Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Скрабца не ўзялі нават у ліцейку


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, апазыцыйны палітык Сяргей Скрабец дагэтуль ня можа ўладкавацца на працу.


Вось і чарговая спроба стаць майстрам у ліцейцы Менскага аўтазаводу не прынесла плёну. І хаця тут існуе вакантнае месца, у прыняцьці на працу спадару Скрабцу адмовілі.

“Начальнік цэху пацікавіўся ў мяне: чаму ў вашай працоўнай кніжцы няма ніякіх запісаў пасьля сканчэньня тэрміна дэпутацтва?” — расказаў “Свабодзе” былы парлямэнтар. — “Я шчыра адказаў яму, што сядзеў у турме. Ён спытаўся, зь якой нагоды. Я патлумачыў. Тады ён пытаецца: дык вы, што, не падзяляеце палітыку прэзыдэнта? Я адказаў: не. Пасьля чаго ён мне сказаў: ведаеце, мы тут ужо вялі размову зь іншым кандыдатам, ён нам больш падыходзіць. На гэтым усё скончылася”.

“Мабыць, начальнік пабаяўся, што я павяду рабочых на Дразды”, —падсумаваў вынікі сваёй няўдалай спробы стаць супрацоўнікам МАЗу Сяргей Скрабец.

На пачатку лістапада спадар Скрабец вярнуўся з Санкт-Пецярбургу. Там ён больш за месяц прапрацаваў у камэрцыйнай будаўнічай фірме. Але фінансавы крызіс прымусіў гэту арганізацыю скараціць штаты. І былы дэпутат вымушаны быў вярнуцца на Радзіму.

Сяргей Скрабец — адзін з арганізатараў дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня — быў арыштаваны ў траўні 2005 году і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня за выманьваньне крэдыту. Сваёй віны дэпутат не прызнаў. Ён лічыць, што быў несправядліва асуджаны за сваю апазыцыйную дзейнасьць. На свабоду былы дэпутат выйшаў праз паўтара года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG