Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нос у нос з прэзыдэнтам


Валдас Адамакус на шпацыры з сваёй жонкай Алмай
Нягледзячы на прыстаўленую ахову, кожны прэзыдэнт урэшце сам вырашае, у якой ступені заставацца ня толькі абраньнікам лёсу, але і звычайным чалавекам (якім ён, зрэшты, і быў да абраньня на высокую пасаду). У той час як хтосьці старанна хаваецца ў браніраваных аўтамабілях ды за сьпінамі целаахоўнікаў, іншыя прэзыдэнты не цураюцца кантактаваньня з народам.

Для жыхароў Вільні звыклая рэч — сутыкнуцца ў цэнтры сталіцы з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. Кожныя выходныя Валдас і Алма Адамкусы наведваюць касьцёл, а пасьля службы ў атачэньні купкі ахоўнікаў ідуць пешшу праз цэнтар гораду. Зразумела, што людзі не прапускаюць нагоды перакінуцца з прэзыдэнтам парай-тройкай словаў пра справы дзяржаўныя і ня толькі. Таксама Адамкусаў можна сустрэць на шпацыры ў раёне прыватных дамоў Турнішкес, што таксама ў полі зроку мясцовых жыхароў.

У мінулыя выходныя Алена зь Менску ўбачыла падобную карціну ва Ўкраіне. На гадавіну вясельля яны з мужам паехалі ў Кіеў і зайшліся там на выставу калекцыянэраў антыкварыяту. Апроч уражаньняў ад рэдкага тавару, засталося яшчэ адно, “запратакаляванае”. На кірмашы неяк неўпрыкмет зьявіўся прэзыдэнт краіны Віктар Юшчанка. Пры гэтым ніхто не зганяў народ у агароджаныя рэзэрвацыі, не расчышчаў калідор перад першай асобай. Ня надта складана выявілася напрасіцца на сумесны здымак зь Юшчанкам. Цікаўлюся ў Алены: можа, гэта ўсё ж выключэньне для беларусаў?

Нечаканая сустрэча на кірмашы зь Віктарам Юшчанкам
“Не, ён жа ня ведаў, што я зь Беларусі. Сказала яму толькі, калі сфоткалася. Рэакцыя была абсалютна нармальная: о, нават беларусы да нас прыехалі на рынак?! Але, наколькі я ведаю, гэта не ўпершыню было — я ня першая і не апошняя, так мяркую. Напэўна, гледзячы як папрасіць. Бо мы спачатку да аховы зьвярнуліся, а пазьней да самога Юшчанкі. Ахоўнікі з прыемнай усьмешкай сказалі — не, нельга. А ён сам адразу пагадзіўся, нават без усялякіх пытаньняў. Мы ведалі, што людзі часам зь ім фатаграфуюцца, і ў нас узьнікла такое жаданьне — а раптам атрымаецца?”

Карэспандэнт: “А ўвогуле ці было гіпатэтычнае жаданьне сфатаграфавацца, скажам, з прэзыдэнтам Беларусі?”

“Не. У мяне ўвогуле жаданьня з прэзыдэнтамі фатаграфавацца ніколі не ўзьнікала. А ў дадзеным выпадку проста такая вось выпадковасьць”.

Увогуле ў сеціве нямала згадак, як Юшчанка з сымбалічнай аховай гуляе з жонкай і дзецьмі па пляжы ў Крыме, і паразмаўляць зь ім не падаецца чымсьці фантастычным.

А вось мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі год таму гэтак жа нечакана сустрэў на чарнаморскім узьбярэжжы ў Батумі прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Як кажа, нават удалося парукацца зь першай асобай:

Міхаіл Саакашвілі
“Сядзеў на пляжы ў Батумі — прыморская кавярня, жонка ела барабульку з мангалу, я — хачапур аджарскі. І раптам нейкі шорах, побач з кавярняй прабег чалавек у сьветлым гарнітуры, памахаў рукамі, павітаўся, да каго мог дацягнуцца. Прыбегла шчасьлівая прадавачка — ці ведаем мы, хто гэта? І адразу — Мішо, Мішо… Уся кавярня, натуральна, была ў захапленьні. Побач зь ім вельмі мэтанакіравана кудысьці ў бок мора шыбавалі 3-4 чыноўнікі. Штосьці глядзелі ці што спраўджвалі, але йшлі па справе. Увогуле ўразіла, па-першае, беспасярэднасьць кантакту; па-другое, вельмі зычлівае, дзіцячае захапленьне грузінаў такой прыгодай. І ў самім горадзе пра візыт ніхто нічога ня ведаў — у тым сэнсе, што вуліцы не перакрывалі, не было шчоўканьня прыдворных фотаапаратаў. Быў звычайны, будзённы, працоўны момант”.

Карэспандэнт: “Не было ніякіх “зачыстак“, нікога з пляжу ня выкінулі?”

“Што мяне таксама, канечне, вельмі моцна ўразіла — што можна вось так проста паручкацца з прэзыдэнтам і спакойна даядаць свае хачапуры”.

Спадар Харэўскі дадае: у той момант падсьвядома экстрапаляваў сытуацыю на Беларусь, але нават з падключэньнем фантазіі ня змог уявіць, каб дзесьці пасярод людзкога натоўпу зьявіўся Аляксандар Лукашэнка. Як паказвае ўжо амаль 15-гадовы досьвед прэзыдэнцтва Лукашэнкі, ягоныя марш-кідкі выклікаюць пераважна не дзіцячае захапленьне (па аналёгіі з уражаньнямі спадара Харэўскага), а галаўны боль для насельнікаў рэгіёну. Прышэсьце Лукашэнкі больш нагадвае стыхійнае няшчасьце з зачысткай тэрыторыі і адборам тых, хто варты сустрэцца з прэзыдэнтам.

У часе візыту Пуціна ў Менск ахоўная зона вакол прэзыдэнтаў складалася сама меней з кварталу
Аналягічная сытуацыя характэрная і для Расеі, дзе ступень аховы першых асобаў беспрэцэдэнтная для Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы. А цяпер, як кажа спэцыяльны карэспандэнт расейскага тэлеканалу ТВЦ Дзяніс Шаравар, выдаткі на ізаляцыю людзей “вышэйшага гатунку” ад простага люду яшчэ большыя — і былога прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, і цяперашняга Дзьмітрыя Мядзьведзева ахоўваюць з аднолькавай стараннасьцю:

“Увогуле дзіўная сытуацыя з падзелам паміж папярэднім і цяперашнім прэзыдэнтамі. Было як: прэзыдэнт — першая асоба з усімі антуражам, а да прэм’ера доступ прасьцейшы. Але як Пуцін стаў прэм’ерам, да яго доступ стаў такі ж складаны, як у бытнасьць яго прэзыдэнтам. Магчыма, па інэрцыі адбываецца, але нават на журналісцкім узроўні да яго дапушчаныя толькі правераныя, з “пулу“. Журналісты, якія добра зарэкамэндавалі сябе ў працы з Пуціным, дапускаюцца і да Мядзьведзева. Але каб раптоўна прадстаць прад ясны вочы, — выключана. Уласна кажучы, як і ў выпадку з Лукашэнкам, ахова цырымоніцца ня будзе. Быў такі выпадак: мы ішлі з апаратурай на Вялікі Каменны мост, які з двух бакоў ужо перакрыты. З Крамля выяжджае “членавоз“. Я на ўсялякі выпадак кажу апэратару: пакладзі на зямлю штатыў (такое масіўнае прыстасаваньне праз плячо), бо гэтыя хлопцы адразу пальнуць, а ўжо потым будуць разьбірацца, што вы там несяцё”.

Сёньня ў Кішынёве пачаўся саміт кіраўнікоў урадаў СНД, дзе з прэм’ер-міністрамі сустрэўся прэзыдэнт Малдовы Ўладзімер Варонін. Як паведамляюць малдаўскія журналісты, цяпер сталіца практычна ў стане аблогі. І ў гэтым сэнсе, адзначаюць яны, сытуацыя з аховай парадку ў Беларусі ці Малдове мала адрозьніваецца. Ці характэрна гэта толькі для дзён такога кшталту? І ці робіць вылазкі ў народ Уладзімер Варонін? Расказвае галоўны рэдактар “Комсомольской правды в Молдове” Сяргей Чурыкаў:

“Увогуле ў суправаджэньні аховы Варонін раз-пораз зьяўляецца. Я асабіста ня бачыў, але, зь ягоных словаў, часам ён ідзе да свайго месца працы пешшу. Сапраўды, Палац прэзыдэнта літаральна за адзін квартал ад яго дому, але я ня бачыў. А што да захадаў бясьпекі, то, прыкладам, падчас сёньняшняга саміту ў людзей, якія жывуць недалёка ад месца, дзе праходзіць пасяджэньне, былі праблемы, каб трапіць дадому. Не пускала паліцыя, гадзіну давялося чакаць. Па ўсім пэрымэтры, як рухаліся картэжы з аэрапорту, паліцэйскія абыходзілі дамы, жыхароў перапісвалі, а кватарантаў высялялі, асабліва арабскай нацыянальнасьці. Увогуле ў горадзе вельмі ціха, бо напярэдадні паліцыя папярэдзіла, каб аўтамабілісты ўстрымаліся ад паездак па горадзе ў гэтыя два дні. А калі машыны будуць прыпаркаваныя па ходзе руху картэжаў, то будуць іх эвакуаваць і адвозіць на штрафпляцоўкі”.



У сьвеце нямала краінаў, дзе прэзыдэнты застаюцца прывабнымі мішэнямі для тэрарыстаў ці рэлігійных фанатыкаў, а іх ізаляцыя абумоўленая найперш клопатам пра бясьпеку кіраўніка дзяржавы. Ня трэба быць вялікім знаўцам геапалітыкі, каб здагадацца, колькі апанэнтаў сьпяць і бачаць, як разабрацца з прэзыдэнтамі ЗША (досьвед забойства Джона Кенэдзі, замах на Роналда Рэйгана — таму пацьвярджэньне). Найбольш характэрная гэтая навала для блізкаўсходняга рэгіёну: у 1995-м застрэлены прэм’ер-міністар Ізраілю Іцхак Рабін, у 2005-м забіты экс-прэм’ер Лібану Рафік Харыры. Этнічныя войны перасьледуюць першых асобаў Індыі і Пакістану — згадаем забойствы Індзіры і Раджыва Гандзі, экс-прэм’ер-міністра Пакістану Бэназір Бхута. Раз-пораз у шокавы стан прыходзяць нават ціхія куткі Эўропы — увесь кантынэнт скаланула забойства швэдзкага прэм’ер-міністра Улафа Пальмэ. Не застрахаваныя лідэры і ад самасуду з боку свайго ж народу — так здарылася з кіраўніком камуністычнай Румыніі Нікалаэ Чаўшэску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG