Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Ракіцкі: Тэатар выбірае прыгажосьць замест палітыкі


У Празе завяршыўся тэатральны фэстываль нямецкай мовы. Традыцыйная для сталіцы Чэхіі восеньская імпрэза сёлета выклікала асаблівы ажыятаж. Ня першы год фэстывальныя спэктаклі наведвае беларускі тэатральны крытык і карэспандэнт нашага радыё Вячаслаў Ракіцкі.


Ганна Соўсь: Найперш, Вячаслаў, колькі словаў пра сам фэстываль. У Эўропе ўвогуле і ў Чэхіі ў прыватнасьці тэатральныя фэстывалі ня ёсьць нейкім дзівам. Іх шмат. Чым адметны гэты, якое яго месца ў тэатральным працэсе?

Вячаслаў Ракіцкі: Ідэя ладзіць гэты фэстываль паўстала з разуменьня творцаў некалькіх эўрапейскіх краінаў, што сцэнічнае мастацтва, як і чалавек, грамадзтва, дзяржава, ня могуць разьвівацца, знаходзячыся ў самаізаляцыі. Людзі тэатру Чэхіі, Нямеччыны, Аўстрыі і Швайцарыі вырашылі аднавіць парушаную традыцыю суіснаваньня і ўзаемаўзбагачэньня чэскай, нямецкай і габрэйскай культураў. Сталіцай гэтага праекту была абраная Прага.

Рэпэртуар для сапраўдных тэатралаў, а форма спэктакляў дык і ўвогуле на гурманаў
І сёлета імпрэза ладзілася ўжо адзінаццаты раз. Праграма пад назовам “Мужчына і жанчына” была складзена перадусім з клясычных твораў. “Berliner Ensemble” прывёз “Трохграшоваю опэру” Бэртольда Брэхта, Мюнхэнскі “Kammerspiele” – сцэнічны варыянт сцэнару фільма “Шлюб Марыі Браўн”, венскі “Burgtheater” – “Шмат шуму зь нічога” Шэксьпіра, праскі тэатар “Камэдыя” паказаў “Працэс” Кафкі. Як бачыце, рэпэртуар для сапраўдных тэатралаў, а форма спэктакляў дык і ўвогуле на гурманаў.

Соўсь: Таму і кошты на квіткі пабілі ўсе рэкорды, дый яны амаль адразу сталі дэфіцытнымі. Як тэатразнаўца вы ўбачылі нешта прынцыпова новае?

Цьвіком праграмы стаў спэктакль “Трохграшовая опэра” Бэртольда Брэхта і Курта Вайля, пастаўленая да свайго 80-годзьдзя на сваёй роднай сцэне
Ракіцкі:
Не сказаў бы цьвёрда, што ўбачыў прынцыпова новае, але прынцыпова дасканалае, -- так. Цьвіком праграмы стаў спэктакль “Трохграшовая опэра” Бэртольда Брэхта і Курта Вайля, пастаўленая да свайго 80-годзьдзя на сваёй роднай сцэне – у тэатры “Бэрлінэр-ансамбль” адным з самых яркіх рэжысэраў сучаснасьці амэрыканцам Робэртам Уілсанам. Уілсан – ня толькі выдатны рэжысэр, ён таксама модны скульптар, мастак, дызайнэр. Ва ўсіх гэтых галінах лічыцца пасьлядоўнікам сюррэалістаў. Гэта вызначае гарманічнасьць формы ягоных спэктакляў. Скульптурна вывераныя мізансцэны, дэкарацыі, сьвятло, касьцюмы, грым, жэсты, плястыка выканаўцаў зьліваюцца ў надзвычайна гарманічнае, вельмі стыльнае, прыгожае відовішча -- чорна-белы спэктакль, які нібыта існуе над рэальнасьцю. Дасканаласьць формы амэрыканскага рэжысэра падмацоўваецца гранічнай дысцыплінаванасьцю актораў аднаго зь лепшых нямецкіх (а можа, і эўрапейскіх) тэатраў. Нават пальцы рук актораў у прасторы вялікай сцэны аказваюцца дастатковымі, каб сыграць эпізод. Я нават параўнаў бы гэты спэктакль з дасканалымі архітэктурнымі ансамблямі тыпу Вэрсалю ці Зімняга палацу, дзе ніводнай дэталі няма лішняй. Спачатку дух захоплівае ад прыгажосьці. А пасьля пачынаеш думаць, што ўжо тут нічога ня зьменіш, яны такімі застануцца навечна. Мёртвымі ў сваёй прыгажосьці. Так і са спэктаклем Робэрта Ўілсана. І ў гэтым я бачу адну з тэндэнцыяў сучаснага ўсясьветнага тэатру найвышэйшай пробы. Калі адчуваецца дэфіцыт ідэяў, майстры выбіраюць прыгажосьць, гармонію, мастацкую дасканаласьць.

Соўсь: Але ж твор Брэхта і Вайля – гэта клясыка палітычнага тэатру. У аснове клясычнай п’есы – праблема карупцыі і той маральны бруд, які яна спараджае, ці наступствам якога яна зьяўляецца. А вы гаворыце пра прыгажосьць...

Карупцыя рэжысэра не цікавіць, яго цікавіць прырода заганнасьці чалавека.
Ракіцкі:
І ў гэтым яшчэ адна відавочная тэндэнцыя сучаснага тэатру. Многія рэжысэры сёньня адмаўляюцца ад палітычнага зьместу п’ес. Нават дэкляруюць прыярытэт чалавечага над палітычным. “Трохграшовую опэру” Робэрта Ўілсана можна ўспрыняць нават як маніфэст такога шляху разьвіцьця мастацтва. Карупцыя рэжысэра не цікавіць, яго цікавіць прырода заганнасьці чалавека. Яна, прывабная ў сваёй прыгажосьці, становіцца і ўсёпераможнай. А прыгожы, мэтафарычны дасканалы тэатар сам па сабе вышэй за палітыку. І ў яшчэ адным фэстывальным спэктаклі “Шлюб Марыі Браўн” адзін зь лепшых сучасных нямецкіх рэжысэраў Томаш Остэрмаер палітычны зьмест прыроды эканамічнага дзіва пасьляваеннай Нямеччыны выяўляе праз фізіялягічныя паралелі. Грахоўная Марыя Браўн – гэта Адэнаўрава Нямеччына, якая хуценька забылася на сваё бруднае мінулае і зноў кінулася ў блуд. І зноў татальны тэатар зь бязьмежнай рэжысэрскай фантазіяй. І ня страшна, калі нешта акторы ня могуць сыграць, за іх – гэта зробіць кінапраектар. Ня так таленавіта, ня так гарманічна і лягічна, як у Ўілсана, але ў тым жа кірунку татальнага тэатру: маскі замест пачуцьцяў і прырода граху як цэнтральная тэма. Напэўна, 21-е стагодзьдзе зноў дае гэтаму падставу. І такой тэматыцы, і такой тэатральнай мове.

Соўсь: У Беларусі апошнімі гадамі таксама пашыраецца фэстывальны рух. Ці ёсьць розьніца паміж фэстывалямі ў эўрапейскіх краінах і Беларусі?

Беларускі тэатар, гэтак жа, як і дзяржава Беларусь, з майго гледзішча, знаходзіцца ў самаізаляцыі. Сваіх дасягненьняў, якія былі б цікавымі заходняму гледачу, у яго няма
Ракіцкі:
Сапраўды, Беларусь не прамінула ўсясьветная тэндэнцыя збліжэньня культураў праз фэстывалі. Іншая рэч, што на іх пакуль што не пабачыш спэктаклі Робэрта Ўілсана ці Пітэра Брука, іншых найбуйнейшых рэжысэраў, за выключэньнем расейскіх ці літоўскіх. Беларускі тэатар, гэтак жа, як і дзяржава Беларусь, з майго гледзішча, знаходзіцца ў самаізаляцыі. Сваіх дасягненьняў, якія былі б цікавымі заходняму гледачу, у яго няма. Таму не запрашаюць у Эўропу. І запрасіць да сябе такія дарагія пастаноўкі, як “Трохграшовая опэра”, таксама ня можа беларускі тэатар, бо эканамічная сытуацыя не дазваляе. Паспрабуй сёньня знайсьці ў Беларусі багатых спонсараў мастацтва... Дый па-за фэстывалямі тэатральнае жыцьцё Беларусі, улучна зь Менскам, істотна абмежаванае. Тэатраў мала, яшчэ меней імёнаў рэжысэраў-наватараў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG