Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны адбяруць у насельніцтва столькі сродкаў, колькі спатрэбіцца”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 10 лістапада, панядзелак.


Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе новаабраным прэзыдэнтам стаўся Барак Абама — адна з тэмаў, якую абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня: “Выбары — гэта паказальнік дэмакратыі ў Амэрыцы. Як бы нашы служкі ні казалі, што нашы выбары ў парлямэнт прайшлі дэмакратычна — гэта проста сьмех. Тое, што гэта былі сфальсыфікаваныя выбары, што прайшлі толькі прызначэнцы, — навошта было праводзіць гэтыя выбары? Траціць грошы народныя?”

Ільля Копыл: “У ЗША абралі новага прэзыдэнта — адбылося яднаньне нацыі. Больш за ўсё мяне зьдзівіла пасланьне Мядзьведзева 6 лістапада. Замест таго, каб павіншаваць Барака Абаму з абраньнем на пасаду прэзыдэнта ЗША і гэтым абмежавацца, Мядзьведзеў стаў пагражаць ЗША і Эўропе, абвясьціў пра разьмяшчэньне ракет у Калінінградзкай вобласьці. Гэта пагроза ня ЗША, а краінам Эўропы, у тым ліку і Беларусі”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы абмяркоўваюць міжнародны фінансавы крызіс і стаўленьне да яго ўладаў Беларусі:

Спадар: “У той час, калі ўвесь сьвет запалоханы рэцэсіяй і наступным эканамічным спадам, Лукашэнка забараніў нават згадваць слова “крызіс”. Зразумела, не таму, што вышэй за эканамічныя законы мае здольнасьці забараніць сонцу ўзыходзіць, а таму, што калі спатрэбіцца, адбярэ ў насельніцтва столькі сродкаў, колькі спатрэбіцца”.

Спадар: “Калі наша кіраўніцтва сьцьвярджае, што фінансавы крызіс не закрануў нашу краіну, то тым самым яно прызнае, што такі рост цэн у нашай краіне — вынік пабудовы рынкавага сацыялізму”.

Спадар: “Слухаючы тэлевізар, чую, што крызіс нас не зачэпіць, а гэта толькі на Захадзе. Аказваецца, што пры гэтым крызісе прадукты харчаваньня патаньнелі ажно на чвэрць, а ў нас, пры самым вялікім ураджаі за чатырнаццаць гадоў, хлеб — самае неабходнае, малако ды кавалак скваркі і той уздаражэў у паўтара раза. Вось я і прашу, каб сам Шушкевіч людзям патлумачыў: што ж гэта такое, калі заробак там, у Нямеччыне, у 15 разоў большы, а харчаваньне такое, як у нас тут, ды яшчэ й зьнізілася. Што ж гэта за такі крызіс, расталкуйце”.

На пытаньне адказвае былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі, палітык Станіслаў Шушкевіч:

“Сапраўды, у Нямеччыне харчаваньне каштуе таньней, чым у Беларусі. Гаворка вядзецца пра крызіс банкаўскай сыстэмы і крызіс прамысловасьці. Ён пагражае тым, што людзі страцяць працу альбо панізіцца заробак. На побытавым узроўні гэтага не адчуў ніводны чалавек на Захадзе. У Беларусі ж — крызіс пэрманэнтны”.

Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы з афіцыйным Менскам пра выдзяленьне Беларусі крэдыту памерам 2 мільярды даляраў. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Лукашэнка ня раз называў МВФ бандай жулікаў, а цяпер у гэтай банды просіць пазыку аж на 2 мільярды даляраў. А дзе ж яго верныя сябры Кадафі, Чавэс, Ахмадзінэджад, якія маюць дзясяткі, сотні мільярдаў даляраў? Чаму ён у іх не папросіць? Ці не даюць?”

Спадар:

“Улада просіць стабілізацыйны фонд.
Пытаньне: куды пойдзе ён?
У старых, зьнямоглых няма ільгот, зрывы, стрэсы,
А каля будынку ўлад — мэрсы.
Можа, улада хоча модны Боінг купіць,
На якім ён з сынком паляціць?”


На пытаньне адказвае былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі, эканаміст Станіслаў Багданкевіч:

“Міжнародны валютны фонд дае грошы ня проста так, а пад пэўную праграму, дзе дакладна расьпісана, якія рэформы будзе праводзіць урад Беларусі. Гэта па-першае, а па-другое — крэдыт ад МВФ патрэбны Беларусі для таго, каб папоўніць золатавалютныя рэзэрвы”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG