кампаніямі, што перамагчы проста было неверагодна. Але гэта здарылася, і таму, безумоўна, вельмі шчасьлівыя ўсе, хто рабіў гэты фільм. І, натуральна, гэта адпаведная ацэнка дзейнасьці галоўнай гераіні стужкі — Ады Райчонак”.

Незадоўга да фэстывалю “Лістапад” Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньнях разьвіцьця беларускага кінэматографу. Усім зацікаўленым ведамствам, перадусім Міністэрству культуры і кінастудыі “Беларусьфільм”, было даведзена ўзьняцца ледзьве не да стандартаў Галівуду. Ці рэальна гэта зрабіць ва ўмовах, калі кінагаліна надзвычай заадміністраваная? Ці здольны на такі подзьвіг Уладзімер Замяталін, які перабраўся ў кіно з ідэалёгіі? Сябра журы ХV кінафэстывалю “Лістапад”, кінарэжысэр Валеры Рыбараў так ацэньвае кінэматаграфічныя пэрспэктывы Беларусі:

“Калі быў прызначаны новы дырэктар, зь ім зьвязваліся пэўныя спадзяваньні. Бо ўсе, ад нізу да верху, акрэсьлілі сытуацыю як крызыс, прычым вельмі глыбокі. Раней чыноўнікі крыўдзіліся, рэагавалі хваравіта. А пасьля ўсе пагадзіліся — ад нізу да першай асобы. Я ня ведаў, хто гэта такі, на што ён здатны — прызначылі і прызначылі. Буйны чыноўнік, але важна, якога ён узроўню і чаго ён хоча. Я напісаў у газэтным артыкуле, што ён зможа, прыкладам, стаць перашкодай слабым, бессэнсоўным сцэнарам на студыі. Ён можа аднавіць страчаную мастацкую атмасфэру, неабходную для творчага калектыву (бо ўсё ж гэта не запалкавая фабрыка, а творчае прадпрыемства) і г.д… Пакуль я ня бачу нічога, што было б зроблена. У тым сэнсе, які я маю на ўвазе. Так, ён нарошчвае колькасьць, але ў яго ўвогуле цікавая лёгіка: ён лічыць, што колькасьць нараджае якасьць. Дзе ён знайшоў падставы так меркаваць? Я жартую, што гэта ня спорт, а ўсё ж творчасьць. І шукаць трэба таленты, а ня колькасьць”.

Менскі кінафэстываль будзе працаваць да 22 лістапада. Пры канцы тыдня стане вядома, ці пашчасьціць беларускім кінэматаграфістам на юбілейным кінафоруме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG