Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-міністар П.Казлоўскі — “Іскандэры” непатрэбныя”


МЗС Беларусі заявіў пра скажэньне амэрыканскім часопісам “The Wall Street Journal” выказваньня Аляксандра Лукашэнкі адносна расейскіх ракет “Іскандэр”. Ці сапраўды яны могуць зьявіцца ў Беларусі?


17 лістапада прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў зрабіў заяву для журналістаў адносна інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі амэрыканскаму часопісу “The Wall Street Journal”, якое было дадзенае 11 лістапада. Андрэй Папоў назваў “цалкам няслушнай” інтэрпрэтацыю інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі ў той частцы, дзе ішла гаворка пра пляны разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх ракет “Іскандэр”.

Паводле заявы Андрэя Папова, гэтыя пляны ніяк не зьвязаныя з намерам ЗША разьмясьціць у Чэхіі і Польшчы элемэнты сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Насамрэч жа Аляксандар Лукашэнка казаў пра ўласна беларускія пляны па мадэрнізацыі свайго войска на пэрспэктыву, заявіў Андрэй Папоў.

Ці гэта сапраўды так? Вось цытата з “The Wall Street Journal”. Журналіст часопіса пытаецца ў Лукашэнкі: “Ці была ад Расеі прапанова разьмясьціць ракеты “Іскандэр” тут, а не ў Калінінградзе?”

Пасьля некалькіх уступных фразаў Аляксандар Лукашэнка адказвае на гэта наўпроставае пытаньне гэтак: “Калі Расея і не прапануе разьмясьціць гэту пэрспэктыўную зброю, мы самі будзем яе закупляць”. І праз два сказы дадае: “Праўда, зараз у нас няма такіх сродкаў, каб гэта сёньня зрабіць, але гэта ў нас у плянах”.

Паводле былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага, пляны Беларусі па мадэрнізацыі супрацьпаветранай абароны краіны сапраўды прадугледжваюць да 2015 году разьмяшчэньне новых сыстэм. Але асабіста Павал Казлоўскі да замены цяперашніх ракет расейскімі “Іскандэрамі” ставіцца адмоўна:

Павал Казлоўскі
“Яны непатрэбныя. Мала таго, што яны вельмі дарагія і шмат грошай каштуе іх утрыманьне, але з вайсковага пункту гледжаньня — навошта яны? У нас ёсьць комплексы “Точка-У”, якія б’юць на адлегласьць 120 кілямэтраў і любога патэнцыйнага ворага каля мяжы могуць зьнішчыць.

Мяркую, тут больш ідзе нейкі торг. Маўляў, я запалохаю і са мной хутчэй будуць супрацоўнічаць. Хай Расея хутчэй крэдыт дасьць, тады мы паставім ракеты. А потым — не паставім. Мяркую, такі торг — галоўнае ў ягоных блытаных выказваньнях”.

Вернемся да інтэрвію ў “The Wall Street Journal”. Зноў журналіст часопіса ўдакладняе ў Аляксандра Лукашэнкі: “І пакуль Расея не прасіла разьмяшчаць гэткія ракеты ў Беларусі?”

Кіраўнік Беларусі адказвае: “Калі ж казаць шчыра, для Расеі важней, каб наша сыстэма супрацьпаветранай абароны дзейнічала ў інтарэсах Расеі”.

Нагадаем, дамова аб адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны паміж Расеяй і Беларусьсю дагэтуль не падпісаная, хаця палітыкі і вайскоўцы ў Расеі ня раз заяўлялі, што такая дамова “гатовая да падпісаньня” і прадказвалі, што гэта хутка адбудзецца. Паводле праекту гэтай дамовы, кіраваць беларускімі ракетамі маюць з Масквы.

На думку аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, Менск ня хоча пагаджацца на такое падначаленьне, хаця абяцаў падпісаць дамову. Што да Масквы, на думку спадара Якаўлеўскага, перадаваць Беларусі сучасныя ракетныя комплексы “Іскандэр” яна ня хоча, тым больш без такой дамовы:

“Каб не было расейцам дадатковага галаўнога болю адносна сувэрэнітэту Беларусі. Масква добра памятае заявы Лукашэнкі падчас газавага крызісу, што ён гатовы перагледзець статус расейскіх вайсковых баз у Беларусі. Таму яны не пагодзяцца ні на разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі сваіх ракет, ні на продаж іх нам”.

Паводле Рамана Якаўлеўскага, разьмяшчэньне расейскіх “Іскандэраў” у Беларусі нерэальна, а заявы Аляксандра Лукашэнкі адносна такіх плянаў — проста самарэкляма:

“А хто б у гэтыя дні, калі кожны дзень ідуць сусьветныя саміты, згадваў пра Лукашэнку? Гэта толькі словы, ня больш за тое”.

XS
SM
MD
LG