Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы з Паўночным газаправодам — Менску радасьць


Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў эўрапейцаў вызначыцца, ці патрэбны ім Паўночны газаправод, які мяркуецца будаваць па дне Балтыйскага мора. Пуцін заявіў, што Расея можа адмовіцца ад будоўлі North Stream, калі Эўропе не патрэбныя прапанаваныя Газпрамам аб’ёмы паліва.

Наколькі сур’ёзная пагроза правалу, якая паўстала перад гэтым праектам? Якая выгада Беларусі ад праблемаў вакол Паўночнага газаправоду? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальніца газэты “Беларусы і рынок” Тацяна Манёнак.
Цыганкоў: “Гэтая заява Ўладзімера Пуціна — ці дэманструе яна крытычны стан гэтага праекту? Гэта проста падштурхоўваньне эўрапейцаў, каб хутчэй прымалі рашэньні — альбо гэта сьведчыць пра сур’ёзныя праблемы з гэтым праектам?”
Тацяна Манёнак
Манёнак: “Сапраўды, апошнім часам у сувязі з тым, што кошт расейскага газу для Эўропы павысіўся да 500 даляраў, шмат у якіх эўрапейскіх краінах рэзка зьнізіўся попыт на расейскі прыродны газ. Яны пачалі купляць газ у Нарвэгіі, а таксама звадкаваны газ.
Другі момант — фінансавы крызіс. Вядома, ён уплывае на такія амбітныя праекты. Пабудова газаправоду ўжо некалькі разоў пераносілася, апошні раз экспэрты казалі пра перанос гады на 3.
Зь іншага боку, трэба адзначыць, што гэта асабісты праект Пуціна. Усё ж Расея — гэта краіна з даволі сур’ёзнымі амбітнымі намерамі. Ужо зроблена вельмі шмат для рэалізацыі праекту, і патрэбныя вельмі сур’ёзныя абставіны, каб Пуцін ад яго адмовіўся. Мяркую, што на дадзеным этапе размовы пра тое, каб ад яго адмовіцца, не ідзе. Хутчэй за ўсё, заява Пуціна — гэта своеасаблівы шантаж краінаў Эўропы, каб тыя хутчэй прымалі нейкае рашэньне”.
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Афіцыйная Беларусь адкрыта нэгатыўна ацэньвае гэты праект (пра гэта калісьці казаў Аляксандар Лукашэнка). Ці можа беларускі бок падчас перамоваў наконт цаны на газ зноў узгадаць свае ранейшыя аргумэнты? Маўляў, навошта будаваць такія дарагія праекты, — ці ня лепш больш газу гнаць праз тэрыторыю Беларусі?”
Манёнак: “Беларусь адназначна атрымлівае дадатковыя козыры, калі Паўночны газаправод ня будзе пабудаваны ў найбліжэйшыя гады. Цяпер у перамовах на газ Беларусь мае новыя козыры.
Ужо была заява кіраўніка Газпрому Аляксея Мілера, што для Эўропы цана за газ будзе зьніжацца — бо па такой цане яго ня хочуць купляць. Расея ліхаманкава шукае іншую формулу цэнаўтварэньня на газ.
Для Беларусі расьце надзея, што Расея зноў будзе транспартаваць больш газу празь беларускую тэрыторыю. Але я думаю, што пакуль ня будзе да нейкага канца даведзены праект саюзнай дзяржавы, Расея ня будзе адмаўляцца ад альтэрнатывы. Бо Масква разумее, што Аляксандар Лукашэнка можа быць вельмі непасьлядоўным, мякка кажучы”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG