Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытая вайна


Мерапрыемствы, прысьвечаныя 90-й гадавіне падпісаньня Камп’енскага замірэньня, якое паклала канец Першай сусьветнай вайне, праходзяць у Вялікабрытаніі, Францыі і Бэльгіі.


Адна з галоўных цырымоній — на француска-нямецкай мяжы ў горадзе Вэрдэн, дзе ў 1916 годзе выбухнула адна з самых жорсткіх і працяглых бітваў гэтай вайны.

Калі для эўрапейскіх краінаў падпісаньне Камп’енскага замірэньня азначала канец вайны, то Беларусі гэтая дата не прынесла міру, лічыць гісторык Захар Шыбека:

Захар Шыбека
“Вайна працягвалася, і ішла барацьба за беларускую дзяржаўнасьць ва ўмовах расейскай смуты. Гэтая дата проста азначала для беларусаў спробу знайсьці саюзьнікаў у барацьбе за незалежнасьць і ўсталяваньне міру на сваёй зямлі. Бо Нямеччына выявілася ненадзейным саюзьнікам. Таму гэтая дата азначала і канец ілюзій, спадзяваньняў на дапамогу немцаў. І гэтая дата паклала пачатак яшчэ больш трагічнаму этапу ў гісторыі беларускага народу і беларускага руху. Бо наперадзе нас чакала бальшавіцкая акупацыя, расьсячэньне беларускіх зямель папалам. Калі немцы адышлі, быў эфэкт, што яны расьціснулі для нашага нацыянальнага жыцьця ціскі — з аднаго боку Польшча, а з другога Расея. І мы ўздыхнулі троху лягчэй. А потым гэта скончылася, і на арэну зноў вярнуліся старыя акторы ў палітычнае жыцьцё. Зноў пачалася барацьба за беларускія землі, якая прынесла нам столькі гора і трагедыяў”.

Спадар Шыбека адзначыў: яго турбуе, што Першая сусьветная вайна так мала засталася ў памяці людзей. Хаця ў гэтай вайне беларусы страцілі 1 мільён 200 тысяч чалавек.

“Гэта вялікія страты. І тым ня менш няма надзейнага ўшанаваньня, няма помнікаў. Такога дзяржаўнага сымбалю ў памяць ахвяраў няма. У свой час я і спадар Дзянісаў спрабавалі аднавіць капліцу на брацкіх могілках у раёне Старажоўкі. Улады ў гэтым месцы зрабілі жывёльны базар. І капліца была разбурана. Але яе чарцяжы захаваліся. І вось была нагода аднавіць тую капліцу ў памяць ахвяраў сусьветнай вайны. Аднак улады не адгукнуліся на гэтую прапанову”.

Нагадаем, Нямеччына страціла ў вайне 1,9 мільёна вайскоўцаў, Расея — 1,7 мільёна, Францыя — 1,4 мільёна, Аўстра-Вугоршчына — мільён, Вялікабрытанія — 760 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG