Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Сямён Шапіра. Ён назваў такі намер “адэкватнымі захадамі” ў сувязі з ігнараваньнем беларускіх прадуктаў.

Міністар назваў такія лічбы: харчаваньне ў Расею пастаўляюць 122 прадпрыемствы аграпраму. Расейцы маюць прэтэнзіі да 35 зь іх. Прычына — неадпаведнасьць якасьці малака і мяса расейскім стандартам. Але пакуль толькі 7 прадпрыемстваў ведаюць, што канкрэтна не падабаецца расейскім спажыўцам іхняй прадукцыі.

Сямён Шапіра цьвердзіць: гэтымі дзеяньнямі Масква найперш абараняе ўласнага вытворцу. Аднак страціць расейскі рынак нявыгадна, — сказаў ён. І прывёў такі прыклад: палова ўсяго беларускага малака экспартуецца менавіта ўсходняму суседу. Таму цяпер гэтыя прадпрыемствы змушаныя тэрмінова “ліквідаваць недахопы”, прынамсі закупляць новае абсталяваньне, каб палепшыць якасьць прадуктаў.

Беларускі міністар паабяцаў нанесьці ўсходняму партнэру, так бы мовіць, удар у адказ — правесьці інспэкцыю расейскіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў Беларусь.

Аляксандар Ярашук, які працаваў першым намесьнікам Менскага аблвыканкаму і курыраваў аграпрамысловы сэктар, кажа, што ад такой інспэкцыі цяжка чакаць плёну. Ня выключана, што гэткія спробы могуць толькі раздражніць суседа. Свой пэсымізм ён тлумачыць тым, што ў Расеі і ў Беларусі розныя стандарты якасьці:

“Можа, гэтым усё й ня скончыцца. Асабліва калі мець на ўвазе, што стандарты расейскія падвышаныя параўнальна з нашымі. Таму яшчэ нешта іншае ў найбліжэйшы час ці ў пэрспэктыве можа мець месца з боку Расеі. І гэта стане яшчэ вастрэйшай праблемай”.

Дырэктар Ляхавіцкага малочнага заводу Вячаслаў Жукоўскі ня ведае, што не падабаецца расейцам:

“Гэта ж ужо другі раз з намі так сябе паводзяць. Адзін раз не далі дазволу, пасьля — далі. Папрацавалі нейкі час, зноў не даюць. Ну, што цяпер рабіць? Сёньня 35 прадпрыемстваў у падобным стане. А гэта ледзьве не палова малаказаводаў нашай краіны. Хіба ж можна так ставіцца да нас?! Тым больш што калі праверка ў нас была, ніякіх заўваг ня выказалі.

Ну і што цяпер я магу сказаць? Вось калі прыедуць і скажуць: з-за гэтых канкрэтных момантаў нас не задавальняе ваша прадукцыя, тады я мушу пайсьці ў адстаўку. А калі так, як сёньня, ну дык мала хто там чаго захоча!”

Журналіст-аграрнік Анатоль Гуляеў лічыць, што стандартаў якасьці абавязкова трэба прытрымлівацца. Ён згадвае, што калі Літва ішла ў Эўразьвяз, усе яе малочныя і мясныя прадпрыемствы праходзілі атэстацыю ў камісіі Эўразьвязу. І гэта быў досыць суровы іспыт, — кажа журналіст:

“Я лічу, што калі праверкі ідуць, то гэта нармальная зьява. А калі нашы хлопцы пачынаюць казаць: ну, калі яны нас так правяраюць, дык і мы ім пакажам, — то гэта разважаньні на ўзроўні хлапчукоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG