Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У студзені 2007 г. сэнатар Джозэф Байдэн заявіў, што будзе змагацца за намінацыю ад Дэмакратычнай партыі на кандыдата ў прэзыдэнты.

У студзені гэтага году ён выбыў з прэзыдэнцкай гонкі, ня бачачы шанцаў на атрыманьне патрэбнай дзеля намінацыі партыйнай падтрымкі. У жніўні Барак Абама узяў Байдэна ў свае напарнікі.

20 студзеня 2009 г., калі Абама складзе прысягу як 44-ты прэзыдэнт ЗША, Байдэн стане віцэ-прэзыдэнтам. Пры дзейным прэзыдэнце ЗША, у віцэ-прэзыдэнта невялікія ўладныя паўнамоцтвы. Але калі прэзыдэнт ня ў змозе выконваць свае паўнамоцтвы — з увагі на хваробу, імпічмэнт, адрачэньне ад пасады ці сьмерць — віцэ-прэзыдэнт стаецца фактычным лідэрам краіны і складае прэзыдэнцкую прысягу.

Голас сэнатара Байдэна лічаць адным з найбольш аўтарытэтных у Сэнаце ў такіх пытаньнях як замежная палітыка, грамадзянскія свабоды, змаганьне супраць злачыннасьці і фінансавая дапамога амэрыканскім каледжам.



Да таго, усе ў Амэрыцы ведаюць Байдэна як уплывовага прыхільніка АMTRAK — урадавага прадпрыемства пасажырскага чыгуначнага транспарту. Байдэн падтрымлівае чыгунку перш за ўсё з экалягічных меркаваньняў. У 2006 годзе, камэнтуючы намер прэзыдэнта Джорджа Буша зачыніць АМТRAK, Байдэн сказаў: “Гэта абсалютна дзіка, што мы працягваем дафінансоўваць аўтастрады сумамі большымі за падатак ад продажу бэнзіну...а ня хочам падтрымаць нацыянальнай чыгункі, якая не атручвае натуральнага асяродзьдзя... Большымі дурнямі ў памкненьні ашчадзіць цэнт і страціць даляр мы наўрад ці зможам пабыць...”

Байдэна выбралі ў Сэнат ад малюпасенькага штату Дэлавэр на ўсходнім узьбярэжжы ў 1972 г., калі яму было 29 гадоў. Потым яго пераабіралі ў Сэнат яшчэ шэсьць разоў, апошні раз — у гэтым месяцы. Цягам апошніх 36 гадоў, калі яму трэба было ехаць на працу з Дэлавэру ў Вашынгтон, сэнатар Байдэн дабіраўся туды цягніком лініі AMTRAK.

У Сэнаце Байдэн доўгі час старшыняваў у камітэце замежных дачыненьняў і камітэту судовай сыстэмы. Ён падтрымаў НАТАўскія бамбаваньні сэрбскіх сілаў у Босьніі ў 1995 г. і амэрыканскую інтэрвэнцыю ў Іраку ў 2003 г., хоць потым прапанаваў рэзалюцыі, якія мелі на мэце зьмяніць амэрыканскую стратэгію адносна Багдаду.

Беларусам варта памятаць, што дэмакрат Джо Байдэн, супольна з рэспубліканцам Джонам Маккейнам, выступіў як спонсар “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”.

Калі Барак Абама заявіў, што бярэ сабе ў віцэ-прэзыдэнты Джозефа Байдэна, усе ягоныя прыхільнікі ўздыхнулі з палёгкай. У параўнаньні з Маккейнам Абама выглядаў як абсалютны навічок у замежнай палітыцы. Байдэн стаў гарантыяй, што Абама будзе мець першакляснага экспэрта і дарадніка ў замежнапалітычнай сфэры.



Усе, хто ведае Байдэна асабіста, лічаць яго чалавекам кампанейскім, ахвотным пагаварыць, такім, які за словам у кішэню ня лазе. У 2004 годзе, калі выбухнуў вядомы скандал са зьдзекамі над ірацкімі вязьнямі ў вязьніцы “Абу-Грайб”, прэзыдэнт Буш папрасіў парады ў Байдэна, што рабіць. Байдэн распавёў пра сваю параду часопісу “Rolling Stone”:

“Нядаўна я быў у Авальным пакоі, і прэзыдэнт запытаў мяне, ці я паслаў бы каго ў адстаўку. Я адказаў: “Паслухайце, спадар прэзыдэнт. Ці я трымаў бы [сакратара абароны Доналда] Рамсфэлда? Ні ў якім разе”. Потым я павярнуўся да віцэ-прэзыдэнта Чэйні, які таксама там быў, і сказаў: “Спадар віцэ-прэзыдэнт, я вас таксама не трымаў бы, калі б пра вас не пісалі ў канстытуцыі...” Яны [Рамсфэлд і Чэйні] нічога не сказалі. Толькі сядзелі як дзьве старыя вялізныя жабы на калодзе і глядзелі на мяне”.

Байдэн нарадзіўся ў каталіцкай сям’і ірляндзкага паходжаньня ў штаце Пэнсыльванія. Тыя, што шукаюць нечага вынятковага ў кожных прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, падкрэсьліваюць, што Амэрыка будзе мець ня толькі першага чарнаскурага прэзыдэнта, але і першага віцэ-прэзыдэнта каталіцкага веравызнаньня.

Яго ўласная сям’я, як і сваякі, згодна зь ірляндзкай традыцыяй, моцна выпівалі. Байдэн прысягнуўся, што на ўсё жыцьцё застанецца цьвярозьнікам.

У школьныя гады Байдэн моцна заікаўся, і каб сябрукі не сьмяяліся зь яго на ўроках, калі ён чытаў, ён завучваў цэлыя старонкі тэксту на памяць.

У сьнежні 1972 г., некалькі тыдняў пасьля таго, як Байдэна першы раз выбралі сэнатарам, у аўтамабільнай аварыі загінулі ягоная жонка і аднагадовая дачушка. Байдэн застаўся з двума малалетнімі сынамі. Ён склаў сваю сэнатарскую прысягу дома, у пакоі, дзе спалі ягоныя сыны. У часе свайго першага сэнатарскага тэрміну ён загадаў сваім памочнікам вызываць яго з залі паседжаньняў кожны раз, калі нейкі з сыноў пазвоніць яму ў Вашынгтон.



Пяць гадоў пасьля трагічнай сьмерці жонкі Байдэн ажаніўся паўторна. Другая жонка нарадзіла Байдэну дачку. Байдэн з жонкай кожную нядзелю ходзяць на набажэнства ў касьцёл у мястэчку Грынвіл у штаце Дэлавар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG