Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Карупцыя — адзінае эфэктыўнае прадпрыемства ў Беларусі”


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Грамадзкі рэдактар тыдня - Аляксандар Старыкевіч. Сёньня Аляксандар Старыкевіч разважае пра беларускую карупцыю.


– Бадай што найбольшы розгалас з падзеяў мінулага тыдня атрымаў чарговы раўнд барацьбы з карупцыяй. У зьвязку з чым узгадаўся пачатак гэтай справы.

1994-ы. Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка абяцаў у выпадку свайго абраньня прэзыдэнтам вырашыць праблему карупцыі вельмі хутка – “Усіх карупцыянэраў адпраўлю за 24 гадзіны ў Гімалаі!”

Прайшло ўжо трошкі больш. Але праблема ня толькі ня вырашаная – яна, як прызнаўся сам Лукашэнка, нарастае.

І інакш быць, у прынцыпе, ня можа. Бо той грамадзка-дзяржаўны лад, які існуе сёньня ў нашай краіне і які адбудаваны менавіта Аляксандрам Лукашэнкам, ён як ніякі іншы спрыяе карупцыі.

Любы аўтарытарны і таталітарны рэжым, пры якім свабодная прэса загнаная ў кут, пры якім не існуе грамадзкіх мэханізмаў кантролю за ўладай, у выніку прыводзіць да таго, што карупцыя расквітае.

І тое, што мы бачылі на мінулым тыдні, гэта цяжка насамрэч назваць барацьбой з карупцыяй. Бо пацярпелі чыноўнікі за далёка ня самыя вялікія справы, якія маглі быць.

Прыкладам, дагэтуль не існуе ніякіх захадаў у дачыненьні тых, хто займаецца нафтавымі схемамі, іншымі значна больш цікавымі справамі, чым пакупка кватэраў у цэнтры Менску ды набыцьцё ўчасткаў ля сталіцы.

Але адказнасьць за тое, што адбываецца, усе такі ня толькі на Лукашэнку. Адказнасьць і на грамадзтве таксама. Бо яно дазваляе сёньняшняй уладзе рабіць усё, што тая захоча.

І пакуль так будзе, карупцыя застанецца адзіным прадпрыемствам у Беларусі, якое дзейнічае без перабояў і вельмі эфэктыўна.

Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. У пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі былі нагодай стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў.

Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць.

У 2004 годзе А.Старыкевіч і ягоная газэта"Салідарнасьць" сталі першымі ляўрэатамі ўзнагароды Швэдзкага ПЭН-цэнтра "за ўклад у забеспячэньне свабоды слова", а ў 2006 атрымала Прэмію імя Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняй Эўропы”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG