Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлічэнку прызначылі на “раўназначную пасаду”


Дзьмітры Паўлічэнка

Дзьмітры Паўлічэнка

Былога камандзіра асобнай брыгады спэцназу ўнутраных войск Дзьмітрыя Паўлічэнку, які падазраецца ў датычнасьці да зьнікненьняў дзеячаў апазыцыі, прызначылі на новую пасаду.

Загад аб новым прызначэньні Дзьмітрыя Паўлічэнкі падпісаў міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, які, дарэчы, таксама падазраецца грамадзкасьцю ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў. Паўлічэнка будзе служыць намесьнікам камандзіра корпусу грамадзкага парадку Ўнутраных войскаў МУС. Прэсавы сакратар Унутраных войскаў Сяргей Кабаковіч паведаміў “Свабодзе” пра новыя абавязкі палкоўніка:

“Сама назва пасады — намесьнік камандзіра корпусу грамадзкага парадку па баявой падрыхтоўцы — ужо вызначае ягоныя абавязкі”.

Да кастрычніка восем гадоў Дзьмітрый Паўлічэнка камандаваў асобнай брыгадай Унутраных войскаў МУС. У ёй нібыта існаваў “эскадрон сьмерці”, якому прыпісваюць забойства кіраўніка менскай філіі РНЕ Глеба Самойлава, а таксама выкраданьне і забойства апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Зьмітра Завадзкага ў 1999—2000 гадох.

Вольга Завадзкая, маці зьніклага апэратара ОРТ, кажа, што месяц таму, калі даведалася пра адстаўку Паўлічэнкі, не дала веры, што яго “звольнілі па-сапраўднаму”:

“Гэта адданыя людзі, якія па першым загадзе пэўнай асобы могуць выканаць
Гэта адданыя людзі, якія па першым загадзе пэўнай асобы могуць выканаць любы ягоны загад.
любы ягоны загад. Таму іх ставяць на тыя пасады, дзе яны будуць бараніць яго, бараніць сябе, гэты дзяржаўны лад”.

У канцы 2000 году Дзьмітрый Паўлічэнка быў арыштаваны паводле пастановы старшыні КДБ Уладзімера Мацкевіча як асоба, падазраваная ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў. За кратамі ён правёў некалькі гадзінаў і быў адпушчаны, паводле зьвестак, на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля выхаду на волю публічна заявіў, што “гатовы выканаць любы загад прэзыдэнта”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак бачыць у цяперашнім вяртаньні Дзьмітрыя Паўлічэнкі пэўны сымбаль:

“На маю думку, гэта сьведчыць пра тое, што ўлада вымушаная крыху падпраўляць свой твар. Паўлічэнку мы ня раз бачылі на чале сваёй брыгады на вуліцах, падчас змаганьня з дэманстрантамі. Такім чынам, ён быў у пэўным сэнсе публічнай фігурай, і з гэтай пасады яго прыбралі. Але відавочна, што сыстэмных зрухаў у краіне не адбылося, і такія людзі па-ранейшаму патрэбныя. Улада прадэманстравала, што сваіх яна ня кідае, і таму ён фармальна пайшоў нават на падвышэньне”.

У прэсавай службе Ўнутраных войскаў не адразу адказалі на пытаньне, ці азначае новая пасада Паўлічэнкі падвышэньне па службе. Праз колькі хвілінаў адтуль патэлефанавалі і перадалі, што “гэта прызначэньне раўназначнае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG