Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў, што сусьветны фінансавы крызіс пачынае адбівацца на працы беларускіх прадпрыемстваў.


Кіраўнік ураду таксама адзначыў, што беларускія прадпрыемствы павінны выкарыстоўваць досьвед 90-х гадоў. Чаму гэтак раптоўна зьмяніліся выказваньні беларускіх чыноўнікаў, якія раней не прызнавалі наяўнасьць крызісу ў Беларусі? Ці вернуцца ў беларускую эканоміку непляцяжы, бартэр ды іншыя рэаліі 90-х гадоў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў:
“У фінансавы крызіс паступова будуць уцягвацца суб’екты гаспадараньня, экспартна-імпартныя апэрацыі, ён можа адбіцца на таваразвароце”, — заявіў 10 лістапада Сідорскі. Чаму раптоўна зьмяніўся тон заяваў высокіх чыноўнікаў? Нагадаем, што яшчэ нядаўна кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам не прызнавала ніякага ўплыву крызісу на Беларусь”.

Залескі:
“Той, хто дыхае паветрам, ня можа доўга прызнаваць яго “зьнешнім”. Хаця яно насамрэч нешта “зьнешняе”, але безь яго не абысьціся. Таксама і ў нас. Эканоміка ўлучаная ў сусьветны глябальны комплекс.

Першымі адчулі зьмены перавозчыкі, бо зьнізіўся аб’ём транспартных перавозак. Потым — тыя, хто зьвязаны з рынкам працы, бо пацягнуліся назад беларусы з Захаду і Ўсходу. Нарэшце, гэта адчулі і прадпрыемствы, бо пастаўшчыкі і спажыўцы пачалі мяняць аб’ёмы вытворчасьці і, адпаведна, закупкі і пастаўкі.

А тое, што міма Беларусі праляцеў першы ўдар гэтага крызісу — гэта таму, што ў нас няма рынку каштоўных папераў, нашы паперы нідзе ў сьвеце на каціруюцца, таму Беларусь гэта і не кранула”.

Цыганкоў: “Мне найбольш сэнсацыйным падалося выказваньне Сідорскага, што ва ўмовах крызісу прадпрыемствам варта выкарыстоўваць досьвед 90-х гадоў — напрыклад,такія захады, як пралянгацыя плацяжоў на 90—100 дзён. Няўжо да нас вернуцца некаторыя рэаліі 90-х? Бо 90-я ў сучаснай беларускай прапагандзе — гэта такія страшныя гады, дзе было толькі кепскае?”

Залескі: “Ня ўсё кепска было ў Беларусі на пачатку 90-х гадоў. Было нешта і карыснае. Дзякуючы бартэру краіна здолела захаваць тэхналягічныя сувязі ў ваенна-прамысловым комплексе, у перапрацоўцы вуглевадародаў, хіміі, захаваць свае эканамічныя адносіны з Расеяй і Захадам у пэўнай ступені. Бо дзякуючы бартэру краіна эканоміла валюту і мела магчымасьць расплачвацца па заходніх крытычных пастаўках.

Тое самае будзе вяртацца і зараз. Бо Расея распадаецца на моцна пацярпелую Маскву, якая, аднак, захавала сваю фінансавую магутнасьць, і на ўсіх астатніх, у каго неўзабаве грошай ня стане. Спатрэбіцца наш тавар, а нам іхні. Але разьлікі будуць зацягвацца альбо трэба будзе праводзіць іх “паводле Карла Маркса” — “мяняць бараноў на сякеры”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG