Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тыдзень з Радыё Свабода” – штотыднёвая аналітычная перадача на незалежным тэлеканале "Белсат".


Беларускія парады амэрыканскаму прэзыдэнту – адказы Барака Абамы

Нэарэалізм па-крамлёўску – каму на Русі жыць добра

Пункціры тыдня – знакавыя падзеі ў Беларусі вачыма вядоўцаў жывога эфіру “Свабоды”


Тэмы абмяркоўваюць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і супрацоўнікі службы Ганна Соўсь, Сяргей Абламейка і Ян Максімюк. Госьці перадачы – аглядальніца Расейскай службы Радыё Свабода Ірына Лагуніна і аналітык службы навінаў радыё Браян Ўітмар.



Лукашук: Амэрыка пачынае новы этап сваё гісторыі. На просьбу Радыё Свабода на мінулым тыдні многія нашыя слухачы, грамадзкія і палітычныя лідэры, нават прадстаўнікі ўлады дасылалі свае прапановы амэрыканскаму прэзыдэнту. Браян, вы іх прачыталі. Калі б вы былі Баракам Абамам, што б вы сярод іх вылучылі, на што б адказалі?

Ўітмар: Я б выбраў некалькі. Першае – адзін слухач пісаў, што трэба адмяніць візавы рэжым і дазволіць грамадзянам Беларусі езьдзіць у Амэрыку бязь візаў. Думаю, што візавы рэжым ня зьменіцца, пакуль ня зьменяцца палітычныя дачыненьні паміж Менскам і Вашынгтонам. Нават чэхі і палякі – чальцы НАТО – пакуль яшчэ ня езьдзяць у Злучаныя Штаты бязь візаў.

Другі слухач прапанаваў, каб “Майкрасофт” зрабіў вэрсію “Ўіндаўз” на беларускай мове. Гэта была б някепская ідэя, але насамрэч “Майкрасофт” – прыватная кампанія, і такія справы “Майкрасофт” вырашае сам...

Лукашук: Значыць, нават такі вялікі начальнік, як прэзыдэнт, ня можа сказаць “Майкрасофту”: “Зрабіце па-беларуску...”?

Ўітмар: Не, на шчасьце, не...

Лукашук: Дык што ж гэта за прэзыдэнт?

Ўітмар: Ён кіруе ўрадам, а не прыватным бізнэсам. Так што ідэя някепская, але гэта ня справа прэзыдэнта.

Яшчэ адзін слухач прапанаваў вельмі добрую ідэю – зрабіць “Белсат” кругласутачным тэлеканалам. Я быў бы толькі за гэта, і я спадзяюся, што будуць выдзеленыя сродкі на гэта пры новай адміністрацыі, але ня трэба забывацца, што ў нас цяпер фінансавы крызіс, і будзе вялікі ціск з боку Кангрэсу, з боку насельніцтва, каб траціць грошы ўнутры краіны, а не за мяжою. Новы прэзыдэнт мусіць ураўнаважваць гэтыя рэчы.

Лукашук: Дзякуй, “спадар прэзыдэнт”. Значыць, візы – толькі калі Беларусь зьменіць свае паводзіны, “Майкрасофт” – толькі калі “Майкрасофт” захоча, а грошы на 24-гадзінны “Белсат” – калі скончыцца эканамічны крызіс.

Максімюк: Давайце пагаворым пра тое, што фактычна мог бы зрабіць прэзыдэнт, не мяшаючыся ў прыватны бізнэс або ў кампэтэнцыі нейкіх іншых асобаў. Сытуацыя, Браян, цяпер такая, што ёсьць візавая забарона на паездкі беларускіх палітыкаў у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць эканамічныя санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім” за палітычны перасьлед у Беларусі.

У верасьні ў Беларусі адбыліся парлямэнцкія выбары – такія самыя, як і ўсе папярэднія выбары за панаваньня Лукашэнкі – недэмакратычныя. Для зьняцьця візавых санкцыяў супраць палітыкаў няма падставаў, бо яны былі ўведзеныя за недэмакратычныя выбарчыя практыкі.

У Беларусі зробленыя некаторыя крокі наперад. Лукашэнка вызваліў палітычных вязьняў, але апошнім часам выглядае на тое, што ён можа папоўніць запас вязьняў.

Калі б вы былі прэзыдэнцкім дараднікам, што б вы параілі ў такой сытуацыі рабіць Бараку Абаму?

Ўітмар: Цікавае пытаньне. Я б ня раіў ізаляваць Беларусь. Гэтага рабіць ня варта – гэта нам нічога не дае. Мы спрабавалі гэта рабіць апошнія восем гадоў, і з гэтага нічога не атрымалася. Я б параіў весьці зь Беларусьсю перамовы. Гэта не капітуляцыя. Барак Абама неаднаразова казаў, што ён гатовы гаварыць ня толькі з сваімі сябрамі, але й з ворагамі. І дыпляматыя можа быць зброяй, зь яе дапамогай таксама можна дамагчыся сваіх мэтаў. Таму б я параіў, ужываючы кій і моркаўку, спрабаваць зьмяніць паводзіны гэтага рэжыму.

Лукашук: Вельмі цікава, што вы кажаце. Сапраўды, Лукашэнка ўжо назваў Абаму і маладым, і энэргічным, і добра адукаваным і выказаў меркаваньне, што ён здольны больш рэалістычна паглядзець на сьвет. Што гэта, Яне, на вашу думку – звычайная ветлівасьць ці палітычны сыгнал: маўляў, мы гатовыя да сапраўднага паляпшэньня адносінаў?

Максімюк: І першае, і другое. І для мяне гэта сыгнал, што Лукашэнка хоча пачаць больш інтэнсіўны ці, магчыма, больш цывілізаваны дыялёг з Вашынгтонам. Але ў сувязі з гэтым варта зьвярнуць увагу на нешта іншае.

У паводзінах Аляксандра Лукашэнкі на міжнароднай арэне можам заўважыць пэўную заканамернасьць. Калі ён хоча зьвярнуць на сябе ўвагу нейкай краіны ці яе лідэра, ён пачынае з камплімэнтаў. Потым, праўда, гэтыя камплімэнты часьце за ўсё зьмяняюцца на крытыку.

Прыгадайма хоць бы, як Аляксандар Рыгоравіч, каб спадабацца ў Эўропе, на пачатку свае прэзыдэнцкае кар’еры даваў камплімэнты нямецкаму народу, які, паводле Лукашэнкі, дасягнуў вяршыні ў дзяржаўным будаўніцтве ў часе Адольфа Гітлера. Па-мойму, ён ад шчырай душы верыў, што немцам будзе прыемна пачуць такія словы. Словы былі скіраваныя да нямецкай аўдыторыі, а таму ён і не задумляўся, як на гэта можа зрэагаваць, напрыклад, беларуская аўдыторыя.

Шмат што ў выказваньнях Лукашэнкі залежыць менавіта ад адрасата. Я прыгадваю, як ён адразу пасьля вяртаньня зь візыту ў Ізраіль рассыпаўся ў камплімэнтах і станоўчых ацэнках беларуска-ізраільскіх адносінаў і ўкладу габрэйскага народу ў гісторыю Беларусі. “Гэта нашыя людзі” – казаў ён пра габрэяў, якія эмігравалі зь Беларусі ў Ізраіль ужо пры ягоным кіраваньні. Але прайшоў нейкі час, і перад чарговым кантынгентам расейскіх журналістаў, якіх ён запрасіў у Беларусь, беларускі прэзыдэнт гаварыў аб тым, як габрэі ператварылі горад Бабруйск у “сьвінушнік”. Проста аўдыторыя была іншая.

Паўстае пытаньне: калі ён быў у сапраўднасьці шчыры і не крывіў душой – за першым разам, ці за другім? Я не выключаю, што ён мог быць шчыры ў абодвух выпадках.

Так што тут варта пачакаць нейкі год ці паўгоду, калі зноў прыедуць расейскія журналісты, і прыслухацца, што тады Лукашэнка скажа пра Абаму.

Лукашук: Мне здаецца, самае важнае ў выказваньні Лукашэнкі – фраза, што Барак Абама будзе “больш рэалістычна глядзець на сьвет”. Рэальнасьць – такая ж справа трактоўкі, як і ўсё іншае. Розьніца паміж тытуламі ‘бестэрміновы прэзыдэнт’ і ‘апошні дыктатар Эўропы’ не такая й вялікая.

Там, дзе адзін бачыць навядзеньне парадку на вуліцах, іншы – разгон АМОНам мірнай дэманстрацыі; двойка на экзамэне ва ўнівэрсытэце можа насамрэч быць перасьледам з палітычных матываў. “Больш рэалістычна” ў вуснах Аляксандра Лукашэнкі гучыць якраз як “менш рэалістычна” – але з рэальнасьцю яшчэ нікому не ўдавалася гуляць бясконца.



Лукашук: Заўсёды нэрвова апошнія гады ставіцца да Амэрыкі Расея. Вось і ў дзень абраньня новага прэзыдэнта ЗША прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў выступіў у Дзярждуме з рэзкімі выказваньнямі ў бок Амэрыкі. У студыі нашая калега з Расейскай службы Радыё Свабода Ірына Лагуніна. Ірына, што гэта было і чаму, на якую аўдыторыю была разьлічаная інвэктыва Мядзьведзева – на агульнарасейскую, на сілавікоў, на замежную?

Лагуніна: Я думаю, і на ўнутраную, і на замежную. Замежная – гэта найперш Барак Абама, які за некалькі гадзін да гэтага выступу перамог на выбарах. Абаму трэ было паказаць, што лёгка з расейскім прэзыдэнтам яму ня будзе. Расейскі прэзыдэнт, трэба яшчэ адзначыць, не пазваніў і не павіншаваў Барака Абаму, а ўсяго толькі абмежаваўся пратакольнай тэлеграмай: нібыта й датрыманыя ўсе правілы і ўвесь этыкет, але паказана, што сяброўскіх стасункаў ня будзе. З другога боку, словы Мядзьведзева гаварыліся й для расейскай аўдыторыі, таму што ў эпоху крызісу, калі незадавальненьне людзей расьце, трэба паказаць, што краіна ў небясьпецы, трэба мабілізаваць людзей пад сьцягі і такім спосабам падтрымаць свой статус і свой аўтарытэт.

Максімюк: На гэтым тыдні прэзыдэнт Мядзьведзеў перадаў у Думу законапраект аб падаўжэньні паўнамоцтваў прэзыдэнта з 4 да 6 гадоў. Цэнтральны банк заявіў аб дэвальвацыі рубля. А Эўразьвяз пастанавіў аднавіць перамовы з Расеяй, прыпыненыя пасьля каўкаскай вайны. Якая з гэтых навінаў найбольш важная для жыхароў Расеі і чаму?

Лагуніна: Расейскае грамадзтва, можа, традыцыйнае, можа, аўтарытарнае сёньня, але яно не ненармальнае. Вядома ж, даляр і рубель. Гэта тое, што хвалюе людзей.

Лукашук: Ірына, у мяне пытаньні аб прэзыдэнцтве. Наколькі гэта нечакана? Чаму цяпер і так хутка? Ці гэта парушэньне канстытуцыі? І якая рэакцыя грамадзтва? На вашую думку, што можа азначаць ініцыятыва падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Расеі для краінаў СНД: Расея вучыцца ў суседзяў ці суседзі пойдуць далей за Расею?

Лагуніна: Суседзям далей ісьці ўжо няма куды. Усё-такі мы гаворым у гэтым выпадку пра 6 гадоў прэзыдэнцтва, а не пра пажыцьцёвае прэзыдэнцтва. Што да таго, ці парушае такое падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну канстытуцыю, то, вядома ж, не парушае. Гэта ўсяго толькі ўнясеньне дзьвюх паправак у канстытуцыю і адной папраўкі ў канстытуцыйны закон аб урадзе. Вы разумееце, у сытуацыі, калі ў краіне няма апазыцыі, няма свабоднай прэсы, няма палітычнага жыцьця, няма партыяў, канстытуцыю можна памяняць як заманецца.

Чаму цяпер? Гэтае пытаньне здаецца мне больш цікавым. У сапраўднасьці такі сцэнар разглядаўся і прапісваўся яшчэ ў той момант, калі Мядзьведзеў быў абраны ў якасьці пераемніка Ўладзіміра Пуціна: думалі, што Мядзьведзеў прыйдзе да ўлады, адразу ж падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта, а затым нейкім спосабам пакіне фатэль прэзыдэнта і перадасьць гэтую пасаду назад Уладзіміру Пуціну. Мне здаецца, да падаўжэньня паўнамоцтваў зьвярнуліся цяпер у нейкай ступені ў сувязі зь фінансавым крызісам: эканамічны стан грамадзтва пагаршаецца, сацыяльныя праблемы нарастаюць гэтаксама імкліва, як інфляцыя... І, вядома, цяпер трэба ня страціць моманту, калі яшчэ можна яшчэ больш замацаваць уладу.

Лукашук: Але гэта ўсё ж нагадвае клясычную камбінацыю ў футболе: я табе даю пас, ты мне даеш мяч назад, я забіваю гол. Але раптам гэты гулец не аддасьць пасу і сам захоча забіць гол?

Лагуніна: Такое наўрад ці магчыма, бо гэтая прэзыдэнцкая каманда стваралася нават ня столькі самім Пуціным – яна вядзе свой працяг ад ельцынскай пары, ад ельцынскіх кулюарных інтрыг. Таму тут няма супярэчнасьцяў: гэта адна група людзей, адна карпарацыя, якая кіруе Расеяй.

Максімюк: Ірына, давайце цяпер пагаворым пра тое, што, як вы сказалі, найбольш хвалюе расейскае грамадзтва – пра даляры і пра рублі. Кажуць, што ў апошнія гады Расея фантастычна разбагацела. А цяпер што аказваецца: расейскія багатыры таксама плачуць? Як яны плачуць? І, нарэшце, у якой валюце расейцы трымаюць свае ашчаджэньні?

Лагуніна: Тыя, у каго ёсьць нейкія ашчадкі, далі рады іх, як ні дзіўна, дывэрсыфікаваць, то бо расяяне захоўваюць сродкі і ў рублёх, і ў далярах, і ў эўрах.

Другі складаны момант – неяк не прынялася сыстэма крэдытаў у эўрах, і шматлікія крэдыты былі ўзятыя ў далярах. І па людзях, якія ўзялі былі такія крэдыты, крызіс цяпер ударыў у першую чаргу: даляр расьце, рубель падае. Урад ужо заявіў пра тое, што падтрымліваць рубель штучна ён не зьбіраецца. Як вынік, такія людзі апынуліся ў вартым жалю стане ўжо толькі праз курс “рубель-даляр” – ня толькі праз тое, што працэнт па крэдытах расьце. Гэтыя людзі цяпер больш за ўсё плачуць.

А што да вялізнага багацьця Расеі, то гэта зноў-такі багацьце карпарацыі. Калі толькі пачаўся крызіс, рэакцыя расейскага ўраду была – проста зачыніць біржу. І ўсе сьмяяліся, што ўва ўсім сьвеце біржа неяк сама ачуваецца, а ў Расеі ёсьць яшчэ чалавек, які прыходзіць і ключом яе замыкае. На гэтай біржы ўратоўваліся акцыі той жа самай карпарацыі, бо тыя гульцы ў бізнэсе, якім дазволена гуляць у эканоміцы, – гэта чальцы той самай карпарацыі імя Ўладзіміра Пуціна, або Крамля.

У Расеі цяпер адзіная крыніца папаўненьня валюты ў сувязі з спадам цэнаў на нафту – гэта газ. І адзіны партнэр Расеі, які ў масавым парадку закупляе гэты газ – з прычыны таго, як былі пабудаваныя трубаправоды, – гэта Эўропа. І, вядома, з Эўропаю трэба дамаўляцца, таму што ў Эўропы ёсьць пляны куплі звадкаванага газу, увогуле куплі газу ў іншых: Іран распрацоўвае свае радовішчы, і Касьпій яшчэ ёсьць – гэта таксама патэнцыйны партнэр Эўрапейскага Зьвязу. Так што Расеі трэба хутчэй цяпер аднаўляць дачыненьні з Эўропаю.

І не дарма ў сераду Ўладзімір Пуцін папытаўся, ці зацікаўленая Эўропа ў пабудове “Паўночнага патоку” – трубаправоду па дне Балтыйскага мора: маўляў, ці будзеце вы будаваць "Паўночны паток", ці мы пакінем гэты праект і будзем разьвіваць наш звадкаваны газ. У Расеі пакуль што няма ніводнага заводу з звадкаваным газам, тым ня менш Уладзімір Пуцін папярэдзіў...

Лукашук: Цікава, што ў чацьвер брытанская “Financial Times” апублікавала камэнтар пад загалоўкам “Мядзьведзеў згубіўся ў правале рэальнасьці”. Гаворка ідзе пра апошнюю сэрыю ініцыятываў Расеі – новую архітэктуру бясьпекі Эўропы замест АБСЭ, якая раздражняе Расею назіраньнем за выбарамі і свабодай слова, на што прэзыдэнт Сарказі прапанаваў крыху зьдзекліва абмеркаваць гэта на сэсіі АБСЭ. Мядзьведзеў казаў пра новую міжнародную эканамічную сыстэму, якую маюць намер абмеркаваць на нарадзе дваццацткі ў Вашынгтоне, але “Financial Times” адзначае, што расейскія меркаваньні будуць менш важныя, чым пазыцыя Кітаю ці Індыі.

“Financial Times” піша: “Праблема ў тым, што ніхто не аддае сур’ёзнай увагі новым ініцыятывам Крамля. Замест таго, каб падвысіць свой аўтарытэт, Расея застаецца проста адной з многіх удзельніц. Мядзьведзеў і Пуцін хочуць, каб іх паважалі. Іх праблема ў тым, што Расея ня будзе займаць высокага месца ў парадку дня новага амэрыканскага прэзыдэнта. Рэч не ў павазе. Рэч у рэальнасьці”.



Лукашук: А зараз “Пункціры тыдня”. Самыя абазнаныя ў падзеях тыдня людзі на беларускай “Свабодзе” – гэта вядучыя інфармацыйных выпускаў. У ранішняй “Свабодзе” на гэтым тыдні працавала Ганна Соўсь, вечаровы эфір вёў Сяргей Абламейка. Ганна, якія тры падзеі былі найбольш значныя для вас на прамінулым тыдні?

Соўсь: Я б назвала тры тэмы – арышт курапацкіх вандалаў, Уладзімер Арлоў у шпіталі і хваля грамадзкай падтрымкі пісьменьніка і фінансавы крызіс, які ўсё ж прыйшоў у Беларусь.

Лукашук: “Сяргей, вашая тройка”.

Абламейка: Я б назваў зьмяшчэньне за краты курапацкіх вандалаў, адзначэньне 90-годзьдзя заканчэньня Першай сусьветнай вайны і новы віток фінансавага крызісу ў Беларусі.

Лукашук: Вы абое назвалі тэму вандалізму ў Курапатах. Ганна, вы аўтарка сотняў рэпартажаў з Курапатаў, некалі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды” мы выдалі іх асобнай кнігай “Дарога праз Курапаты”. Вы назвалі курапацкія падзеі галоўнымі на тыдні таму, што гэта вашая прафэсійная тэма?

Соўсь: Калі абстрагавацца ад уласных сантымэнтаў, то гэта сапраўды падзея – арышт вандалаў, як 2 тыдні таму іх затрыманьне.
У аўторак госьцем ранішняга эфіру быў Павал Севярынец, адзін з ініцыятараў кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах, і калі я папрасіла яго спрагназаваць, як улады павядуць сябе з затрыманымі маладзёнамі, Павал катэгарычна сказаў, што пры гэтай уладзе вандалы будуць на свабодзе: максымальнае пакараньне – гэта будзе штраф.

І літаральна празь некалькі гадзінаў высьветлілася, што ўсё ж заведзеная крымінальная справа і вандалаў зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. А вось ці памыліцца Павал, што вандалы атрымаюць мінімальнае пакараньне, мы пабачым пазьней.

Ужо на другі дзень госьцем ранішняга эфіру быў адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк, які сказаў, што “калі ўвага да гэтай справы з боку грамадзкасьці будзе вялікая, актыўная і пастаянная, то кантроль такога роду можа паўплываць на тое, што ўлады і суд вымушаныя будуць прыняць законнае рашэньне”.

Фота вандалаў зьмешчаныя на нашым сайце, у часу суду будуць вядомыя іх імёны, зь якіх яны сем’яў, навучальных установаў. Адна рэч – ананімны вандал, інфармацыя, што нейкія адмарозкі ломяць крыжы ў Курапатах, і зусім іншая – канкрэтны вандал, чый твар можа пабачыць пры жаданьні фактычна кожны. І тое, што сталі вядомыя канкрэтныя вандалы, вельмі істотна можа паўплываць на далейшую сытуацыю ў Курапатах, на тое, ці будуць там здарацца факты вандалізму. Тут ужо пытаньне, наколькі людзі, якія зь нейкіх прычынаў ідуць у Курапаты валіць крыжы, захочуць паўтарыць лёс гэтых двух злоўленых на гарачым маладзёнаў.

Лукашук: Сяргею, а чаму вы назвалі гэтую падзею?

Абламейка: На маю думку, з Курапатамі зьвязаныя найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі апошніх 20 гадоў. Менавіта зь Дзядамі 1988 году зьвязаны пачатак новага беларускага руху. З Курапатамі зьвязана найвялікшая маральная перамога беларускага незалежнага грамадзтва над аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Я маю на ўвазе абарону Курапатаў у 2001–2002 гадох, калі там будавалася кальцавая дарога.

І вось, на маю думку, цяпер перад беларускай грамадзянскай супольнасьцю стаіць новы маральны выклік, новы экзамэн на сьпеласьць –
давесьці да суду і справядлівага пакараньня справу гэтых вандалаў. Калі ўвага грамадзтва будзе пільная да гэтай справы, да працэсу, то вандалы будуць пакараныя. Гэта будзе новая маральная перамога...

Лукашук: Такім чынам, мы можам гаварыць пра юрыдычны, палітычны, гістарычны і маральны аспэкты...

Амэрыка і Эўропа на мінулым тыдні адзначалі 90-годзьдзе заканчэньня Першай сусьветнай вайны. Гэта была вялікая падзея ў шмат якіх краінах: прэзыдэнты сустракаліся з жывымі яшчэ вэтэранамі, ускладалі кветкі... Вы, Сяргею, вылучылі гэтую падзею як адну з галоўных падзеяў тыдня, але ж хіба ў Беларусі гэтую падзею памятаюць, хіба ў Беларусі яна знайшла належнае адлюстраваньне ў мастацтве, у літаратуры, у гістарыяграфіі?

Абламейка: На жаль, не. Тым ня менш пэўнае адзначэньне ўсё ж адбылося: была цырымонія пад Баранавічамі, быў закладзены камень...

Я лічу гэтую вайну невядомай старонкай беларускай гісторыі, і вельмі важнай старонкай, бо тая вайна – гэта калыска ўсіх наступных беларускіх дасягненьняў і трагедыяў. Менавіта ў бежанстве, калі расейскія ўлады вывезьлі ўглыб Расеі мільёны заходніх беларусаў, нарадзіўся моцны беларускі рух. Людзі, знаходзячыся ў Расеі, зразумелі сваю нерасейскасьць.

Лукашук: Проста не магу не сказаць, што бежанства напрасткі закранула, напрыклад, маю сям'ю. Мае бабця і дзед таксама былі бежанцамі і некалькі гадоў жылі ў Сібіры...

Абламейка: Паводле гісторыка Захара Шыбекі, у часе ваенных дзеяньняў у выніку голаду і хваробаў Беларусь страціла 1 мільён 200 тысяч чалавек. Гэта больш, чым Англія і Францыя. У часе акупацыі ў Беларусі ўзьнікла беларускае школьніцтва. Таксама пад нямецкай акупацыяй узьнік моцны беларускі рух, а на франтох вайны ў расейскім войску ўзьнік таксама моцны беларускі рух, які прывёў да стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі і пазьней да стварэньня БССР.

А чаму ня памятаюць сёньня беларусы гэтага? Гэта зьвязана з палітыкай бальшавікоў. Бальшавіцкая Расея выйшла з той вайны аслабленай, зь вялікімі тэрытарыяльнымі стратамі, і таму было нявыгадна пра тую вайну памятаць. Бальшавікі прапанавалі беларусам памятаць пра дзень вызваленьня Менску ад бела-палякаў – 11 ліпеня 1920 году. Гэтае сьвята да 1941 году было галоўным сьвятам БССР. Ну а пасьля вайны беларусам прапанавалі сьвяткаваць Дзень Перамогі – 9 траўня – і 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта чыстая ідэалёгія.

Лукашук: Ганна, вы ў якасьці знакавай падзеі тыдня назвалі хваробу Ўладзімера Арлова. Чаму?

Соўсь: Ня толькі хваробу, але й рэакцыю грамадзтва на яе. Чаму такая далікатная тэма, як хвароба Ўладзімера Арлова?

Гэта своеасаблівы індыкатар, які вельмі дакладна выяўляе маральных аўтарытэтаў нацыі. Гэтаксама было, калі пачалася грамадзкая акцыя ў падтрымку хворага Рыгора Барадуліна...

Як толькі на нашым сайце было зьмешчанае паведамленьне пра тое, што Ўладзімер Арлоў у шпіталі і яму зрабілі апэрацыю, гэтыя паведамленьні адразу ж сталі найбольш чытанымі на нашым сайце. Адметна, што звычайна наведнікі пакідаюць свае водгукі, хаваючыся пад псэўданімам, а ў выпадку з Уладзімерам Арловым былі дзясяткі пэрсаналізаваных водгукаў з падтрымкай і зычэньнем здароўя пісьменьніку.

У Беларусі яшчэ трымаюцца такіх, так бы мовіць, забабонаў, што пра хваробы гаварыць нельга, некарэктна, але сам Уладзімер Арлоў і ягонае стаўленьне і рэакцыя засьведчылі, што няма забароненых тэмаў. Гэта тое, што блізка кожнаму чалавеку, калі чуеш, чытаеш сьведчаньні чалавека, які гаворыць, як бачыў сваё сэрца на маніторы і прасіў яго не спыняцца, бо не завершаныя зямныя справы, гаворыць пра тое, як пішуцца вершы ў шпіталі...

Лукашук: Мае калегі ў якасьці трэцяй падзеі тыдня назвалі эканамічны крызіс – гэта і вяртаньне бартэру, і дэвальвацыя рубля, і прымусовыя адпачынкі, падаражэньне крэдытаў, скарачэньне экспарту.

На гэтым тыдні ў Кіеве адбылася канфэрэнцыя Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў пад назвай “Беларусь: фармуючы прастору для перамен”.

І вось цытата з гэтай канфэрэнцыі: “Беларусь уступіла ў паласу вымушаных пераўтварэньняў. Выклікі беларускай эканоміцы, грамадзтву і ўладзе нясуць калясальныя пагрозы той сыстэме, што склалася за 14 гадоў, але разам з тым і адкрываюць новую прастору для эвалюцыйных пераменаў”.

Ці сапраўды гэта так? Чаму эканамічна збанкрутавалыя рэжымы Паўночнай Карэі, Кубы, Зымбабвэ застаюцца пры ўладзе, чаму эканамічна пасьпяховыя ўрады прайграюць дэмакратычныя выбары? Якім у рэальнасьці будзе шлях Беларусі? Пра гэта мы будзем думаць, спрачацца і шукаць адказы разам – у наступных перадачах.
XS
SM
MD
LG