Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская паэзія загучала па-літоўску


Алесь Разанаў і Альма Лапінскене
Алесь Разанаў і Альма Лапінскене

У сераду ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя двюх кніг беларускіх аўтараў ў перакладзе на літоўскую мову – кнігі Алеся Разанава “Паляваньне ў райскай даліне” і паэтычнай анталёгіі “Сьвятло ў вокнах”.


Імпрэзу на дзьвюх мовах адкрыў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які ўжо добра размаўляе па-беларуску:

“Сёньня мы сабраліся на вечарыну – прэзэнтацыю літоўскіх і беларускіх твораў. Для нас, літоўцаў, беларуская мова зьяўляецца вельмі блізкай мовай”.

Адам Мальдзіс
Пра літоўска-беларускія літаратурныя сувязі, якія распачаліся яшчэ са Скарыны, распавялі два прафэсары – літовец Пятрас Бражэнас і беларус Адам Мальдзіс. Дарэчы, Адам Мальдзіс ў суаўтарстве с Альмай Лапінскене, старшынёй Літоўскай асацыяцыі беларусістаў, выдалі сумесную дасьледчыцкую працу “Перазовы сяброўскіх галасоў”.

Прафэсарка Альма Лапінскене адзначыла, што сёньня ня толькі прэзэнтуюцца новыя беларускія кнігі па-літоўску. Сёлета два народы адзначаюць яшчэ і своеасаблівы 100-гадовы юбілей:

“Менавіта ў 1908 годзе беларускі верш упершыню загучаў па-літоўску. Гэта верш Алаізы Пашкевіч (Цёткі) “Хрысьціны Свабоды”, які Костас Сьціблюс пераклаў і надрукаваў у Санкт-Пецярбургу. У тым жа годзе “Наша Ніва” надрукавала апавяданьне Ёнаса Бялюнаса “Кветка шчасьця”.

У 1977 годзе ў Беларусі выйшла “Анталёгія літоўскай паэзіі”, і больш за 30 паэтаў, у тым ліку і выбітную Саламею Нерыс, на беларускую мову з мовы арыгіналу пераклаў Алесь Разанаў.

А потым цягам трох гадзінаў гучала паэзія. Алесь Разанаў прачытаў урывак з “Паляваньня ў райскай даліне”. А Лайма Лапінскене прадэкляравала, як гэты фрагмэнт гучыць па-літоўску.

Эдмінас Багдонас
Дарэчы, вэрсэты Алеся Разанава сёньня чытаў і амбасадар Эдмінас Багдонас.

Свае вершы з анталёгіі чытаў і тузін беларускіх паэтаў: Раіса Баравікова, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Валянціна Коўтун Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч, Міхась Скобла ды іншыя. Гучалі пераклады іх вершаў на літоўскую мову.

Паэт Сяргей Законьнікаў прачытаў свой верш “Гусі”, перад якім выказаўся па-філязофску:

Сяргей Законьнікаў
“Вось зараз, у гэту хвіліну мы слухаем паэзію – і мы ляцім. Мы ляцім на сузор’е Стральца. Мы ляцім з агромістай хуткасьцю. Наша Зямля. І амбасада ляціць. І мы ляцім...
Гусі апошнія стомленым клінам неба ўзаралі, самотна крычаць.
Мне, як заўжды, у такую хвіліну хочацца побач з табой памаўчаць...”

Вечарына суправаджалася мастацкай выставай “Цуды маляванкі” -- маляваны дыван у прасторы сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG