Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Буржуй

  • Міхаіл Раманоускі

Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі

Удзельнічае гісторык Захар Шыбека. Эфір 13 лістапада 2008 году


“Буржуй — фізычная асоба, якая валодае сродкамі вытворчасьці, ідэямі і навыкамі для арганізацыі рынкавай гаспадаркі і жыве коштам інвэстыцыі капіталаў.

У савецкую пару слова “буржуй” было сынонімам словаў спэкулянт, фашыст, дармаед, прыгнятальнік, кулак. Адпаведна і ставіліся да гэтых людзей ўлады і гэтак званыя працоўныя. Міт пра буржуя як ворага працоўнага народу захоўваецца і ў постсавецкую пару на ўсёй постсавецкай прасторы”.



Вячаслаў Ракіцкі: “Калі ўвогуле ў шырокім ўжытку зьяўляецца вызначэньне слова “буржуй”? Ці яно заўсёды мела нэгатыўны, абразьлівы сэнс?”

Захар Шыбека
Захар Шыбека: “Нават у Францыі, радзіме гэтага слова, адносіны да буржуяў мелі нэгатыўнае адценьне. Адбывалася гэта стараньнямі зямельнай арыстакратыі, якая бачыла ў буржуях сваіх сур’ёзных канкурэнтаў. Успомнім п’есу Мальера “Мешчанін у шляхецтве”. Далей, у ХІХ стагодзьдзі, у эпоху індустрыялізацыі, калі запатрабаваліся прадпрымальныя людзі, стаўленьне да іх стала мяняцца ў лепшы бок. А гэта слова ўвайшло ў шырокі ўжытак індустрыяльнага грамадзтва”.

Ракіцкі: “А ў Беларусі?”

Шыбека: “Што тычыцца Беларусі, дык буржуямі за часы расейскага панаваньня калі-нікалі называлі габрэяў. Нэгатыўныя адносіны да багацеяў набывалі нацыянальна-канфэсыйнае адценьне, бо беларускія буржуі ў царскі пэрыяд яшчэ не пасьпелі канчаткова сфармавацца. Яны былі прадпрымальнікамі дробнай рукі.
А шырока слова “буржуй” увайшло ва ўжытак у рэзка нэгатыўным сэнсе — як ворагаў народу — ужо з усталяваньнем савецкай улады.
А шырока слова “буржуй” увайшло ва ўжытак у рэзка нэгатыўным сэнсе — як ворагаў народу — ужо з усталяваньнем савецкай улады”.

Ракіцкі: “Калі, дзе, чаму і як зьявіліся буржуі?”

Шыбека: “Паводле Карла Маркса, буржуі зьявіліся на сьвет у выніку загніваньня фэадалізму. З гнілі. А на самай справе прадпрымальнага чалавека парадзілі вялікія геаграфічныя адкрыцьці і гуманістычная эпоха высокага Рэнэсансу. А гэта — ХYІ стагодзьдзе. Як мяркуюць заходнеэўрапейскія гісторыкі, ужо тады пачынаўся гандлёвы капіталізм”.

Ракіцкі: “Былі, напэўна ж, буржуі і на Беларусі. Хто яны, першыя беларускія буржуі?”

Шыбека: “Першымі беларускімі буржуямі былі купцы і мяшчане Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія купцы ўцягваліся ў агульнаэўрапейскія гандлёвыя справы: беларускім хлебам сілкаваліся гарады Захаду, беларускі мачтавы лес ствараў магутнасьць марскога флёту Галяндыі і Ангельшчыны. Дух прадпрымальніцтва ўзмацняўся разам з пашырэньнем на беларускія землі Рэфармацыі. ХYІ стагодзьдзе — гэта залаты век Беларусі ня толькі ў культуры, але і ў эканоміцы. Купцы Скарыны, Мамонічы трывала ўвайшлі ў нашу гісторыю. А далей працэс фармаваньня буржуяў затрымліваўся палітыкай Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі, не зацікаўленых у памнажэньні мясцовай буржуазіі”.

Ракіцкі: “Але рэвалюцыя 1905 году і аграрная рэформа Сталыпіна, відаць, хоць бы некалькі, але зьмяніла сытуацыю?”

Шыбека: “Сапраўды, крыху зьмяніла. Сяляне сталі ўласьнікамі зямлі, атрымалі права выхаду з абшчыны і дзяржаўную падтрымку ў набыцьці новых зямель (крэдыты, доступ да ведаў агранаміі). Новая зямля адкрывала для вяскоўцаў новае жыцьцё. Зьявіліся сапраўдныя беларускія фэрмэры. Па вытворчасьці бульбы, ільну, сьвініны сяляне сталі пераўзыходзіць памешчыкаў. Так, селянін Мароз зь Віцебшчыны гандляваў ільном, садавіной і меў нават аранжэрэю для вырошчваньня рэдкіх паўднёвых культураў. Але зьмены да лепшага перапыніліся Першай усясьветнай вайной і бальшавіцкім пераваротам 1917 году”.

Ракіцкі: “Вядомыя выпадкі, калі беларускіх сучасных фэрмэраў проста падпальвалі. А як адносіліся сяляне да першых фэрмэраў даўней?”

Шыбека: “Беларускія заможныя сяляне, ці фэрмэры, былі людзьмі надзвычай працавітымі. Яны карысталіся вялікай павагай сярод вяскоўцаў. Зь іх бралі прыклад. Да іх ішлі па дапамогу. У былой Заходняй Беларусі памяць пра добрыя справы вясковых буржуяў захавалася да нашых дзён. Толькі ў асобных выпадках сядзібы фэрмэраў у 1905 годзе падпальваліся і то, як правіла, маладымі сялянамі-адходнікамі, якія папрацавалі ў горадзе і знаходзіліся пад уплывам марксісцкай прапаганды. Тады прыватная ўласнасьць шанавалася болей, чым цяпер. Сяляне бачылі і разумелі, якой цаной яна даставалася іх аднавяскоўцам”.

Ракіцкі: “А як выглядалі справы ў гарадох? Можа, там разбагацець было прасьцей?”

Шыбека: “Горад для сялянаў быў, на жаль, закрыты, бо там прадпрымальніцкія структуры былі заняты габрэямі, немцамі, а пазьней і спаланізаванымі памешчыкамі. Найбольшую частку гарадзкіх беларускіх буржуяў складалі дома- і землеўладальнікі, якія атрымлівалі прыбытак з арэнднай платы за кватэры і за зямельныя пляцы пад забудову. Асобныя беларусы выбіваліся ў клясныя чыноўнікі і жылі ня горш за буржуяў. Працэс узбагачэньня ў гарадох ішоў хутчэй, чым у вёсцы, але і там асноўная маса беларускіх буржуяў належала да дробных гаспадароў”.

Ракіцкі: “І ўсё ж, якія вынікі мела такая сытуацыя, калі прадстаўнікі беларускага народу не валодалі буйнымі капіталамі?”

Шыбека: “Вельмі нэгатыўныя. Не хапала мэцэнатаў для разьвіцьця беларускай прафэсійнай культуры, што стрымлівала беларускі рух.
Абвешчаная 25 сакавіка 1918 году БНР не атрымала адпаведнай матэрыяльнай падтрымкі. Гістарычны шлях Беларусі пайшоў у расейска-бальшавіцкім кірунку.
Абвешчаная 25 сакавіка 1918 году БНР не атрымала адпаведнай матэрыяльнай падтрымкі. Гістарычны шлях Беларусі пайшоў у расейска-бальшавіцкім кірунку”.

Ракіцкі: “Савецкая ўлада часткова вынішчыла буржуазію, часткова выштурхнула за мяжу. Хто заняў яе месца?”

Шыбека: “Яе месца ў арганізацыі вытворчасьці заняў штат дзяржаўна-партыйнага апарату. Буржуй стаў сымбалем ворага народу. Пэрманэнтная рэвалюцыя, якую разгарнулі бальшавікі, была немагчыма без існаваньня ворага — буржуя. На адрас буржуяў ужываліся самыя зьняважлівыя словы. Расейскі паэт Аляксандр Блок у сваёй паэме “Дванаццаць” пісаў: “Ну, Ванька, сукін сын, буржуй…” Заможных сялянаў называлі ня іначай, як кулакамі, гэта значыць, міраедамі, ліхвярамі, захрыбетнікамі, хоць беларускіх сялянскіх буржуяў і ня існавала падставаў так назваць. Ім, у адрозьненьне ад ўласна расейскіх, не былі ўласьцівыя несумленнае і спэкулятыўнае ўзбагачэньне. У асобных выпадках яно магло выяўляцца, але пераважна ў спэкуляцыі зямлёй. А што тычыцца ліхвярства, дык яго манапалізавалі іншаэтнічныя буржуі”.

Ракіцкі: “А ці можна назваць буржуямі гэтак званых “нэпманаў”? Ці існавалі савецкія буржуі? Можа, іх бальшавікі ня ўсіх вынішчылі? Можа, яны нейкім чынам адраджаліся нават ва ўмовах бальшавіцкага рэжыму?”

Шыбека: “Гэтыя пытаньні цесна зьвязаныя з праблемай уласнасьці на сродкі вытворчасьці. Уведзеная Леніным дзяржаўна-партыйная ўласнасьць ператварала савецкіх апаратчыкаў у своеасаблівых буржуяў, на якіх працавала ўсё насельніцтва Савецкага Саюзу. Існавала сытуацыя, якая прыкладна адпавядала ваенна-манапалістычнай, ці дзяржаўнай, стадыі капіталізму. Калі прынята гаварыць пра дзяржаўны капіталізм, дык можна казаць і пра дзяржаўных буржуяў, якім жылося непараўнальна лепей, чым звычайным савецкім людзям. Таму прадстаўнікі беларускага народу і імкнуліся трапіць у адміністрацыйна-партыйныя струкутуры, нават цаной адрачэньня ад роднай мовы і культуры”.

Ракіцкі: “А ці знаходзіліся прадпрымальныя людзі, якія не ўваходзілі ў склад апаратчыкаў?”

Шыбека: “Знаходзіліся, але ім было цяжэй. Яны ня мелі ні права на ўласнасьць, ні доступу да карыстаньня ёй. Ліквідацыя прыватнай уласнасьці было, на маю думку, самым вялікім злачынствам бальшавікоў. Пазбаўленых эканамічнай самастойнасьці і пастаўленых у поўную залежнасьць ад партыйнага апарату жыхароў бальшавіцкай імпэрыі, можна было, як жывёльнае стада, гнаць у сацыялізм, камунізм, на сталінскія новабудоўлі і ў ГУЛАГі. Праўда, некаторыя маглі мець тое-сёе неафіцыйна.
Без падтрымкі дзелавых людзей бальшавікі проста не спраўляліся з эканамічнымі праблемамі
І ў гісторыі СССР узьнікалі такія сытуацыі, калі буржуі нібы ажывалі. Без падтрымкі дзелавых людзей бальшавікі проста не спраўляліся з эканамічнымі праблемамі”.

Шыбека: “Гэта цікава. І ў які час такія сытуацыі складваліся?”

Ракіцкі: “Па-першае, гэта — часы НЭПу, калі ў разбуранай вайной краіне дазваляўся прыватны бізнэс на аснове дзяржаўнай уласнасьці, але пад наглядам дзяржавы. Тады сытуацыя ў нечым нагадвала сучасную. Праіснавала яна нядоўга (1921—1927 гады). Чаму? Эканоміка стала пасьпяхова разьвівацца на аснове прыватных ініцыятываў і зь непазьбежнасьцю патрабавала палітычнай дэмакратызацыі. Апарат станавіўся непатрэбным. Зрываўся плян пабудовы сацыялізму. Нэпманаў чакалі рэпрэсіі. Хоць сяляне-аднаасобнікі, якія не ўступалі ў калгасы, трымаліся ў БССР да пачатку 1950-х гадоў. У 1937 годзе на іхную долю прыходзілася 13% сялянскіх гаспадарак. У другі раз ажыўленьне “буржуяў” назіралася ў пасьляваенныя гады, калі дзяржава ўсе сродкі выдаткоўвала на выраб атамнай бомбы, а народ пачаў сам сябе ратаваць ад галечы. Самі пяклі хлеб, самі шылі боты. У раённым кіраўніцтве знаходзіліся і такія, што заводзілі ўласныя статкі кароў і прадавалі на кірмашы малако. Масква вымушана была прыняць пастанову супраць “абуржуйваньня” партыйнага апарату. Партыйным дзеячам падвышалі аклады і ўводзілі дадатковыя ільготы. Калі б пасьля вайны людзям далі волю, яны б імгненна ператварылі краіну ў квітнеючы край. Аднак такога ня здарылася, і прадпрымальныя людзі пайшлі ў цень, знаходзілі нішу для прадпрымальніцтва нават ва ўмовах таталітарызму, станавіліся нелегальнымі савецкімі буржуямі на чорным рынку. Усіх, хто імкнуўся пражыць самастойна, без дзяржаўнага дыктату, абвяшчалі лайдакамі і прыцягвалі да судовай адказнасьці. Сапраўды, прадпрымальным людзям даводзілася парушаць савецкія законы, ўзбагачацца з пункту гледжаньня савецкага чалавека несумленна. І гэта выклікала рэзка адмоўныя адносіны да іх з боку грамадзтва. Нелегальных савецкіх буржуяў часьцей за ўсё называлі спэкулянтамі”.

Ракіцкі: “Выходзіць, што буржуі аказаліся невынішчальнымі, гэтаксама, як і імкненьне чалавека да свабоды?”

Шыбека: “Так. З распадам Савецкага Саюзу існавала шмат людзей, якія мелі пэўны вопыт дробнага бізнэсу. Гэта былі дзеячы ценевай эканомікі (у большасьці не беларусы) і дзеці апаратчыкаў. Паводле свайго статусу, яны адпавядалі ліхвярскай буржуазіі на стадыі зараджэньня капіталістычнага грамадзтва, калі назапашваўся капітал, неабходны для стварэньня цывілізаваных рынкавых адносінаў. Менавіта гэтыя людзі сталі ў незалежнай Беларусі крыніцай фармаваньня “новых беларусаў”, сучасных беларускіх буржуяў”.

Ракіцкі: “Наколькі пасьпяхова ў Беларусі ідзе, на вашу думку, фармаваньне новых буржуяў?”

Шыбека: “У зьвязку з фармаваньнем новых буржуяў узьнікае тры найважнейшыя праблемы. Першая. Гэта — недахоп адукаваных, інтэлігентных людзей сярод сучасных буржуяў, бо інтэлігенцыя аказалася адхіленай ад працэса ўзбагачэньня. Сучасны буржуй — пераважна чалавек жорсткі, несумленны, грубы, часта дапускае элемэнтарнае хамства, а таму па-ранейшаму выклікае нэгатыўныя адносіны з боку большасьці постсавецкага грамадзтва. У новых буржуяў, звычайна, складваюцца напружаныя адносіны з суседзямі на лесьвічнай клетцы. Інтэлектуальны капітал мясцовай інтэлігенцыі застаўся незапатрабаваным. У краінах Захаду інтэлектуалізацыя буржуазіі прайшла ў 1860-1870-х гадох. У нас яна, магчыма, толькі пачынаецца. Другая праблема палягае ў пошуку аптымальнай мадэлі допуску на беларускі рынак буржуяў замежнага паходжаньня зь іх капіталамі (інвэстыцыямі) з такім разьлікам, каб не прыдушыць працэс фармаваньня ўласнай нацыянальнай буржуазіі. І, нарэшце,
Застаюцца пакуль не гарманізаванымі працэсы лібэралізацыі эканомікі і дэмакратызацыі грамадзтва.
застаюцца пакуль не гарманізаванымі працэсы лібэралізацыі эканомікі і дэмакратызацыі грамадзтва. Гістарычны вопыт паказвае, што толькі ў дэмакаратычным грамадзтве эканоміка разьвіваецца найбольш пасьпяхова. Пасьляваенны эканамічны ўздым Нямеччыны і Японіі быў зьвязаны з адмовай ад нацызму і японскага шавінізму. Фармаваньне сучаснай клясы буржуяў, аб’ектыўна зацікаўленай ў стабільным прававым грамадзтве, дазваляе спадзявацца на дэмакратычнае разьвіцьцё беларускай дзяржавы”.

Ракіцкі: “Дык чаму міт пра буржуяў, як ворагаў народу, аказаўся такім жывучым? Калі і пры якіх умовах магчымае яго разбурэньне?”

Шыбека: “Жывучасьць выклікана ня толькі кароткім часам пасьля разбурэньня савецкай імпэрыі, але й псыхалёгіяй простага чалавека, які заўсёды з зайздрасьцю глядзеў на багацеяў. Ім ніхто не тлумачыў, што так званыя буржуі ні чым ня горшыя за савецкіх дырэктараў, што яны яшчэ больш старанна ставяцца да арганізацыі вытворчасьці і гандлю, бо зьяўляюцца гаспадарамі свайго дабра. Іхнымі стараньнямі больш пасьпяхова напаўняецца дзяржаўны бюджэт, якім карыстаецца ўсё грамадзтва. Нэгатыўныя адносіны да новых беларусаў дэкансалідуе нацыю, шкодзіць эканамічнай мадэрнізацыі сучаснай Беларусі. Але грамадзтва паступова пераадольвае ідэалягічныя стэрэатыпы. Носьбіты навукова-тэхнічных ідэяў (інтэлектуальныя пралетарыі, якія жывуць з зарплаты) імкнуцца да ўлады, адстойваюць права на асабістую ўласнасьць і камэрцыйную дзейнасьць і адстаяць яе. А слова “буржуй”, найбольш верагодна, зьнікне з ужытку і застанецца толькі ў гістарычнай літаратуры”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG