Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе разьлічвацца за газ і нафту расейскім рублём


Расея і Беларусь дамовіліся аб пераходзе на расейскі рубель пры гандлі нафтай і газам, паведаміў у чацьвер намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў.


"Гэта будзе нашым укладам у наданьне рублю статусу рэгіянальнай рэзэрвовай валюты", - сказаў ён на цырымоніі падпісаньня Дамовы па прадастаўленьні Менску крэдыту на 2 мільярда даляраў, паведамляе РІА “Новости”.

Кабякоў удакладніў, што дамова будзе адным з ключавых пунктаў пляну сумесных дзеяньняў Расеі і Беларусі.

У сваю чаргу, віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў РФ Аляксей Кудрын адзначыў, што некаторыя кампаніі ўжо выкарыстоўваюць рублі ў сваіх разьліках з Расеяй. "Мы зьбіраемся пашырыць сфэру ўжываньня рубля, каб гэта абмаўлялася ў міждзяржаўных дамовах і дамовах галоўных гаспадарчых суб'ектаў", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Па яго словах, гэта добраахвотныя дамовы. "Наша задача, каб гэта было яшчэ і выгодна", - дадаў ён.

"Для ўзаемных разьлікаў у рублях патрэбныя рублі як грашовая маса. Гэта будзе прадметам асобных перамоў", - дадаў Кабякоў.


XS
SM
MD
LG