Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле Сусьветнага банку, у сувязі з глябальным крызысам бяднейшыя краіны сьвету чакае зьніжэньне грашовых пераводаў з-за мяжы.


Паводле прагнозаў Сусьветнага банку, перавод грошай у краіны, што разьвіваюцца, сёлета яшчэ вырасьце на 6,7 працэнта і складзе 283 мільярда даляраў. Але запавольваньне эканамічнага росту на Захадзе, а таксама ў Расеі, Казахстане, Украіне паменшыць перасылку грошай працоўнымі мігрантамі. Экспэрты Сусьветнага банку чакаюць істотнага спаду па выніках 2009—10 гадоў.

У дзясятку краін, у якія найбольш пераводзяцца заробленыя суайчыньнікамі за мяжой грошы, уваходзяць Індыя, Кітай, Мэксыка, Філіпіны, Польшча, Румынія. У Кітай цягам гэтага году, як чакаецца будзе пераведзена 30 мільярдаў даляраў, у Польшчу –11 мільярдаў.

Дасланыя з-за мяжы грошы часам зьяўляюцца важнейшай крыніцай матэрыяльнага забесьпячэньня бедных краін. Напрыклад, перасылка грошай з-за мяжы складае 45 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Таджыкістана, 38 працэнтаў – Малдовы.

Беларусь на гэтым фоне выглядае больш сьціпла. У 2006 годзе ў краіну было пераслана 334 мільёны даляраў, што складае 0,9 працэнта ВУП. Такая ж сума пераводаў грошай была зафіксаваная і летась.

Экспэрты Сусьветнага банку ацэньваюць лік эмігрантаў зь Беларусі ў 1 мільён 800 тысяч чалавек, што складае 18,4 працэнта ад агульнай колькасьць насельніцтва. У дзясятку краін, у якія беларусы найчасьцей едуць на заробкі, уваходзяць Расея, Украіна, Польшча, Літва, Казахстан, ЗША, Ізраіль, Нямеччына, Латвія, Эстонія.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG