Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць у наладжваньні дыялёгу з ЗША. Таксама ў інтэрвію амэрыканскай газэце “The Wall Street Journal” ён даў парады прэзыдэнту ЗША.

“Усё залежыць ад Амэрыкі. Калі Амэрыка зацікаўлена ў разьвіцьці з намі стасункаў без выбудоўваньня нейкіх дадатковых бар’ераў і папярэдніх умоваў, то мы сур’ёзна ў гэтым пляне прасунемся. І амэрыканцы будуць задаволеныя супрацоўніцтвам зь Беларусьсю”. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў у інтэрвію амэрыканскай газэце "The Wall Street Journal".

“Мы павінны вярнуцца да таго этапу, якасьці, якія былі да крызісу, і мы павінны пачаць дыялёг”, — заявіў А.Лукашэнка.

Гаворачы пра прэзыдэнта ЗША Б.Абаму, А.Лукашэнка сказаў, што гэта “новы, малады, адукаваны, незашораны чалавек, больш хуткі і энэргічны чалавек, які зможа больш рэальна паглядзець на сусьветную рэчаіснасьць”.

Ён параіў Бараку Абаму выконваць перадвыбарчыя абяцаньні:

“Калі ён хоць у чым-небудзь адыдзе ад абяцаньняў, значыць, ён палітычны банкрут, — сказаў А.Лукашэнка. — Паабяцаў — выконвай. Калі сёньня нешта не атрымалася, то ідзі і тлумач, чаму гэта не атрымалася і калі ты гэта зробіш заўтра. Ён павінен быць чалавекам слова і справы”.

Таксама Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускі бок падтрымае Расею ў яе “адэкватных дзеяньнях” у адказ на разьмяшчэньне амэрыканскіх проціракет у Эўропе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG