Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя "Белшыны" сядзяць дома


Буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў рэгіёнах Беларусі першымі зазнаюць наступствы фінансавага крызысу.


Базавае прадпрыемства Бабруйску — акцыянэрнае таварыства “Белшына” — мусіць цяпер зьніжаць кошты на сваю экспартную прадукцыю сама менш на 20 працэнтаў. Гэтага, у прыватнасьці, патрабуе Ўкраіна. Прычыны тлумачыць дырэктар фірменнага гандлёвага дому “Белшыны” ў Данецку Леанід Самсоненка:

Украіна прапануе зьнізіць кошты на прадукцыю “Белшыны”

“Вельмі многія нашыя партнэры — да прыкладу, жалезарудныя камбінаты і кар’еры — зьвяртаюцца зараз і прапануюць зьніжаць кошты на шыны на 20 працэнтаў, а некаторыя — нават на 50. Гэта адбываецца ў сувязі з тым, што мэтал са здабытай сыравіны становіцца вельмі дарагім.

Самае страшнае адбылося 15 кастрычніка. Курс даляра падскочыў. Зьявілася нестабільнасьць. Банкі пасыпаліся.

Ня ведаю, што будзе далей. Для нас галоўная непрыемнасьць, што ва Ўкраіне прамысловасьць стала”.

Зборшчык буйнагабарытных шынаў Уладзімер Тычына:

На “Белшыне” не працуюць некаторыя зьмены

“Сытуацыя нестабільная. Некаторыя зьмены ўвогуле не працуюць. Нашы працаўнікі дома сядзяць. Раней такога не здаралася”.

Карэспандэнт: “А што тлумачыць начальства?”

“Тлумачаць, што нібыта ўсіх расходных матэрыялаў дастаткова, але адбываецца затаварваньне. Да прыкладу, тыя нарыхтоўкі, што я раблю, застаюцца ў цэху. Раней не пасьпяваеш зрабіць, як адразу забіраюць. Трэба было шмат-шмат. А цяпер кажуць, што больш ня трэба. Ідзіце дахаты...”
XS
SM
MD
LG