Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Беларусі знаходзіцца зь візытам у Латвіі. Разам з прэм’ер-міністрам Латвіі Іварсам Годманісам ён узяў удзел у адкрыцьці нацыянальнай выставы Беларусі ў Латвіі "Беларусь-ЭКСПО 2008".


Падчас візыту пройдуць перамовы кіраўнікоў урадаў “сам-насам” і ў пашыраным складзе, а таксама будзе падпісаны шэраг пагадненьняў.

На адкрыцьці выставы ў Рызе Сяргей Сідосркі заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў стабільным і доўгатэрміновым эканамічным супрацоўніцтве з Латвіяй. Паводле спадара Сідорскага, Латвія “трывала ўтрымлівае пазыцыю лідэра ў замежнагандлёвым абароце Беларусі”.

На выставе прадстаўленыя амаль 140 вытворцаў зь Беларусі.

Кіраўнік ураду Латвіі Іварс Годманіс падкрэсьліў, што Латвія зацікаўленая ў разьвіцьці эканамічнага і рэгіянальнага супрацоўніцтва з сваёй суседкай Беларусьсю. Паводле спадара Годманіса, Беларусь зьяўляецца вельмі важным гандлёвым партнэрам сярод краінаў не сябраў ЭЗ:

“Далейшае разьвіцьцё эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Латвіяй дазволіць пераадолець усе цяжкасьці, якія ўзьнікаюць у сувязі з сусьветным фінансавым крызісам”.

Мінулая афіцыйная сустрэча прэм'ераў Латвіі і Беларусі адбылася 10 гадоў таму.

У ліпені 2008 году прэм'ер-міністар Латвіі Іварс Годманіс сустракаўся зь Сяргеем Сідорскім у будынку латвійскай памежнай аховы на КПП “Урбаны-Сіленэ”. Аднак пра гэтую сустрэчу стала вядома толькі ў жніўні.

Спадар Годманіс патлумачыў журналістам, што перамовы зь Сяргеем Сідорскім адпавядалі дзяржаўным інтарэсам Латвіі. Аднак вядома, што ў межах агульнаэўрапейскай палітыкі чыноўнікі краінаў Эўразьвязу не маглі сустракацца зь беларускімі калегамі, рангам вышэйшымі за намесьніка міністра.

Тады прэсавая служба Міністэрства замежных справаў Латвіі назвала гэтую сустрэчу “асаблівым выпадкам”.
XS
SM
MD
LG