Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьная рэформа, якая адбываецца згодна з патрабаваньнем прэзыдэнцкага дэкрэту № 15, суправаджаецца значнымі праблемамі настаўніцкіх калектываў.

Паводле Міністэрства адукацыі, сёлета ў школах скарачаецца колькасьць настаўнікаў музыкі, гісторыі, экалёгіі.

Ірына Жук — карэнная жыхарка Берасьця. Скончыла тут сярэднюю школу № 18. Зноў вярнулася ў 2001 годзе, пасьля атрыманьня адукацыі ў Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце. Выкладала школьнікам ангельскую мову. Аднак нядаўна звольнілася. І вось чым тлумачыць прычыны:

Я сышла са школы, але асабліва не хвалююся
“У мінулым годзе ў мяне было больш вучэбных гадзінаў, а сёлета — менш. І гэта пры горшых умовах працы і большых патрабаваньнях. Таксама настаўніца гісторыі звольнілася. А яшчэ — беларускай мовы.

Я сышла са школы, але асабліва не хвалююся. Мяркую, што нават у сваю школу магу ў любы момант вярнуцца, бо цяпер многія настаўнікі сыходзяць”.

Са словаў Ірыны Жук, абяцанае да канца году дваццаціпяціпрацэнтнае падвышэньне настаўніцкіх заробкаў сытуацыю не ўратуе.

Як у школах хаваюць беспрацоўе?

Але што робяць, да прыкладу на Гарадзеншчыне, каб усё ж затрымаць спэцыялістаў?

Чыноўніца Гарадзенскага абласнога ўпраўленьня адукацыі, якая папрасіла не агучваць яе прозьвішча на “Свабодзе”, прызнае: праблема з настаўнікамі музыкі сапраўды надзённая.

“На пачатку навучальнага году мы прааналізавалі сытуацыю. Рэальна скарачэньня ў нас не адбылося, толькі адзінае — адбылося зьмяншэньне нагрузкі. Але з улікам таго, што міністэрства адукацыі ўнесла зьмены ў штатны расклад і дазволіла ўвядзеньне стаўкі музычнага кіраўніка, з новага каляндарнага году ў тых школах, дзе настаўнік мае менш за 18 гадзінаў, будзе ўведзена стаўка музычнага кіраўніка.

Карэспандэнт: “Каб захаваць яму месца працы?”

“Так. Напрыклад, у сельскай школе толькі пяць ці шэсьць гадзінаў у настаўніка музыкі. Сёлета мы дагружалі іх працай гуртковай. А з новага году ў іх будзе 18 гадзінаў законных пэдагагічных”.

Гэтыя свае шэсьць гадзінаў музыкі настаўнік зможа весьці дадаткова, патлумачылі ва ўпраўленьні адукацыі і ўдакладнілі:

“У адукацыйных школах не было стаўкі музычнага кіраўніка, у нас быў настаўнік музыкі. Але цяпер зьявіцца стаўка менавіта музычнага кіраўніка — такая, якая існуе ў дашкольных установах”.

Ідэалягічныя прадметы замест мастацкіх і гуманітарных

Цяпер школы мусяць перакройваць ня толькі нагрузку на выкладчыкаў, але й звыклы пералік прадметаў.

Пэдагог з дваццацігадовым стажам Ірына Цурпанава кажа, што цяпер у школах менш гадзінаў даецца на вывучэньне беларускай літаратуры й мовы, а таксама на замежныя мовы, у тым ліку й на рускую. Менш увагі аддаецца гісторыі, музыцы й выяўленчаму мастацтву. Павялічыліся гадзіны на вывучэньне фізыкі ды матэматыкі. Часьцей сталі ў школах праводзіць клясныя гадзіны ды інфармацыйныя заняткі.

У школе цяпер шасьцігадзінны навучальны дзень:

“Яны пад маркай разгрузкі прыбралі ўсе прадметы, якія фармуюць інтэлект і духоўнасьць”, — зазначае Ірына Цурпанава. — “Пакуль што трымаюцца за факультатыўныя заняткі. А многія сышлі проста ў розныя сфэры дзейнасьці. Нават не зьвязаныя з пэдагогікай”.

“Некультурны настаўнік абы чаму вучыць”

Чым пагражае Беларусі скасаваньне такіх прадметаў, як гісторыя, мастацтва, культура, або скарачэньне гадзін на іх? Меркаваньне доктара мастацтвазнаўства прафэсара Яўгена Сахуты.

Наша народная культура — гэта унікум у Эўропе, мы ж гэтым можам ганарыцца
“Ну, чым для нас гэта можа абярнуцца? Добра ж вядома, што тое грамадзтва, якое эканоміць на культуры, ня здольнае забясьпечыць нармальнае жыцьцё.

Наша народная культура — гэта унікум у Эўропе, мы ж гэтым можам ганарыцца. Але калі мы ня будзем укладаць гэта ў вушы нашым людзям, то рана ці позна ўсё прыйдзе да нуля. І тады чым мы будзем ганарыцца? Трактарамі, якія быццам ні чым ня горшыя за іншыя ў сьвеце? Вядомая ж рэч: некультурны будаўнік абы як будуе. Некультурны селянін залівае нітратамі зямлю, гноіць палову ўраджаю. Некультурны настаўнік абы як вучыць...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG