Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да Бога ў турме зьвяртаюцца не паводле графіку”


У першыя гады незалежнасьці ў беларускіх калёніях зусім не было месцаў, дзе асуджаныя маглі зьвяртацца да Бога. А што зьмянілася ў гэтым сэнсе сёньня? Ці існуе свабода веравызнаньня ў беларускіх турмах?


Праз 17 гадоў умовы для вернікаў створаныя амаль ва ўсіх “зонах” і турмах, кажуць у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў. Там лічаць: выкарыстоўваць рэлігію пры выхаваньні тых, хто “заблудзіў” — карысная справа. Вось меркаваньне маёра Алега Сьлепчанкі, супрацоўніка прэсавай службы МУС:

“Зразумела, што рэлігійныя абрады ў калёніях не забароненыя, а наадварот, намі вітаюцца. Калі чалавек у духоўным ладзе з сабой, то, напэўна, гэта сьведчыць пра тое, што чалавек стаў на шлях выпраўленьня”.

Цімафей Дранчук
Цімафей Дранчук паўгода “выпраўляўся” ў “амэрыканцы” — сьледчай турме КДБ , у менскім сьледчым ізалятары і ў калёніі на Кальварыйскай, гэтак званай “адзінцы”. У першых дзьвюх установах, паводле Дранчука, умоваў для рэлігійных службаў няма ніякіх, а вось у калёніі ёсьць магчымасьць маліцца і праваслаўным, і каталікам, і пратэстантам:

“Памятаю, як віселі аб’явы, што, прыкладам, каталіцкая служба будзе ў такі час, запрашаем. Потым аб’ява праваслаўнай суполкі. У менскай калёніі службы адбываюцца ў адмысловым пакоі ў атрадзе. А ў некаторых калёніях, наколькі ведаю, ёсьць і адмысловыя будынкі, такія невялікія каплічкі”.

Паводле Цімафея Дранчука, рэлігія ў турме выконвае ролю ня толькі лекара-псыхоляга, але і своеасаблівага міратворцы для прадстаўнікоў розных нацый: людзі за кратамі хутка разумеюць, што рэлігіяў шмат, але Бог — адзін.

Таксама кажуць, што толькі ў турме Боскае слова становіцца даражэйшым за хлеб, гарбату ці цыгарэты — звычайныя адзінкі абмену ў вязьніцы.
Зьміцер Дашкевіч
Але гэтым карыстаюцца й ахоўнікі. Моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч, які сядзеў у Шклоўскай
Нельга было браць Біблію ў карцэр. Такое пакараньне прыдумалі, найбольш цяжкае.
калёніі, згадвае:

“Нельга было браць Біблію ў карцэр. Калі чалавек патрапляў туды за пэўнае парушэньне ці ў выніку дрэнных адносін з адміністрацыяй, браць з сабой Біблію забаранялася. Мяркую, гэта такое пакараньне прыдумалі найбольш цяжкае”.

І ўсё ж: якія канфэсіі найбольш папулярныя ў “зонах”?

Валер Леванеўскі
На першым месцы — праваслаўная, за ёю, паводле сьведчаньняў, ідуць розныя дэнамінацыі пратэстантызму, бо пратэстанты вельмі актыўныя і дружныя. І ўжо за імі — каталіцтва. Аднак Валер Леванеўскі тлумачыць гэта штучнымі перашкодамі: ён прайшоў чатыры вязьніцы, і толькі ў Гарадзенскай турме да яго пусьцілі ксяндза.

Якія абрады можна правесьці ў турэмных умовах? Якія заўгодна, нават пахрысьцяць ці прымуць споведзь, кажа Цімафей Дранчук. Паводле яго, вязьні не баяцца давяраць свае сакрэты сьвятарам, бо вераць у іхную шчырасьць.

Васіль Лявонаў
Былы міністар Васіль Лявонаў, які ў канцы 1990-х адбываў тэрмін у Воршы, на гэта кажа: “Мала хлопец пасядзеў”.

“Адзін з тых сьвятароў, якія прымалі споведзь, у тым ліку ў некаторых вядомых людзей, быў штатным супрацоўнікам.
Адзін зь сьвятароў, што прымаў споведзь, быў штатным супрацоўнікам.
На жаль, шмат хто зь іх “стукае”. Вось чаму я гэтак кажу пра мае адносіны з царквой”.

Сам Васіль Лявонаў у турме прызвычаіўся штодня чытаць Біблію і на волі гэтай звычкі ня кінуў.

Павал Севярынец
Палітычны актывіст Павал Севярынец у зьняволеньні паверыў у Бога. Лічыць, што вера ўратавала яго ад расправы, якой пагражаў яму сьледчы ў менскім ізалятары. Потым, калі Севярынец апынуўся на “хіміі”, ён змагаўся за сваё права быць з Госпадам.

“Вёска такая глухая, што на адлегласьці 30 кілямэтраў не было нічога: царквы, касьцёлу ці малельнага дому — нічога. І даводзілася “выбіваць” дазвол зьезьдзіць раз на месяц памаліцца ў Полацак, вядома, адзначаючыся ў міліцыі”.

Севярынец прызнае: ня быў бы ён апазыцыянэрам, каб не скарыстаў гэтыя паездкі і для іншага. Ягоны мабільнік у Полацку ажываў, і актывіст выходзіў на сувязь з аднадумцамі, вырашаў палітычныя пытаньні.

За свае рэлігійныя правы, як мог, змагаўся за кратамі і прадпрымальнік Валер Леванеўскі. Ён згадвае пра Магілёўскую вязьніцу:

“У 19-й калёніі давялося абвясьціць галадоўку, бо мяне не пускалі ў малельны пакой — маўляў, буду кантактаваць зь іншымі вязьнямі і дрэнна на іх уплываць. Толькі пасьля працяглай галадоўкі забарону зьнялі”.

Спадар Леванеўскі вельмі крытычна ацэньвае свабоду веравызнаньня ў беларускіх турмах. Паводле яго, адміністрацыя штучна стрымлівае гэты працэс:

“Ну як гэта, што толькі раз на тыдзень прыяжджае бацюшка? А калі ў чалавека нешта
Міласьці і прабачэньня за свае злачынствы просяць рэдка…
здарылася — яму ж трэба тэрмінова аблягчыць душу! Да Бога ж ходзяць не паводле графіку, а з патрэбы сэрца”.

Філёзаф Аляксандар Грыцанаў быў за кратамі 4 месяцы. Мала для сярэдняга беларускага “зэка” са звычайным тэрмінам 2—3 гады, але дастаткова, каб пабыць у яго скуры і ўсё адчуць на сабе. Прашу Аляксандра пералічыць галоўныя просьбы, зь якімі вязьні зьвяртаюцца да Бога ў малітвах:

“Каб хутчэй скончыўся тэрмін. Каб нехта памілаваў ці дапамог перагледзець справу.

Міласьці і прабачэньня за свае злачынствы просяць рэдка… Часьцей просяць, каб не забылі сваякі”.

Паводле філёзафа Грыцанава, міласьці ад ахоўнікаў — ніхто ў Бога ня просіць.
XS
SM
MD
LG