Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд пакуль не прыняў рашэньня адносна выдзяленьня Беларусі стабілізацыйнага крэдыту. Беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што рашэньне чакаецца найбліжэйшым часам.


У сталым прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду ў Менску сёньня паведамілі, што пытаньне адносна крэдыту для Беларусі пакуль ня вырашана.

Місія МВФ, якая прыбыла ў Менск 27 кастрычніка, павінна была скончыць перамовы зь беларускім бокам у справе крэдыту яшчэ 6 лістапада. Аднак яна застаецца ў Менску і дагэтуль.

Для ўдзелу ў дыскусіі прыбыў таксама намесьнік дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Юха Кяхкянэн.

Нагадаем, афіцыйны Менск папрасіў у МВФ крэдыт на 2 мільярды даляраў, як патлумачылі ў Нацыянальным банку Беларусі, для стварэньня “падушкі бясьпекі” ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызісу.

Учора падчас прэс-канфэрэнцыі ў Рызе прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што крэдыт МВФ — гэта падтрымка ня толькі беларускай, але і эўрапейскай эканомікі.

“Мы зьвярнуліся ў МВФ дзеля забесьпячэньня падушкі бясьпекі для беларускай эканомікі, якая зьяўляецца адкрытай. Фінансавы крызіс адбіваецца на працы фінансавых інстытутаў у тых краінах, зь якімі мы гандлюем”, — адзначыў С.Сідорскі.

Паводле беларускага прэм’ера, крэдыт МВФ патрэбны для экспартных паставак і забесьпячэньня акупнасьці прадукцыі:

“На жаль, шэраг кампаній, якія працуюць зь беларускімі партнэрамі, даюць растэрміноўку плацяжоў да 180 дзён. Гэта вымывае абаротныя сродкі”.

Паводле незалежных экспэртаў, Беларусь ня мае патрэбы ў крэдыце. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў, што “грошы трэба даваць тады, калі ёсьць канкрэтны плян па мадэрнізацыі эканомікі”.

XS
SM
MD
LG