Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як паўплывае на Беларусь дэвальвацыя расейскага рубля?


Як можа паўплываць абвешчаная дэвальвацыя расейскага рубля на беларускую эканоміку і на беларуска-расейскія дачыненьні, у тым ліку на фінансавую інтэграцыю? Чаму Беларусь застаецца адзінай краінай сярод суседзяў, якая не жадае дэвальваваць сваю валюту? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Барыс Жаліба і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Эфір 12 лістапада


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Рашэньне расейскага кіраўніцтва пра дэвальвацыю расейскага рубля ўздымае шэраг пытаньняў у беларуска-расейскіх эканамічных і нават палітычных дачыненьнях. Як гэта можа паўплываць на беларускія прадпрыемствы, найперш тыя, для якіх галоўны рынак збыту — Расея?”


“Нашы золатавалютныя рэзэрвы зьменшацца”

Жаліба: “Калі твая нацыянальная валюта аслабляецца, то гэта заўсёды выгадна экспартэрам і нявыгадна імпартэрам. Таму горш будзе беларускім экспартэрам, за іхнюю прадукцыю, якая прадаецца ў Расеі, яны будуць атрымліваць таньнейшыя расейскія рублі. Але імпартэрам гэта выгадна, бо набываць расейскі рубель цяпер будзе таньней.

Яшчэ хацелася б адзначыць, што нам выгадней было б разьлічвацца з Расеяй у расейскіх рублях за энэрганосьбіты, якія мы купляем у Расеі. Бо набываць расейскія рублі будзе лягчэй, бо расейская валюта паціху будзе дэвальвавацца”.

Цыганкоў: “А на сёньня ў якой валюце вядуцца разьлікі ў беларуска-расейскім таваразвароце?”

Барыс Жаліба
Жаліба: “Раней больш за палову разьлікаў з Расеяй было ў далярах. Але цяпер зона даляра звузілася, і цяпер нашы разьлікі вядуцца прыблізна пароўну ў далярах, эўра і расейскіх рублях.

Таксама варта зазначыць, што схуднеюць нашыя золатавалютныя рэзэрвы, частка зь якіх захоўваецца ў расейскіх рублях. Яны відавочна будуць пералічаныя ў бок зьмяншэньня”.

Цыганкоў: “Пагаворым цяпер пра палітычны бок дэвальвацыі расейскага рубля. Ці паўплывае гэта на інтэграцыйныя адносіны Беларусі і Расеі? Вядома, што Масква настойвае на пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Ці аб’яўленая дэвальвацыя расейскага рубля зьмяняе неяк прывабнасьць гэтай ідэі?”

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: “Гэта чарговы стрэсавы чыньнік, які прымушае беларускае кіраўніцтва лішні раз задумацца наконт сур’ёзных
Гэта чарговы стрэсавы чыньнік, які прымушае беларускае кіраўніцтва лішні раз задумацца
нэгатыўных наступстваў той моцнай прывязкі да Расеі, якая склалася за гады так званай “братняй інтэграцыі”. Заўважце, як толькі пайшлі першыя хвалі фінансавага крызісу, беларускі прэзыдэнт папрасіў сустрэчы з расейскім калегам Мядзьведзевым. І адразу перад тэлекамэрамі Лукашэнка пачаў выкладаць тое, што, відаць, яго найбольш хвалявала. І высьветлілася, што амаль палова золатавалютных рэзэрваў Беларусі — у расейскіх рублях (праўда, адмыслоўцы кажуць, што гэта было перабольшваньне).

І нават подбіўку Лукашэнка патлумачыў — уцякалі ад амэрыканскіх санкцыяў, перавялі рэзэрвы з даляраў у расейскія рублі, “склалі яйкі ў іншы кошык”, але і гэты кошык выявіўся ненадзейным. Асабліва цяпер, калі пайшлі размовы пра дэвальвацыю расейскага рубля, яшчэ болей ёсьць падставаў, каб задумацца. Бо выратаваньнем для курсу беларускага рубля можа быць крэдыт ад МВФ. А МВФ накідае нейкі свой плян рэформаў — карацей, Беларусь міжволі ўцягваецца ў працэсы эканамічнай трансфармацыі. У гэтым сэнсе няма ліха без дабра”.


“Стабільнасьць рубля — гэта ідэалягічны фэтыш”

Цыганкоў: “Усе краіны вакол Беларусі дэвальвуюць свае валюты, цяпер ужо і Расея заявіла пра такія намеры. Адна Беларусь застаецца трывалай у сваім імкненьні трымаць курс. Ці можа прыклад Расеі падштурхнуць беларускае кіраўніцтва да зьніжэньня курсу беларускага рубля?”

Жаліба: “Сапраўды, у Расеі кажуць пра дэвальвацыю, ва Ўкраіне даўно грыўну сваю завалілі на 20 працэнтаў.

Але я думаю, што сёньня Нацбанк не павінен моцна дэвальваваць наш рубель. Хаця працэс лёгкай дэвальвацыі ўжо ідзе — нядаўна было 2120, зараз ужо 2130".

Цыганкоў: “А ў абменьніках 2160…”

Жаліба: “Гэта іншае. Абменьнікі ўлічваюць попыт і прапанову ад насельніцтва. Яны задралі цэны адмыслова,
Пакуль ёсьць магчымасьці, Нацбанк будзе трымаць курс рубля
гэта даходы для нашых камэрцыйных банкаў. Самае страшнае будзе, калі Нацбанк дапусьціць рэзкую дэвальвацыю і ўкладчыкі кінуцца ў банкі забіраць валютныя дэпазыты альбо канвэртаваць рублі ў валюты — вось гэтага нельга дапускаць. Мяркую, там гэта разумеюць. І пакуль ён мае эканамічныя магчымасьці не дапускаць моцнай дэвальвацыі — Нацбанк будзе трымаць курс рубля”.

Цыганкоў: “Калі паглядзець на рашэньне трымаць беларускі рубель з палітычнага і псыхалягічнага пункту гледжаньня — як гэта можна патлумачыць?”

Класкоўскі: “Рэч у тым, што беларускае кіраўніцтва найперш трымаецца за свой ідэалягічны фэтыш “стабільнасьці”. Курс рубля — адно з адлюстраваньняў ідэалягічнага пастуляту пра стабільнасьць.

Па-другое, пры ўсёй нелюбові да ЗША сярэдні заробак вымяраецца якраз у заакіянскай “імпэрыялістычнай” валюце. І тут ужо паабяцаныя залатыя горы — здаецца, да канца пяцігодкі тысяча даляраў у месяц. І калі курс даляра папаўзе — адразу ляснуцца ўсе прыгожыя паказчыкі, дынамікі росту сярэдняга заробку. На вачох разваліцца той славуты сацыяльны кантракт (чарка, скварка ды іншамарка) паміж уладай і насельніцтвам.

Зь іншага боку, беларускія ўлады — прагматычныя, яны не самагубцы. Калі дойдзе да нейкага драматычнага выбару, то хай пакрысе, хай непасьлядоўна, але пойдзе той самы працэс эканамічнай трансфармацыі, і Беларусь нідзе не падзенецца ад глябальных працэсаў”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG