Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка ў межах барацьбы з карупцыяй загадаў звольніць намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра.


13 лістапада Аляксандар Лукашэнка правеў нараду, прысьвечаную барацьбе з карупцыяй. Падчас нарады найбольшая крытыка ад кіраўніка дзяржавы гучала на адрас супрацоўнікаў сілавых ведамстваў: пракуратуры, міністэрства ўнутраных спраў, міністэрства абароны. Аляксандар Лукашэнка прывёў у прыклад пракурора, які набыў у бізнэсоўца кватэру з рынкавым коштам паўмільёна даляраў усяго за 75 тысяч даляраў. “Чаго можна чакаць ад дзяржаўных органаў, якія ўпаўнаважаныя выконваць кантрольныя і наглядныя функцыі, калі іх супрацоўнікі прымаюць ад правяраных “адкупныя”? — абураўся Лукашэнка.

У канцы нарады Аляксандар Лукашэнка загадаў зьняць з пасадаў намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, а таксама завесьці на іх крымінальныя справы. Адстаўкі, паводле Аляксандра Лукашэнкі, чакаюць і высокапастаўленых міліцыянтаў: намесьнікаў міністра Шчурко, Філістовіча ды іншых. Яны, паводле кіраўніка дзяржавы, насуперак закону завалодалі зямельнымі ўчасткамі на тэрыторыі дзіцячага садка каля Заслаўскага вадасховішча.

Ці адкрыцьцё для грамадзкасьці тое, што карупцыя раз’ядае вышэйшую ўладу, уключна зь сілавікамі?

Паводле рэдактара інтэрнэт-выданьня “Ежедневник” Сяргея Сацука, яшчэ некалькі месяцаў таму ў рэдакцыю прынесьлі дакумэнты пра тое, як набыў кватэру ў цэнтры Менску пракурор вобласьці Міхаіл Сьнягір:

“Мы паглядзелі гэтыя дакумэнты, яны, дарэчы, дагэтуль у рэдакцыі ёсьць, нам стала жахліва, але друкаваць іх мы не адважыліся. Усё ж калі ваўкі грызуцца, то авечкам паміж іх лепш не залазіць. Кватэра ж была даражэзная, і набыў ён яе за бесцань”.

Усё ж калі ваўкі грызуцца, то авечкам паміж іх лепш не залазіць

Свой палітычны ўзьлёт Аляксандар Лукашэнка пачынаў з таго, што ў 1993 годзе ўзначаліў дэпутацкую камісію па барацьбе з карупцыяй. За чатырнаццаць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнка правеў шмат антыкарупцыйных нарадаў, публічна казаў, што барацьба з карупцыяй “у яго ў крыві”. Чаму ж карупцыя гэтак расквітнела, што пранікла і ў шэрагі найвышэйшых сілавікоў?

Былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што гэта адбылося невыпадкова:

“Толькі крымінальным перасьледам карупцыю не перамагчы. Калі няма незалежных судоў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, калі няма публічнай крытыкі чыноўнікаў на ўсіх узроўнях, яны непазьбежна ўцягваюцца ў карупцыю”.

Калі няма публічнай крытыкі чыноўнікаў на ўсіх узроўнях, яны непазьбежна ўцягваюцца ў карупцыю.

Гары Паганяйла мяркуе, што марнымі будуць і цяперашнія спробы Аляксандра Лукашэнкі “высечы язву карупцыі”: “Гэта як з тым драконам: сьсякуць адну галаву, вырасьце тры новыя”. Гары Паганяйла лічыць, што цяперашняе вяртаньне да праблемы карупцыі тлумачыцца набліжэньнем эканамічнага крызісу:

“Карупцыя зьядае вельмі шмат сродкаў зь бюджэтаў, таму да яе вярнуліся. Але, паўтаруся, такімі захадамі посьпеху не дамагчыся”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG