Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенкі, што ня хочуць нумаравацца: У нас ёсьць імя!


Бяз пашпарту ні пэнсію атрымаць, ні за блізкую мяжу зьезьдзіць
Бяз пашпарту ні пэнсію атрымаць, ні за блізкую мяжу зьезьдзіць
Дзьве гарадзенкі — Алена Сурба і Тацяна Мешчаракова — патрабуюць, каб ім выдалі пашпарты без ідэнтыфікацыйнага нумару. Яны напісалі скаргі ў Ленінскі раённы суд гораду з просьбай, каб той абавязаў міліцыю гэта зрабіць. Сёньня судзьдзя Людміла Жукоўская разгледзела скаргі і не задаволіла іх. На Гарадзеншчыне суд упершыню разьбіраў такія справы.

Першай у судзе выступала Алена Сурба — праўда, паводле пашпартных дадзеных яе зваць Леанардай. Яна патлумачыла, што як праваслаўная верніца баіцца, што пры дапамозе ідэнтыфікацыйных нумароў магчыма ажыцьцяўляць татальны кантроль за прыватным жыцьцём чалавека і за ягонымі перакананьнямі. Спачатку яна зьвярталася ў міліцыю:

Сурба: “Аддзел унутраных спраў Кастрычніцкага раёну мне адмовіў: маўляў, усе павінны мець пашпарт з ідэнтыфікацыйным нумарам, і няма іншага выйсьця. Мы зьвярталіся ў Канстытуцыйны суд паасобку і калектыўна. І ёсьць такі адказ, дзе суд прапануе Міністэрству ўнутраных спраў гэтую праблему вырашыць, знайсьці нейкае выйсьце, знайсьці альтэрнатыву. Мы змагаемся за гэта сем гадоў, малітоўныя стаяньні адбываюцца ў Менску, мы носім прашэньні ў Міністэрства ўнутраных спраў, у Адміністрацыю прэзыдэнта, нам абяцалі, што пытаньне будзе вырашана, але абяцаньні засталіся абяцаньнямі. Нам засталося адно — зьвярнуцца ў суд, каб абараніць свае правы згодна з Канстытуцыяй і з Грамадзянскім кодэксам”.

Але пашпарт заўсёды быў пранумараваны, чаму менавіта ідэнтыфікацыйны нумар выклікае такое непрыяцьце?

Сурба: “Нумар можа мець нейкая рэч, нумар дакумэнту, напрыклад,
Нумар можа мець нейкая рэч, дакумэнт, аб’ект, але не чалавек.
аб’екту, але нумар ня можа мець чалавек. У нас ёсьць імя, якое мы атрымліваем пры нараджэньні. Згодна з пазыцыяй царквы, імя можа даваць альбо бацька і маці — бацькі, або дае сьвятар, які хрысьціць дзіця”.

Падобную пазыцыю мае і Тацяна Мешчаракова, скаргу якой таксама разгледзеў суд. Алена Сурба зазначыла, што, ня маючы пашпарту, яна паўгода ня можа атрымаць пэнсію, у такім жа становішчы апынуліся яшчэ некалькі яе аднадумцаў.

У судзе бралі ўдзел міліцыянты, якія тлумачылі, што ідэнтыфікацыйны нумар — абавязковы рэквізыт пашпарту, безь якога ён будзе лічыцца несапраўдным. Суд гэтая аргумэнтацыя задаволіла.

На працэсе прысутнічаў грамадзкі праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. Вось ягоны камэнтар:

“Шчыра кажучы, шкада гэтых людзей, якія перакананыя ў сваёй рацыі і дамагаюцца для сябе скасаваньня ідэнтыфікацыйнага нумару. Але зразумела, што суд кіруецца заканадаўствам, і гэта не ў яго кампэтэнцыі — на раённым ўзроўні разьвязаць такое пытаньне. А ўвогуле дзяржаўныя органы маглі б задумацца, паколькі дзясяткі чалавек зьвяртаюцца і патрабуюць гэтага і праводзяць маўклівыя маленьні, што можа й варта ўнесьці папраўкі ў заканадаўства, якія б дазвалялі ня ўносіць гэты нумар. Але дамагчыся свайго ў такой сытуацыі людзям гэтым практычна немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG