Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі курапацкіх вандалаў



Супрацоўнікі міліцыі Менскага раёну распачалі крымінальную справу супраць двух непаўналетніх, якіх затрымалі 1 лістапада ў мэмарыяльным комплексе Курапаты сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Дзяжурныя выклікалі міліцыю і далі паказаньні супраць падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў.


Крымінальную справу паводле артыкулу 344 (наўмыснае пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў) вядзе сьледчая Бараўлянскай міліцыі Алена Хільчук.

Спн. Хільчук пацьвердзіла, што крымінальная справа распачатая і вядзецца сьледзтва. Менавіта ў момант тэлефанаваньня яна праводзіла допыт падазраваных.

Двое падлеткаў, падазраваных у гэтай крымінальнай справе, ад сёньняшняга дня будуць знаходзіцца ў камэры сьледчага ізалятара.

Кіраўнік сьледчага аддзелу Ігар Барадач паведаміў “Свабодзе”:

“Гледзячы на іхны выгляд, я б не казаў, што яны фашысты. Нармальныя на выгляд хлопцы. Што іх падштурхнула?.. Яны катэгарычна адмаўляюцца, што датычныя да гэтага. Кажуць, што праходзілі міма, а хто ламаў крыжы, ня ведаюць.

Хаця тыя, якія іх затрымалі, канкрэтна на іх паказваюць.

Цягам аднаго дня сьледзтва не правядзеш. Трэба выехаць на месца. Потым правядзем сьледчы экспэрымэнт. Потым будзем даваць прававую ацэнку. Адбіткі пальцаў на дрэве не застаюцца.

Пакуль мы нікога не абвінавачваем. У нас ёсьць падазраваныя, і яны будуць сёньня затрыманыя. Гэта цяжкае злачынства. Там нават прадугледжана пазбаўленьне волі ад трох да дванаццаці гадоў”.

Нагадаем: позна ўвечары 1 лістапада сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алег Сьвірыдаў і Алесь Макаў затрымалі ва ўрочышчы Курапаты двух падлеткаў. Яны заўважылі, што маладыя людзі валілі крыжы, усталяваныя на месцы масавага расстрэлу людзей у часы сталінскіх рэпрэсій. Сьвірыдаў і Макаў самі выклікалі міліцыю і потым у аддзеле далі свае тлумачэньні. Міліцыянты налічылі пяць паваленых крыжоў.

Паводле заканадаўства сьледзтва можа доўжыцца цягам двух месяцаў. Гэта першы выпадак за час існаваньня мэмарыялу Курапаты, калі ў крымінальнай справе пра вандалізм зьявіліся падазраваныя.

Да суду іх будуць трымаць у сьледчым ізалятары.

Акты вандалізму ў Курапатах адбываліся некалькі разоў. Толькі так званую “лаву Клінтана”, памятны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, бурылі 12 разоў.

Напрыканцы 2005 году невядомыя апаганілі фашысцкай свастыкай крыжы і ікону Маці Божай Курапацкай. Летась напярэдадні Дзядоў зламалі Крыж Пакуты.

Менская раённая пракуратура распачынала па фактах вандалізму крымінальныя справы, але злачынцаў ніколі не знаходзілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG