Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны фінансавы крызіс і ягоныя наступствы, выдзяленьне Беларусі крэдыту МВФ, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі. Адна з тэмаў, якую камэнтуюць слухачы Свабоды:

Андрэй, Пінск: “Лукашэнка зараз часта гаворыць пра сусьветны фінансавы крызіс. Крызіс пачаўся некалькі дзён таму, а мільёны беларусаў адчуваюць фінансавы крызіс ужо некалькі гадоў, і ён узмацняецца з кожным днём, з ростам цэн на тавары і паслугі. Варта паглядзець на прыбытак дзьвюх катэгорый грамадзян — гэта пэнсіянэры і сельскія працаўнікі. Узяць памер пэнсіі і заробку калгасьніка і паглядзець, што на гэтыя грошы можа купіць сабе чалавек. Тым больш балюча бачыць і чуць, калі хаваюцца страшэнныя факты карупцыі сярод г.зв. слуг народу, якія абавязаны абараняць закон, а яны яго найгрубейшым чынам топчуць”.

Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне пра выдзяленьне Менску крэдыту памерам 2 мільярды даляраў. Гэткай жа сумы кіраўніцтва Беларусі чакае ад Міжнароднага валютнага фонду. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадарыня: “Лукашэнка зноў бразгае зброяй: ракеты зьбіраецца закупляць, напэўна, на тыя крэдыты, што выпрасіў і яшчэ просіць. Беларусь можа патануць у гэтых пазыках. Хто зьбіраецца нападаць на Беларусь? Расея і без ракетаў можа заграбастаць яе пры Лукашэнку і разам зь ім. Ці зьбіраемся, прабачце, лупіць па ненавісным Захадзе? Ці разам усе па Міжнародным валютным фондзе?”

Вадзім Шаргей, Менск: “Я лічу, што ніякага крэдыту рэжыму Лукашэнкі даваць нельга”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэмы будаўніцтва атамнай электрастанцыі, змаганьня з карупцыяй і іншыя:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Гэтае тэлефанаваньне прысьвечана памяці маёй аднаклясьніцы Ані Фурманавай. Гэтай восеньню яна памерла ад раку. Зноў атамная станцыя, зноў мінімум інфармацыі. У Астравецкім раёне забаронены пікеты супраць пабудовы АЭС. Наша кіраўніцтва вытручвае ў нас самае галоўнае для ўсяго жывога — інстынкт самазахаваньня. Паўсядзённа хаваецца нэгатыўная інфармацыя. Як мэдык я на сто адсоткаў упэўненая, што ня толькі на Піншчыне, але і па ўсёй Беларусі зашкальваюць радыёнукліды. Любой аварыі на АЭС мы ўжо ня вытрымаем”.

Спадарыня: “З нагоды ўчорашняга сьвята сельскагаспадарчай галіны хочацца папрасіць людзей не ўжываць у якасьці абразы мянушку “калхозьнік”.

Спадар: “Згодны з тымі, хто распавядае пра карупцыю. Але ня згодны з тымі, хто кажа, што не ва ўсім Рыгоравіч вінаваты. Не, канкрэтна ён і вінаваты, таму што заўсёды займаецца эканомікай, фінансамі і г.д. Падборам кадраў, расстаноўкай кадраў, кантролем за імі. Гэта ён, яго адміністрацыя стварылі ўмовы для карупцыі”.

Спадар: “Сёньня плевелы яшчэ растуць сярод пшаніцы, сёньня на нашым полі жыцьця яшчэ ходзяць разам авечкі і казлы. Падзел гэты будзе навечна. Варта ведаць, калі прыйдзе прызначаны час, тады ён, Бог усеўладны, зьявіцца як Сын Чалавечы ў сіле і славе і ўсе сьвятыя анёлы зь ім, каб адбыўся суд”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG