Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі супраць шанаваньня памяці слуцкіх паўстанцаў


23 лістапада сябры Партыі БНФ, а таксама дэмакратычныя актывісты Беларусі ўшануюць памяць слуцкіх паўстанцаў.


У падарожжы, якое пралягае праз вёскі Грозава і Семежава (Капыльскі раён) — Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — Слуцак — Старыя Дарогі, возьме ўдзел больш як сто чалавек. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў сёньня моладзевы лідэр Франак Вячорка.

“У нашы пляны ўваходзіць і правядзеньне мітынгу 23 лістапада ў 16 гадзінаў ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю, — удакладняе суразмоўца, — але ўпершыню за апошнія гады Слуцкі райвыканкам пярэчыць гэтаму. На нашу заяўку атрыманы адмоўны адказ за подпісам цяперашняга старшыні слуцкай вэртыкалі Аляксандра Драко.

Сёньня адзін з заяўнікаў мітынгу, старшыня Слуцкай рэгіянальнай суполкі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч наведвае Слуцкі райвыканкам. Ён імкнецца давесьці чыноўнікам, што мітынг ля будынка музэю — даўняя і абавязковая традыцыя.

“Чакаю, што адбудзецца гутарка з начальніцай ідэалягічнага аддзелу Слуцкага райвыканкаму Ларысай Дабравольскай. Менавіта яна рыхтавала пісьмовы адказ на нашу заяўку. Напісала, што традыцыйнае месца правядзеньня мітынгу цяпер нібыта ня ўключана ў пералік афіцыйна дазволеных для вулічных акцыяў”, — паведаміў у 15.00 Віталь Амяльковіч.

Беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык, адзін з арганізатараў паездкі на Случчыну, заявіў:

“27 лістапада, дзень Слуцкага збройнага чыну, ужо даўно замацаваўся ў нацыянальным календары Беларусі. І мы ня маем намеру адмаўляцца ад ушанаваньня барацьбітоў за свабоду. І вельмі добра, што ёсьць традыцыя найноўшага часу, калі беларускія патрыёты наведваюць крыжы, пастаўленыя ў 1990 я гады ў памяць аб змагарах Слуцкага збройнага чыну ў Грозава і Семежава”.

Слуцкі збройны чын, Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстаньне — спроба збройнай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, адбівалі наступ савецкага войска.

XS
SM
MD
LG