Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Помнік з высечанымі ў камені далонямі


Сёньня ў Магілёве адкрылі помнік ахвярам галакосту. Шэсьцьдзесят сем год таму, у кастрычніку, фашысты пачалі зьнішчаць вязьняў магілёўскага гета.

Дагэтуль невядома, колькі габрэяў было забіта. Гісторыкі кажуць пра дзесяць-дванаццаць тысяч. Магілёўская габрэйская грамада дамагалася ўшанаваньня іх памяці не адзін год. Помнік з высечанымі ў камені далонямі — сымбалем душ людзей, якія загінулі ў гета — усталявалі на вуліцы Віленскай. Тут фашысты меркавалі зрабіць уваход у гета.

Аляксандар Карыў
На адкрыцьцё помніка прыйшло шмат людзей — моладзь, людзі сталага веку, якія страцілі ў гета сваякоў, прадстаўнікі рэлігійных ды культурных габрэйскіх суполак, а таксама ўлады. Прыехаў на ўрачыстасьць і першы сакратар амбасады Ізраілю ў Беларусі Аляксандар Карыў.

На мітынгу з нагоды адкрыцьця помніка першым выступіў старшыня магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. Ён адзначыў, што сродкі на помнік габрэйская грамада зьбірала сама — талакой.

Аляксандар Карыў выказаў удзячнасьць мясцовай уладзе за спрыяньне пры ўсталяваньні помніка ахвярам галакосту:

“Гэта дужа важна для мяне як прадстаўніка дзяржавы, якая была створана на аскалёпках таго жахлівага часу”.

Магілёўскія габрэі не адзін год дамагаліся ўсталяваньня помніка. Навум Ёфэ — адзін з рупліўцаў гэтага руху:

“Для мяне гэты знак мае калясальнае значэньне. Тое, што тут гета было, я ведаю зь дзяцінства. Дом, у якім мы пасяліліся, стаяў вось тут пад гарой, першым. У ім таксама было гета, і мы адчувалі гэта щвесь час. Для мяне гэтае месца сьвятое”.

Кім Кузьнік
У гета загінула шмат сваякоў магілёўца Кіма Кузьніка. На ўрачыстасьці ён ня мог стрымаць сьлёз:

“Гэта ж памяць. Вы ж зразумейце: дзядуля, бабуля, цёткі, пяць сясьцёр загінулі тут. Дзеці іх загінулі. Больш за васямнаццаць чалавек”.

У гета загінулі й сваякі старасты магілёўскай сынагогі Сымона Глазштэйна. На ягоных вачах таксама сьлёзы. Ён кажа:

“Памяць зьяўляецца абаронай будучыні. Памяць бароніць нас ад фашызму. Каб ён не паўтарыўся, каб у людзей хапіла розуму не дайсьці да гэтай жудаснай ступені падзеньня чалавечага, мы ставім помнікі”.

Макет помніка распрацаваў магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў:

“Гэта мой родны горад, таму на мне была велізарная адказнасьць унутраная перад сабой. Мне ня сорамна за тое, што я зрабіў. Мне прыемна, што мая праца будзе стаяць тут заўсёды і перажыве мяне, і людзі будуць прыходзіць і дакранацца да адбіткаў гэтых рук”.

Высечаныя адбіткі далоняў на камені — асноўны элемэнт помніка. Паводле задумы майстра, калі чалавек дакранаецца да далоні, ён адчувае душу чалавека, які загінуў у гета.


Першымі пасьля адкрыцьця помніка да адбіткаў далоняў на камені прыклалі свае рукі Віктар Шорыкаў, Аляксандар Карыў ды старшыня габрэйскай грамады Барыс Гольдэнбэрг. Да помніка леглі кветкі і, паводле габрэйскай традыцыі, каменьчыкі, якія загадзя прынёс Навум Ёфэ.

Помнік ахвярам Галакосту ў абласным цэнтры стаў чацьвёртым на Магілёўшчыне. Дагэтуль два такія помнікі адкрылі ў 2006 годзе на Быхаўшчыне, а трэці — сёлета 19 кастрычніка ў Бабруйску.

Адкрыцьцё помніка адбылося ў межах Дзён культуры Ізраілю ў Магілёве. Акрамя гэтай урачыстасьці, адбудуцца выстава ізраільскай літаратуры, мастацтва, а ў гарадзкіх кінатэатрах мяркуецца паказ дакумэнтальных і мастацкіх стужак.
XS
SM
MD
LG