Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мастоўдрэў”: рабочы тыдзень скарацілі


На прадпрыемстве “Мастоўдрэў” заводаўпраўленьне пераведзена на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Гэта зьвязана са скарачэньнем экспарту прадукцыі ў заходнія краіны. Рабочыя пакуль працуюць цэлы тыдзень.


Намесьнік дырэктара прадпрыемства па ідэалёгіі Іван Беліда кажа, што на прадпрыемстве цяпер для кіраўнічага пэрсаналу складзены новы графік працы — маўляў, усё згодна з заканадаўствам.

Зь яго слоў, прычына такой навацыі ў зьнешніх фактарах.

Беліда: “Крызіс, дрэнна купляецца наша прадукцыя за мяжой”.

Карэспандэнт: “А куды ў вас арыентаваны экспарт прадукцыі?”

Беліда: “Гэта 50 на 50. Дакладней, палова на Захад, а другая ў Расею і ў краіны СНД”.

Карэспандэнт: “І дзе цяпер паўсталі праблемы са збытам — на Захадзе ці ў краінах СНД?”

Беліда: “Горш стала на Захадзе, бо там упалі кошты на нашу прадукцыю й зьявіліся цяжкасьці зь яе збытам”.

Дадам, што ў заходнія краіны “Мастоўдрэў” пераважна экспартуе фанэру.

Я запытаўся ў аднаго з упраўленцаў прадпрыемства, як ён і ягоныя калегі ўспрынялі чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Віктар: “Ну што, носяць паперы, каб мы іх падпісвалі, пытаюцца, згодзен ці ня згодзен. Напэўна, страхуюцца, маўляў, каб потым ніхто не казаў, што ён не пагадзіўся. Усе супраць, але баяцца нешта казаць і моўчкі падпісваюць”.

Спадар Віктар кажа, што зараз, ужо пасьля ўвядзеньня новага працоўнага графіку, яны працягваюць працаваць пяць дзён, а вось заробак ім абяцаюць толькі на дзьве траціны.

Віктар: “Ну, што такое дзьве траціны заробку? Прэміі наагул няма. У сярэднім наш аклад — 670 тысяч, выходзіць, што мы й паўмільёна не атрымаем...”

Спадар Віктар кажа, што знайсьці працу ў невялічкім гарадку праблематычна, і таму людзі стараюцца трымацца таго, што маюць.

Віктар: “Усе добрыя месцы даўно занятыя. І што цяпер — нават вуліцу падмятаць, і то месца ня знойдзеш”.

XS
SM
MD
LG