Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расчышчаюць пляцоўку для новых кадраў”


У Беларусі працягваюць абмяркоўваць скандальныя адстаўкі шэрагу сілавікоў, ініцыяваныя Аляксандрам Лукашэнкам падчас учорашняй антыкарупцыйнай нарады.


Чацьвер, 13 лістапада, стаў “чорным днём” для больш як 10 адказных супрацоўнікаў МУС уключна з двума намесьнікамі міністра. Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў іх у карумпаванасьці і загадаў звольніць “пад мятлу”. Пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра і намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава кіраўнік дзяржавы загадаў ня толькі звольніць, але і завесьці супраць іх крымінальныя справы. Што думаюць пра гэта вядомыя ў Беларусі асобы?

Мечыслаў Грыб
Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што карупцыя сярод чыноўнікаў дасягнула “пагрозьлівых памераў” і вітае захады па барацьбе з гэтай зьявай. Мечыслаў Грыб не выключае, што “ўдар па карупцыі” быў ініцыяваны сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам, які “ўмацаваўся на пасадзе памочніка прэзыдэнта і пачаў расчышчаць уладную пляцоўку для новых кадраў”:

“Мабыць, і сын, я гэтага не выключаю. Калі ён гэта робіць, то малайчына, бо нікому нельга дазваляць, каб ён краў. Нікому, якую б пасаду ён ні займаў”.

Мечыслаў Грыб заўважыў, што чыноўнікі, абвінавачаныя ў карупцыі, ня раз рабілі паслугі дзейнай уладзе, парушаючы пры гэтым закон:

“У 1998 годзе спадар Купрыянаў, калі ён узначальваў пракуратуру Менску, даў дазвол на разгляд судовых спраў дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, якія ўдзельнічалі ў мітынгу ў абарону Канстытуцыі. Хаця нашыя дэпутацкія паўнамоцтвы захоўваліся, але ўсіх нас асудзілі. Таму, мяркую, усе гэтыя людзі абыходзіліся з законам па-панібрацку”.

Лявон Баршчэўскі
Старшыня Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі лічыць адстаўкі сілавікоў барацьбой кланаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі і не спадзяецца, што гэта прывядзе да меншай карупцыі:

“Карупцыя квітнее там, дзе закрытае грамадзтва. Дзе вольныя мэдыі загнаныя ў падпольле, няма свабодна абранага парлямэнту. Можна колькі заўгодна размахваць рукамі й пускаць перуны, але сама сыстэма створаная такая, што карупцыянэрам вальготна”.

Сяргей Гайдукевіч
Кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што ўчорашняя антыкарупцыйная нарада насамрэч дала старт будучым прэзыдэнцкім выбарам, якія, паводле былога дэпутата, пройдуць у канцы 2010 году:

“Прэзыдэнцкая кампанія 2010 году будзе вельмі цяжкай, такой ніколі не было ў Беларусі. І са зьнешніх, і з унутраных прычын. Лічыце, ужо гэтай кампаніі дадзены старт”.

Што да карупцыі, Сяргей Гайдукевіч згодны, што яна ў Беларусі ёсьць, “як і ў іншых краінах”.

Рыгор Васілевіч
Сёньня генпракурор Рыгор Васілевіч завёў крымінальную справу адносна свайго намесьніка Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра.

Справа заведзеная па артыкуле аб злоўжываньні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі ў карысьлівых мэтах ці з асабістай зацікаўленасьці. Паводле гэтага артыкула прадугледжваецца пакараньне ад 2 да 4 гадоў зьняволеньня.

А ў міністэрстве ўнутраных спраў паведамілі, што першы намесьнік міністра Аляксандар Шчурко, як і іншыя адказныя супрацоўнікі міністэрства, названыя ўчора Аляксандрам Лукашэнкам на антыкарупцыйнай нарадзе, працягваюць працаваць на сваіх працоўных месцах. Ці камэнтуюць яны абвінавачаньні на свой адрас? У прыёмнай Аляксандра Шчурко сказалі, што ён нічога не камэнтуе, і адправілі да прэсавага сакратара МУС Сьвятланы Бароўскай. Тая сказала:

“Магу сказаць, што бачыла пра гэта тое ж, што і вы. Пакуль гэта ўсё, што магу сказаць”.
XS
SM
MD
LG