Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворыць і паказвае Свабода (8 лістапада 2008) <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


“Тыдзень з Радыё Свабода” – штотыднёвая аналітычная перадача на незалежным тэлеканале Белсат.

Беларускія парады амэрыканскаму прэзыдэнту – што паказала абмеркаваньне на нашым радыё. Гэтую тэму сёньня у студыі будуць абмяркоўваць аналітыкі Юры Дракахруст, і Ян Максімюк і дырэктар беларускай службы радыё Свабода Аляксандар Лукашук.



Лукашук: Галоўная падзея тыдня ў сьвеце – амэрыканскія выбары. Мы зьвярнуліся да нашай аўдыторыі з просьбай даць параду новаму прэзыдэнту ЗША – што рабіць у амэрыканска-беларускіх дачыненьнях. Сёньняшняя перадача – аналіз гэтых парадаў. Але напачатку – погляд аналітыкаў на саму падзею – што вас найбольш уразіла на амэрыканскіх выбарах?

Дракахруст: Ды літаральна ўсё. Вынік – першы чарнаскуры прэзыдэнт ЗША. У гэта яшчэ год таму ніхто ня мог бы паверыць. І гэты чыньнік – не паліткарэктнасьць: мы яшчэ не разумеем, якія наступствы гэта будзе мець і для Амэрыкі і для сьвету. Інтрыга выбараў – тыя, хто стаў кандыдатамі, яшчэ год таму былі выразнымі аўтсайдэрамі. У дэмакратаў да сярэдзіны лета ішоў зацяты бой паміж Абамам і Клінтан. Шалёна высокая яўка – проста беларуская яўка, у тым ліку і на датэрміновае галасаваньне. Ну і нарэшце інтрыга вакол выбараў – глыбокі і раптоўны фінансавы крызыс, які гледзячы па ўсім, зрабіў вырашальны ўплыў на вынікі галасаваньня.

Максімюк: Юры назваў усе чыньнікі. Але варта паўтарыць адну рэч – першы чарнаскуры прэзыдэнт у гісторыі Амэрыкі. Яшчэ 50 гадоў таму не ва ўсіх штатах чарнаскурыя мелі права голасу. Гэта пералом. Мне давялося жыць у Нью-Ёрку паўгода, і я ведаю, як востра ў Амэрыцы стаіць расавае пытаньне. І тое, што Амэрыка паказала – вартае захапленьня і пахвалы.

І другое – гэта мабілізацыя. Амэрыка мае дзьве незакончаныя вайны і велізарны фінансавы крызіс. І тое, што гэты народ у змозе змабілізавацца, бачна па яўцы на выбары. На папярэдніх выбарах яна складала 50%, сёлета прыйшло амаль дзьве траціны.

Дракахруст: Аляксандар, а што Вас найбольш уразіла на гэтых выбарах?

Лукашук: Я б адказаў коратка – тое, каго абралі. Глядзіце: бацька – студэнт з Кеніі, вучыцца на Гаваях, маці – белая студэнтка. Яны пабраліся шлюбам, нарадзіўся Абама, яны разыйшліся праз 2 гады, маці выйшла замуж ізноў, ён жыў у Інданэзіі, потым вярнуліся, Барака выхоўвала бабуля. І вось чалавек з такой біяграфіяй, з такім паходжаньнем, бяз грошай, без палітычных сувязяў можа стаць прэзыдэнтам самай магутнай краіны ў сьвеце. Гэта велізарны ўрок надзеі і дэмакратыі для ўсяго сьвету.

Пасьля першай сустрэчы з расейскім лідэрам Пуціным прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сказаў: “Я паглядзеў яму ў вочы і ўбачыў ягоную душу”. Што выйшла з гэтых назіраньняў – ужо справа гісторыі. Але мы на Радыё Свабода, яшчэ ня ведаючы, хто стане 44-м прэзыдэнтам ЗША, прапанавалі і наведнікам нашага сайту і вядомым людзям у краіне адказаць на пытаньне – што б яны параілі новаму прэзыдэнту ЗША. Раіць новаму амэрыканскаму лідэру пачалі зь вялікай ахвотай, так што дзякуючы нашай ініцыятыве новы амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама можа ў пэўным сэнсе паглядзець у вочы беларусам, даведацца, чаго яны чакаюць ад Амэрыкі.
Цікава адзначыць, што палітыкі – лідэры буйных партый, не згаворваючыся прапанавалі новаму лідэру ЗША працягваць адносна Беларусі курс ягонага папярэдніка.

Сяргей Калякін, старшыня ПКБ:

“ЗША павінны дамагацца ўсімі інструмэнтамі, якія ёсьць, каб у Беларусі існавала дэмакратыя. І дагэтуль улады ЗША маючы пэўныя магчымасьці міжнароднага ціску гэта ажыцьцяўлялі. Такая палітыка павінна захоўвацца”.
Анатоль Лябедзька: старшыня АГП: “Нічога кардынальна не мяняць, а прытрымлівацца той пасьлядоўнай і прынцыповай палітыкі, якая вялася і вядзецца сёньняшняй адміністрацыяй”.

Лявон Баршчэўскі, старшыня партыі БНФ:

“ЗША павінны працягваць ранейшы курс, курс прынцыповы ў дачыненьні да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. І адпаведна з гэтым сувымяраць магчымасьці супрацоўніцтва з урадам. ...Безумоўна, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” павінен дзейнічаць далей, пакуль у нас ня будзе адзноўленая гэтая дэмакратыя”.

У якой ступені Барак Абама прыслухаецца да гэтых парадаў беларускіх палітыкаў?

Дракахруст: Ну, прытрымлівацца прынцыпаў амэрыканскай палітыкі наагул Барак Абама безумоўна будзе, а вось працягваць лінію свайго папярэдніка – наўрад ці. Мяркую, што ў палітыцы ЗША зараз будзе крыху меней рыторыкі, магчыма, і пашырэньне дэмакратыі ня будзе разглядацца як галоўная мэта замежнай палітыкі. Як адна з мэтаў – так, але не адзіная.

Што да “Акту аб дэмакратыі”, то я проста хачу нагадаць, што ён у значнай сваёй частцы носіць дарадчы характар – кангрэс раіць ураду весьці пэўную лінію, у ім ня так ужо і шмат канкрэтных захадаў. Захады гэтыя будзе распрацоўваць урад. І хаця палітыка, можа, зьменіцца ня так ужо і значна, але наўрад ці ўрад Абамы захоча выглядаць наступнікам Буша.

Максімюк: Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад сутнасьці, якая заключаецца ў акрэсьленьні “працягваць цяперашнюю палітыку”. Калі мець на ўвазе сам палітычны прынцып падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, няма падставаў гаварыць, што тут хоць што-колечы зьменіцца ў падыходзе Вашынгтону. Усе аналітыкі, якія прама ці ўскосна выказваюцца пра Беларусь у кантэксьце зьмены прэзыдэнта ў ЗША, падкрэсьліваюць факт, што ў амэрыканскім палітыкуме існуе шырокі, звышпартыйны кансэнсус у замежнапалітычным падыходзе да такіх рэжымаў, як беларускі. У гэтым кантэксьце часта згадваецца, што спонсарамі “Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі” былі і дэмакрат Джозэф Байдэн (які толькі што стаў віцэ-прэзыдэнтам), і рэспубліканец Джон Маккейн (які меў шанец стаць прэзыдэнтам ЗША). Так што я спадзяюся, што і пры адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы дзеяньне “Акту” будзе працягнутае Кангрэсам.

Але што тычыцца “матэрыяльнага напаўненьня” гэтага “Акту”, дык у мяне ўзьнікаюць сумненьні наконт захоўваньня ранейшых прыярытэтаў Вашынгтонам. У сваёй прамове пасьля перамогі ў прэзыдэнцкай гонцы Абама падкрэсьліў, што ЗША цяпер стаяць перад найбольшым выклікам бадай ці не за апошнія 100 гадоў свае гісторыі — дзьве незакончаныя войны; агромністы фінансавы крызыс, які можа пераўтварыцца ў эканамічны; штораз большы бюджэтны дэфіцыт. Так што выпадае чакаць, што ў Вашынгтоне ў бліжэйшым часе можа не знайсьціся столькі сродкаў дый часу для падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі, як дагэтуль. Гэта, так бы мовіць, і кепскі, і добры сыгнал для беларускай апазыцыі. Кепскі, бо нельга будзе спадзявацца на заакіянскую шчодрасьць, прынамсі ў такім абсягу, як раней. Добры, бо трэба будзе шукаць рэсурсаў у сябе дома, а гэта азначае больш шчыльны кантакт з сваімі выбарцамі.



Лукашук: У спадчыну ад папярэдніка Барак Абама атрымлівае шырокі спэктар санкцый, якія дзейнічаюць адносна Беларусі, і дыпляматычную «вайну». Што рабіць з гэтым?

Палітоляг Андрэй Фёдараў раіць Абаму падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, а вось наконт санкцый, мае засьцярогі:

“Я баюся, што гэта вельмі вострая зброя. І вельмі небясьпечная. Яна можа нас загнаць у Расею, калі тут рэзка пагоршыцца эканамічны стан”.

Сугучныя меркаваньні і былога пасла Беларусі ў Нямеччыне Пятра Садоўскага:

“Пажаданьне да прэзыдэнта, каб ён, дапамагаючы нам усталёўваць дэмакратыю і фінансавую стабільнасьць, не забываўся пра тое, што мы яшчэ недабудаваная нацыянальная ідэнтычнасьць. Бо ёсьць небясьпека для Беларусі, як гэта было і ў Першую, і ў Другую ўсясьветную вайну, страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць праз глябалізаваныя інвэстыцыі і г.д., асабліва з боку ўсходняга суседа”.

Скасаваньня санкцый чакае намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур:

“Але калі яны перагледзяць сваю палітыку, то, натуральна, я лічу, што першы нармальны крок новага, дэмакратычнага ўраду — гэта пазбавіцца ад старых стэрэатыпаў і адмовіцца ад усіх санкцый”.

Наколькі слушныя гэтыя засьцярогі і наколькі імаверны такі сцэнар?

Дракахруст: Мяркую, што не ад усіх і не адразу. Не выключаю, што некалькі месяцаў нават пасьля інаўгурацыі санкцыі захаваюцца ў цяперашнім аб’еме. Прыпыненьнем санкцый на паўгода Эўразьвяз пачаў уласную гульню. Мяркую, што Вашынгтон можа дазволіць сабе раскошу паглядзець, чым гэты эўрапейскі экспэрымэнт скончыцца. Таксама амэрыканцы будуць глядзець, чым скончыцца сёлетні гандаль Беларусі з Расеяй па газе, а таксама на тое, ці прызнае беларуская Палата прадстаўнікоў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Малаімаверным, але ўсё ж ня выключаным варыянтам можа стаць скасаваньне толькі эканамічных санкцый, уведзеных адносна “Белнафтахіму”, дзеля аднаўленьня нармальных дыпляматычных стасункаў.

Максімюк: Існуе такі міт, што калі нехта будзе націскаць на Беларусь, гэта будзе глыбей заганяць яе ў Расею. Гэты міт вельмі хітра выкарыстоўвае Лукашэнка. Сцэнар хуткага зьняцьця амэрыканскіх санкцый зь Беларусі мне асабіста падаецца малаверагодным. Санкцыі ўводзілі за недэмакратычныя выбары і за палітычны перасьлед. Дэмакратычных выбараў Беларусі не пабачыць яшчэ прынамсі цягам бліжэйшых трох гадоў, бо проста ніякіх выбараў у гэтым часе не прадбачваецца. Што да палітычнага перасьледу, дык ён на нейкі час выразна прыпыніўся, але мне цяжка паверыць, што ў даўжэйшай пэрспэктыве рэжым можа безь яго абысьціся. Так што ня будзе фармальных прычынаў для зьняцьця санкцый.

Ну і яшчэ застаецца справа „дыпляматычнай вайны” паміж Менскам і Вашынгтонам. Ніхто ў гэтай вайне не загінуў, нікога не абвінавацілі ў шпіянажы ці дэмаралізацыі малалетніх, але ня трэба думаць, што Вашынгтон можа лёгка забыць беларускаму рэжыму такія адносіны да сваіх дыпляматычных пасланцоў, якія прадэманстраваў беларускі ўрад. Так што і тут Менск убіў дадатковы клін у працэс магчымага паляпшэньня адносінаў з Вашынгтонам. Працэс гэты магчымы, але ня ў хуткім часе.

Лукашук: Некалькі ўдзельнікаў нашага апытаньня пажадалі наступнаму кіраўніку ЗША каардынаваць палітыку з Эўразьвязам. Прычым, выказваліся два пажаданьні – Амэрыцы ісьці за Эўропай, за яе шахматнай партыяй, распачатай зь Беларусьсю, і наадварот – падцягваць Эўропу да больш прынцыповай і жорсткай палітыкі Вашынгтону. Якая парада ляжа амэрыканскаму прэзыдэнт бліжэй да сэрца?

Максімюк: Новаабраны прэзыдэнт пра сваю замежную палітыку выказваўся вельмі асьцярожна. Магчыма, гэта выкліканае тым, што ён ня мае ніякага замежнага досьведу, ён правінцыйны юрыст, які за 2 гады стаў нацыянальнай зоркай. Варта будзе глядзець, каго ён прызначыць дзяржсакратаром і якія парады будзе даваць яму ягоны віцэ-прэзыдэнт Джозэф Байдэн, якога лічаць вельмі спрактыкаваным у замежнай палітыцы.

Усе аналітыкі напярэдадні выбараў падкрэсьлівалі, што галоўныя пытаньні замежнай палітыкі Вашынгтону – гэта Расея, Іран, Ірак. Тут ніякага месца для Беларусі я ня бачу. Таму я баюся, што цягам наступных 4 гадоў Беларусі адміністрацыя Барака Абамы можа проста не заўважыць.

Дракахруст: Мне здаецца, што месца Беларусі ў амэрыканскай палітыцы Ян назваў – гэта Расея. Ня ў тым сэнсе, што Беларусь – частка Расеі, а ў тым, што Беларусь будзе цікавая, наконт Беларусі будуць нешта думаць менавіта ў сувязі з Расеяй.
Што да стасункаў з Эўропай, то мяркую, што прэзыдэнт Абама будзе менш схільны да аднабаковых, дэманстратыўна аднабаковых дзеяньняў, чым ягоны папярэднік Джордж Буш. Але эўрапейскія абамаманы, мяркую, хутка ўбачаць, што іх кумір усё ж схільны да аднабаковых дзеяньняў больш, чым бы ім хацелася. Так што новы гаспадар Белага дому безумоўна схіліцца да другой пазыцыі, але праводзіць яе будзе, можа, больш акуратна, з большай колькасьцю дэманстрацый салідарнасьці і павагі да сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў. Мяркую, што паўгода эўрапейскага экспэрымэнту будзе пэўным тэстам – калі яны дадуць плён хаця б паводле ацэнак саміх эўрапейцаў, ЗША могуць зрабіць крок усьлед сваім саюзьнікам, але ўжо з большымі падставамі. Калі палітыка Брусэлю пацерпіць відавочны крах, Амэрыка возьме гульню на сябе.

Лукашук: Ну, аднабаковыя дзеяньні, пра якія часам кажуць у сувязі з палітыкай прэзыдэнта Буша, можна назваць і інакш – напрыклад, лідэрствам, гатовасьцю браць ініцыятыву і адказнасьць на сябе.

Улада ў Беларусі належыць адной асобе, і гэтая асоба ня ўзяла ўдзелу ў апытаньні Свабоды. Але прадстаўнікі ўлады выказаліся . Так, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі новай палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка:

“Мне б хацелася, каб амэрыканцы з павагай адносіліся да нашага выбару – як кіраўніцтва краіны, так і шляхоў нашага разьвіцьця”.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

“Патрэбна да Беларусі адносіцца як да сувэрэннай дзяржавы, якая і сама нікому не пагражае і ад іншых не чакае пагрозы. ...І мне хацелася б, каб кіраўнікі ЗША рэальна ацэньвалі нашу дзяржаву, яе міжнароднае значэньне і той узровень дэмакратыі, які ўжо дасягнуты нашай краінай”.

Яшчэ адзін дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч прадэманстраваў у адказе традыцыйную беларускую гасьціннасьць, ён прапануе наступнаму прэзыдэнту ЗША:

“Прыехаць сюды, паглядзець, як жывуць беларускія людзі. І цалкам зьмяніць палітыку на процілеглую, параўнальна з той, якая была да гэтага часу”.

Ну і нарэшце старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына кажа, што Амэрыка з прычыны сваіх стэрэатыпаў і просталінейнасьці імкнецца такія краіны, як Беларусь, ці перарабіць ці не заўважаць. Яна лічыць гэта тупіковай палітыкай і заклікае да больш гнуткага падыходу.

Як бы вы гэта ацанілі – прадстаўнікі улады хочуць людзьмі звацца – ці гэта больш простае жаданьне – не чапайце нас?

Максімюк: Мне падаецца ні тое, ні тое. У Беларусі палітычны дыскурс акрэсьлівае адзін чалавек. І мы ведаем яго імя. І ў гэтых заявах праглядаецца жаданьне сказаць нешта, што ня будзе вылучацца з агульнага патоку палітычнага дыскурсу. Але мне тут бачыцца пэўная крыўда – чаму ЗША ня бачаць у Беларусі ці то сувэрэннай, ці то гордай краіны? У Беларусі нават уладная эліта разумее, што ЗША ёсьць дэмакратычным эталёнам, і іх думка пра тое, што адбываецца ў той ці іншай краіне, мае значэньне.

Дракахруст: Я мяркую, што ўяўленьне пра Барака Абаму як пра суцэльнага прыхільніка палітычнай філязофіі “рэалістаў” памылковае. Наяўнасьць у ягонай камандзе такога патрыярха амэрыканскай палітыкі, як Зьбігнеў Бжэзінскі, шмат аб чым гаворыць. Праўда, менавіта ён некалькі гадоў таму казаў, што стаўленьне Захаду да Лукашэнкі павінна быць камбінацыяй колішняй палітыкі адносна Польшчы Ярузэльскага і Румыніі Чаўшэску. Але тут як раз справа ў прапорцыі.
Барак Абама сапраўды казаў, што гатовы размаўляць з самымі адыёзнымі пэрсанажамі ўсясьветнай палітычнай сцэны, але не дзеля таго, каб прымаць іх і пагаджацца зь іх палітычнай лініяй, а для таго, каб пераконваць, а можа і прымушаць іх мяняць гэтую лінію.

Лукашук: Праваабаронцы Іна Кулей і Алесь Бяляцкі заклікалі наступнага амэрыканскага лідэра працягваць абараняць і падтрымліваць правы чалавека ў Беларусі. Палітоляг Віталь Сіліцкі называе палітыку ЗША “інвэстыцыямі ў будучыню Беларусі”. Паводле яго гэта “і пэўныя адукацыйныя ініцыятывы, і культурніцкія праекты, і кантакты з беларускім грамадзтвам праз галаву беларускіх уладаў... Гэта трошкі іншы стыль паводзінаў параўнальна з эўрапейскім”.

Некаторыя ўдзельнікі нашага апытаньня давалі канкрэтныя прапановы: старшыня ТБМ Алег Трусаў заклікаў новага амэрыканскага лідэра зрабіць значна больш таннымі амэрыканскія візы для беларусаў, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук – зрабіць разам з Эўропай кругласутачнае вяшчаньне на тэлеканале Белсат. Вашы ацэнкі?

Наколькі эфэктыўнай была б гэтая лінія – канкрэтнай наўпроставай дапамогі частцы грамадзтва?

Дракахруст: Лічу , што выступаць за выкананьне ў Беларусі правоў чалавека Барак Абама будзе ў любым выпадку. Магчыма, у найбольшай ступені мае рацыю Віталь. На сёньняшні дзень амэрыканская палітыка ня мае вялікага ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. І магчыма нават ніякая іншая ня мела б. Амэрыканская падтрымка незалежнага грамадзтва з боку ЗША можа спрацаваць у будучыні. Тут Віталь у чымсьці перагукаецца з парадаксальнай думкай Яна, якую ён выказаў у сваіх парадах наступнаму прэзыдэнту ЗША: “Што рабіць? А нічога не рабіць”. У тым сэнсе, што няма ў Вашынгтоне ніякага “залатога ключыка”, якім можна хуценька адчыніць дзьверы Беларусі ў сьвет свабоды і дэмакратыі. Гэта клопат саміх беларусаў. Ну, а падтрымліваць свабоду, падтрымліваць тое жывое, што яшчэ (ці ўжо) ёсьць у краіне – гэта адгукнецца. Калісьці. Раней ці пазьней.

Максімюк: Я веру ў амэрыканскія "інвэстыцыі ў будучыню". Але мяркую, што яны крыху інакш, чым мы, разумеюць, якая сфэра дасьць Беларусі будучыню. Нашы слухачы і чытачы раяць амэрыканскаму прэзыдэнту фінансаваць Таварыства беларускай мовы, Таварыства беларускай школы, беларускія дзіцячыя садкі, паспрабаваць стварыць беларускамоўныя ВНУ. Амэрыканскаму ўраду прапануецца зрабіць тое, што павінен быў бы зрабіць урад Беларусі.

Мы, беларусы, разумеем сувязь паміж пабудовай нацыянальнай ідэнтычнасьці і пабудовай сувэрэннай дзяржавы і незалежнасьці. Але амэрыканцы гэтага не разумеюць, яны не разумеюць сувязі мовы з незалежнасьцю, таму што гэта нацыя эмігрантаў.



Лукашук: Свае меркаваньні выказалі і нашы слухачы – іх спэктар вагаецца ад пажаданьня Вашынгтону пакінуць Беларусь у спакоі да просьбы ўвесьці войскі., ёсьць і прапанова запрасіць прэзыдэнта Беларусі і яго сям'ю у ЗША на доўгае падарожжа і, калі ён захоча, даць яму green card. Вы можаце прачытаць усе выказваньні на сайце svaboda.org.

Свае прапановы маюць і удзельнікі гэтай перадачы – Юры Дракахруст і Ян Максімюк

Дракахруст: Мая прапанова, дакладней пажаданьне сьціплае – зацікавіцца Беларусьсю, успрыняць шматгадовую сытуацыю ў гэтай краіне як інтэлектуальны выклік. Так зь ёй спрабавалі абыходзіцца і гэтак, вынік быў адзін і ня надта суцяшальны. Стан рэчаў у пэўным сэнсе пагаршаўся. Зрабіць рэвізію і прыдумаць новы падыход, рашэньне беларускай загадкі. І ня слухаць парадаў тых, хто ўжо спрабаваў гэтую загадку рашыць. Усе вялікія палітыкі самі прыдумлялі свае стратэгічныя ідэі. Калі Абама хоча стаць такім, яму давядзецца таксама прыдумляць стратэгіі самому.

Максімюк: Ва ўсіх прапановах нашых слухачоў, беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якімі б супрацьлеглымі яны нам ні падаваліся, ёсьць, па-мойму, адна супольная прыкмета ці ўласьцівасьць – усе яны выходзяць з маўклівай перадумовы, што Беларусь – надзвычай важная для ЗША краіна ў палітычным, эканамічным, мілітарным і якім заўгодна іншым сэнсе. Чаму важная? Ну бо Беларусь сядзіць на важных трубах з расейскімі энэргарэсурсамі; бо па беларускім бульбянішчы вядзе найкарацейшая дарога для танкаў, якія будуць ехаць у бок Масквы або Варшавы; бо інкарпарацыя Беларусі Расеяй спародзіць геапалітычную катастрофу, і да гэтага падобнае...

Гэткая рыторыка ўтварае стрыжань “інтэлектуальнага абгрунтаваньня” палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Але што самае дзіўнае для мяне, дакладна на гэткай самай рыторыцы трымаецца і сьветапогляд беларускай апазыцыі, якая ў якасьці свайго галоўнага аргумэнту перад Захадам выстаўляе якраз гэтую геапалітычную выключнасьць і істотнасьць Беларусі. Я баюся – ды адначасова чакаю са спадзевам – што прэзыдэнтура Барака Абамы нарэшце зможа ў значнай ступені падкарэктаваць гэтае сузіраньне беларусамі свае выключнае ролі ў Эўропе. Так бы мовіць, можа працьверазіць іх і вярнуць у рэальнасьць. Дзеля гэтага амэрыканскаму прэзыдэнту ня трэба шмат – проста сказаць сваім чыноўнікам у Дзярждэпартамэнце, што “няхай беларусы разьбіраюцца з сваімі справамі самі, а ў нас ёсьць значна важнейшыя справы, прынамсі ў бліжэйшай чатырохгодцы”. Верагоднасьць, што так і станецца, вялікая.

Дракахруст: Аляксандар, а якая Ваша прапанова Бараку Абаму?

Лукашук: У мяне прапанова вельмі простая – павялічыць бюджэт беларускай службы радыё Свабода і Белсату, каб усе нашы слухачы і гледачы маглі мець доступ да нас там, дзе яны хочуць, калі хочуць, і ў тым аб'ёме, ў якім яны хочуць.

XS
SM
MD
LG