Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я б на месцы МВФ ня даў ні цэнта”


Вандалізм у Курапатах, міжнародны фінансавы крызіс, крэдыт Беларусі ад Міжнароднага валютнага фонду, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Супраць двух непаўналетніх зламысьнікаў, якія ламалі крыжы ў Курапатах, упершыню распачатая крымінальная справа. Ранейшыя шматлікія акты вандалізму ў курапацкім лесе заставаліся нераскрытымі. Камэнтар слухача:

Зіноўеў: “Пры антыбеларускім рэжыме органы зарыентаваныя на барацьбу зь беларускасьцю, ім не да вандалізму”.

У Магілёве адкрыты помнік габрэям — ахвярам нацызму. На гэтую тэму наступнае тэлефанаваньне:

Спадар, Менск: “Паважаная “Свабода”! Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на адсутнасьць размоваў пра зьнішчэньне габрэяў у Горках магілёўскіх. Добра памятаю, як мая нябожчыца маці насіла ежу ў лес, дзе хавалася жанчына-габрэйка з двума сваімі сынамі майго ўзросту, бацька якіх быў лётчыкам у войску. Мая маці бачыла, як расстрэльвалі фашысты калёны габрэяў, падганяючы да ямы. Гэтае месца, лічу, трэба ўшанаваць, як і астатнія”.

Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы з афіцыйным Менскам пра выдзяленьне Беларусі крэдыту памерам 2 мільярды даляраў. Выказваньні на гэтую тэму:

Спадар: “У публічных выступленьнях прэзыдэнт неаднаразова называў Міжнародны валютны фонд шайкай шулераў і махляроў, а зараз у сувязі з сусьветным эканамічным крызісам Рыгоравіч просіць двухмільярдны крэдыт. І ў каго б вы думалі? У тых, каго ён называў жулікамі. Я б на месцы МВФ ня даў бы Рыгоравічу ні цэнта. Няхай навучыцца падбіраць словы, калі выступае. Сапраўдны палітык, перад тым, як сказаць, кожнае слова ўзважвае. Дый народная мудрасьць кажа: “Ня плюй у калодзеж, давядзецца вады напіцца”.

Міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканоміку Беларусі — тэма наступнага тэлефанаваньня:

Спадар:

“Абмен таварамі, так званы бартэр,
Гэта значыць у бюджэце грошай няма.
З абмену бывае і карцэр, турма.
Няма бюджэту, пайшла інфляцыя ў галёп.
Зрабіў грашовы станок, тады за мільён
Купіш пачачку курынай Блянкі ў свой булён.
Думай, беларус,
Церабі свой вус”.


Працягваем праграму наступным выказваньнем:

Ільля Копыл: “Сёньня на беларускім тэлебачаньні прагучала лічба, што ў Беларусі 14 адсоткаў каталікоў і што гэтая канфэсія на другім месцы паводле колькасьці вернікаў. Ці можна давяраць гэтай лічбе? Калі браць праваслаўную канфэсію, якая лічыцца самай масавай і вядучай, то трэба адзначыць, што ў яе шэрагі залічылі ўсіх праваслаўных атэістаў. У каталіцкай канфэсіі атэістаў няма, яны сапраўдныя вернікі. Тады, магчыма, каталіцкая канфэсія зьяўляецца самай масавай і вядучай? І, можа, ня варта лічыць, колькі вернікаў у праваслаўнай і каталіцкай канфэсій?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG