Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Тэстамэнты: шанаваная продкамі эўрапейская традыцыя сышла да рэшты”


Вольга Бабкова, фота nn.by

Вольга Бабкова, фота nn.by

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вольга Бабкова. Крытыкі называюць яе самым паэтычным гісторыкам сучаснасьці. Вольга нарадзілася ў Менску, закончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Займаецца позьнім сярэднявеччам – XVI-XVII стагодзьдзямі.


– Я бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру. Разумееце, часам жыцьцё немажліва вызначыць тэрміналягічна, і таму вельмі часта хочацца казаць жывой мовай. Найперш за людзей, каторыя пра сябе ўжо ня скажуць. Праца такая дастаткова містычная. Таму што мы практычна ажыўляем людзей, ад якіх ўжо не засталося нават надгробкаў. І гэта накладвае пэўны абавязак.

Цягам тыдня Вольга Бабкова расказвала слухачам Свабоды пра тое, якімі ёй бачыцца беларусы мінуўшчына, дзялілася сваімі назіраньнямі за сучасьнікамі. А напрыканцы замовіла журналістам падрыхтаваць перадачу на тэму: “Ці памятаюць нашчадкі пра тэстамэнтную культуру сваіх продкаў?” Чаму менавіта пра гэта?

– Вывучаю шляхецкія тэстамэнты. За нязвыклай на першы погляд назвай хаваецца дакумэнт з выкладаньнем апошняй волі чалавека перад сьмерцю. А гэта значыць – дакумэнт, які тычыцца кожнага.

На яго можна глядзець з рознага гледзішча. Напрыклад, з эканамічнага. З гледзішча вывучэньня сямейных дачыненьняў. Вызначэньня веравызнаньня. А таксама з гледзішча гісторыі мэнтальнасьцяў.

Стаўленьне да сьмерці – адзін з падставовых крытэраў вызначэньня чалавечай асобы.

Як бы ні шкода было разьвітвацца з гэтым сьветам, з назьбіранай за жыцьцё маёмасьцю, зь сямейнікамі, чалавек адкрыта глядзеў сьмерці ў вочы, складаючы свой апошні прыжыцьцёвы акт.

Складаў, часам не шкадуючы словаў, каб згадаць каханых людзей, каб апісаць сьвет, які даводзілася пакідаць і які на парозе сьмерці выглядаў як прывідны, мізэрны, адменны…

Чалавек у тэстамэнце найперш клапаціўся пра сям’ю. Каб не пакінуць ёй у спадчыну сварак, звадаў ды вархолу. Расьпісвалася ўся маёмасьць. Ад маёнткаў і ўпрыгожаньняў да борцяў з пчоламі, касьмы ды пярэстай каровы. Прадумана выбіралася месца апошняга прытулку.

І ўсё гэта пісалася са спадзевам на хуткае зь мёртвых устаньне, на блізкае каралеўства нябеснае…

Пісалася людзьмі – бачнымі. То бок – мудрымі. Якія пачувалі сябе гаспадарамі. Падобна, ня толькі маёмасьці, але – і лёсу.


Тадэвуш Касьцюшка: “Прызнаю ўсіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў…”

Сярод такіх выбітных асобаў, напрыклад, славуты Тадэвуш Касьцюшка. За некалькі месяцаў да сьмерці ён агучыў сваю апошнюю волю: “Глыбока ўсьведамляючы, што прыгоньніцтва знаходзіцца ў супярэчнасьці з законам прыроды і дабрабытам народаў, – гаворыцца ў тэстамэнце, – сім зацьвяржаю, што зьнішчаю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновіцы, разьмешчаным у Брэст-Літоўскім ваяводзтве, як ад імя свайго, так і будучых уладальнікаў. Прызнаю, такім чынам, усіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў…” Дарэчы, сваю амэрыканскую маёмасьць Тадэвуш Касьцюшка перадаў – цытую – “майму сябру Томасу Джэфэрсану, каб ён поўнасьцю выкарыстаў яе на выкуп неграў…, і на дараваньне ім свабоды ад майго імя…”

Добра вядомае беларусам і завяшчаньне славутага Канстанціна Сіманава – пасьля крэмацыі расьсеяць попел на Буйніцкім полі – там у 1941-м ён на ўсё жыцьцё быў уражаны салдацкім подзьвігам абаронцаў Магілёву.

Грамадзянін Вялікабрытаніі Гай Пікард яшчэ пры жыцьці выказаў пажаданьне, каб яго прах пахавалі ў беларускай зямлі…Так ужо сталася, што нашчадак брэтонскіх арыстакратаў, юрыст, які займаўся сямейнымі спадчыннымі справамі, апынуўся і глыбокім знаўцам, дасьледчыкам беларускай царкоўнай музыкі. Галоўнай праца ягонага жыцьця – зборнік “Залатая Беларусь. Анталёгія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень”.

Аднак гэтыя прыклады – з жыцьця славутасьцяў. Ну а якое ж месца займае тэстамэнт у жыцьці шарагоўцаў?

Гісторыкі сьцьвярджаюць: за часамі магдэбурскага права тэстамэнт, ці як яго яшчэ называлі ў нашым краі – духоўніца, быў найважнейшым атрыбутам індывідуальнасьці чалавека, яго права свабодна вызначаць лёс сваёй уласнасьці:

“Тэстамэнт і магдэбурскае права – гэта словы-сынонімы наагул. Гэта прыналежнасьць да эўрапейскай пісанай культурнай традыцыі, прававой эўрапейскай традыцыі. У тэстамэнце адлюстраваныя жыцьцёвы лёс гаспадара, ягоныя эстэтычныя ды этычныя ўяўленьні, ягонае стаўленьне да багацьця, да блізкіх і далёкіх родзічаў. У тэстамэнце апісвалася апошняя воля нябошчыка: як яго пахаваць, дзе пахаваць, колькі даць на службы божыя, на царкву, расьпісвалася дэтальёва – каму, што і як дастаецца дзецям, унукам і ўсім астатнім”, – зазначае магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк.

Паводле суразмоцы прывілей на складаньне тэстамэнту мелі найперш жыхары беларускіх магдэбурскіх гарадоў незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасьці ды шляхты. Гісторык цьвердзіць, што па духоўніцам яскрава прасочваюцца зьмены рэаліяў – напрыклад, як праходзіла палянізацыя краю, а потым яго русыфікацыя.

Цяпер тэстамэнт называюць завяшчаньнем. Каб яго скласьці, часу шмат ня трэба. Гэта дапамогуць зрабіць супрацоўнікі натарыяльных службаў. Кошт такой паслугі – адна базавая велічыня, то бок трыццаць пяць тысяч рублёў. Сучасны тэстамэнт – гэта тры старонкі сухога юрыдычнага тэксту. У адной з натарыяльных кантор Магілёву паведамілі, што людзі ня дужа актыўна зьвяртаюцца па гэтую паслугу. У асноўным людзі сталага веку. А што найчасьцей яны пакідаюць у спадчыну нашчадкам?

“Нерухомасьць у асноўным – дамы, кватэры, зямельныя дзялянкі, альбо ўсю маёмасьць. Часьцяком у людзей бывае некалькі спадчыньнікаў, а яны хочуць некаму аднаму, каб іншых пазбавіць спадчыны. Больш за ўсё яны арыентуюцца на тое, што суседзі робяць. «Вось мне суседка сказала, гэта і трэба зрабіць». Калі ім пачынаеш тлумачыць, што няма сэнсу афармляць завяшчаньне на ўсіх дзяцей, бо што па завяшчаньні, што па законе дакумэнты афармляюцца аднолькавыя. «Ну вось суседка склала, і я хачу». Ну хочаце, калі ласка, мы ніколі не адмаўляем”, – распавяла супрацоўніца натарыяльнай канторы.

Яна не прыгадала выпадкаў, калі б людзі, акрамя разьмеркаваньня маёмасьці сярод родзічаў, згадвалі ў завяшчаньні, напрыклад, царкву.

А што, дарэчы, адбываецца ў гэтым сэнсе ў ёй самой? Якое месца адведзенае тэстамэнту, скажам, у праваслаўных?

У магілёўскім храме сьвятых пакутнікаў Барыса й Глеба патлумачылі: у праваслаўі няма традыцыі складаньня маёмаснага завяшчаньня – ёсьць духоўнае настаўленьне:

“Яно тычыцца статуту царкоўнага, захаваньне ўкладу манастырскага, калі гэта манастыр. На крыжы Эўфрасіньні Полацкай было такое напісана: “Калі нехта вынесе за сьцены манастыра гэты крыж, будзе пракляты”. Былі таксама такія вось настаўленьні: “Мы кармілі па традыцыі жабракоў і нямоглых, калі вы спыніце карміць жабракоў і нямоглых, то манастыр разарыцца». У аснове ўсяго гэтага ляжыць любоў, вера, добрачэсьце й любоў. У гэтым сэнсе гэтыя настаўленьні й складаліся”.

У іудэйскай традыцыі асноўным атрыбутам спадчыннасьці заўжды была кніга. Цяпер у Беларусі інтэлектуальны набытак габрэйскага народу непараўнальна меншы за той, што быў раней. Пра гэта кажа габай – стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн:

“Габрэйскі народ невыпадкова называюць народам кнігі. Усе славутыя, вядомыя габрэйскія лідэры, мудрацы, равіны, настаўнікі адлюстравалі свае разуменьні жыцьця, сваё разуменьне галоўнай кнігі габрэйскага народы Торы ў сваіх кнігах. І гэтыя кнігі перадаюцца нашчадкам. Сёньняшняя габрэйская грамада шчасьлівая тым, што ёсьць набытак папярэдніх пакаленьняў. І такім чынам аднаўляць жыцьцё, аднаўляць, адраджаць і ўздымаць вышэй”.

Усе мае суразмоўцы упэўненыя: па меры таго, як у нашае жыцьцё будзе вяртацца цывілізаванае разуменьне прыватнай уласнасьці, ня толькі матэрыяльнай, але й духоўнай, стаўленьне да тэстамэнту, завяшчаньня, настаўленьня будзе таксама мяняцца. Мяняцца зь ім будзе й стаўленьне да людзей, сваіх родзічаў і блізкіх.

Камэнтуе Вольга Бабкова:

– Сучаснаму чалавеку, напэўна, ёсьць чым ганарыцца. Навокал шмат дасягненьняў, асабліва ў тэхнічнай сфэры. Там адбываецца відавочны прагрэс. Людзі шмат чаму навучыліся – усё о’кей.

Развучыліся толькі пісаць тэстамэнты.

Велізарная эўрапейская традыцыя, якая бярэ пачатак з антычнасьці, якую шанавалі нашыя продкі, сышла да рэшты.

Варта завярнуць у натарыяльную кантору. Сярод узораў дакумэнтаў ад продажу гаражоў, лецішчаў і г.д. можна ўбачыць і ўзор сучаснага тэстамэнту. Завяшчаньня.

Вялікі пласт культуры ўвабраўся ў пяць-шэсьць функцыянальных сказаў: “Я, такой-то и такой-то, проживающий там-то и там-то оставляю тому-то и тому-то что-то…» І што галоўнае – нельга выйсьці за рамкі гэтага убогага па духу фармуляру. Ад вялікай традыцыі застаўся пшык. Ад вялікапй культуры – сьлёзы.

Другія прыярытэты… Па тэлевізары ўвесь час – пра сьмерць іншых: навошта псаваць настрой думкай пра сваю?

У жыцьці чалавека часам можа наступіць пэрыяд, калі пачынаюць адбывацца перамены, непадуладныя яму. Так, мне самой давялося гэтым летам напісаць свой тэстамэнт. Адзінае, што мне ўдалося скрануць зь мёртвай кропкі, – дык гэта напівсаць свой тэстамэнт па-беларуску. Мяне ўгаворвалі не рабіць гэтага – каб не ўскладняць працэс. Здаецца, атрымаўся прэцэдэнт…


Марэк Малюхнік: «Цяперашнія тэстамэнты – гэта іншая форма, ужо без аблічча літаратуры, цяпер гэта вельмі проста пішацца”

Тэстамэнтная культура ад часоў Вялікага княства фармавалася продкамі сучасных беларусаў разам з тагачаснымі літоўцамі і палякамі. Ці захавалі іхныя нашчадкі колішнія высокія традыцыі?

Першым пытаньне пра спадчыну задаем Марэку Малюхніку – польскаму дыплямату, які займаецца пытаньнямі культуры ў Генконсульстве Польшчы ў Горадні.

Малюхнік: “Бываюць людзі, каторыя гэтай формай яшчэ карыстаюцца. Канечне, яна такая без аблічча літаратуры, цяпер гэта вельмі простая форма. Такі тэстамэнт хапае заверыць у натарыюса, каб ён быў сапраўдным. Калі нехта думае пра будучыню, пра сваіх дзяцей, унукаў, ён гэта робіць. А калі не, то сам закон рэгулюе”.

Але цяжка сказаць: колькі людзей прытрымліваецца традыцыі і абавязкова складае загадзя свой тастамэнт, а хто гэтага ня робіць, кажа Марэк Малюхнік.

Малюхнік: “Калі галава роду памірае, застаецца яго жонка, дзеці, унукі, а можа яшчэ першая жонка, закон рэгулюе: колькі каму зь іх трэба і як падзяліць на часткі. Напрыклад, вызначае, што жонка – гэта самы блізкі чалавек, ёй – палову, другая палова дзеліцца ў пэўных прапорцыях”.

Карацей, у Польшчы існуюць законы, што датычаць вызначэньня спадчыны, бо такую важную справу нельга пускаць на самацёк, кажа спадар Малюхнік.

Малюхнік: “Бо бывае, калі людзі адыходзяць раней часу, у трагічных выпадках, напрыклад, і закон павінен быць гатовы, ня можа быць імправізацыі. Закон адназначна разьмяркоўвае: як гэта павінна быць, колькі каму належыцца. Так павінна быць, закон дзеля таго існуе, каб дапамагаць людзям”.

Праўда, заўважае дыплямат, у жыцьці бываюць розныя сытуацыі

Малюхнік: “Але калі ён хоча па-іншаму разьмеркаваць, то можа. Хтосьці ім, напрыклад, добра апекаваўся ў апошнія гады і гэтак далей. Тады чалавек можа памяняць, закон тут няцьвёрды. Бываюць таксама такія выпадкі: родныя расчараваныя, бо паводле тастамэнту, што захоўваўся ў натарыюса, можа быць іншае разьмеркаваньне, ня так, як яны лічылі”.

Дарус Янэйка жыве ў Друскеніках. Што ён думае пра бацькоўскую спадчыну?

Янэйка: “Справядлівасьць, яна якая? Як Бог дасьць, так і справядліва. Калі бацька любіць свайго сына, ён яму ўсё падорыць… Я са спадчынай ніякіх адносінаў ня маю”.

Карэспандэнт: “Дарус, я пачуў, што вы працуеце ў музэі Чурлёніса. А скажыце: які тастамэнт быў у Чурлёніса: каму дасталіся карціны ягоныя, ці былі ў яго дзеці, ці не было?”

Янэйка: “У яго была дачка. Гэта быў складаны час – Літва толькі стала незалежнай. У Каўнасе быў створаны камітэт і ўсе карціны выкупілі ў жонкі Чурлёніса”.

Карэспандэнт: “Яна не пашкадавала ўсе прадаць, яна стала багатай пасьля гэтага?”

Янэйка: “Па тых часах яна не жыла ў бядоце, дакладна. Але што да багацьця: аднаму тысяча даляраў добра, а іншаму гэта – на запалкі. Грошы – няважныя, засталіся карціны ў Літве, і добра”.

Карэспандэнт: “Усе карціны Чурлёніс завяшчаў сваёй жонцы?”

Янэйка: “Я ня ведаю, як там усё адбывалася”.

Карэспандэнт: “А ці былі дзеці ў яго?”

Янэйка: “Ён калі памёр, ён ведаў, што будзе ў яго дзіця, так. Але ён яго ня ўбачыў, вось і ўсе дзеці нібыта. Дачка ў яго была”.

Карэспандэнт: “Карацей, яна нарадзілася пасьля таго, як ён памёр?”

Янэйка: “Так”.

Карэспандэнт: “А колькі яму было гадоў?”

Янэйка: “Няпоўных трыццаць шэсьць”.

Карэспандэнт: “Значыцца, ён памёр маладым?”

Данэйка: “Вельмі. Усё, што зьвязана з Чурлёнісам у Літве, гэта мае вядомасьць. У два нацыянальныя музэі Чурлёніса – у Каўнасе і ў Друскеніках філія, я ў ёй працую”.

Антаніна Хатэнка: “Тэстамэнт – гэта адметная зьява для нашай культуры, для ўсёй прасторы балта-славянскай, частка нашай культуры – княжай, шляхецкай

Вось і высьвятляецца: ня толькі ў беларусаў, аднак і ў суседніх краінах яна перацярпела значныя трансфармацыі, і цяпер у асноўным зьвялася выключна да разьмеркаваньня маёмасьці паміж сваякамі ды таго, дзе пахаваць нябожчыка. Што ж тычыцца дэклярацыі ў тэстамэнтах пытаньняў веры, грамадзкай і сьветапогляднай пазіцыі, як тое выяўлялася, напрыклад, ва ўжо згаданай намі апошняй волі Тадэвуша Касьцюшкі, дык гэтага няма наагул. Чаму так здарылася?

Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка лічыць, што само паняцьце тэстамэнту – гістарычнае, гэта частка нашай духовай і матэрыяльнай спадчыны:

“Тэстамэнт – гэта адметная з’ява для нашай культуры, для ўсё прасторы балта-славянскай, частка нашай культуры – княжай, шляхецкай. Набытак нашых родаў магнацкіх: гэтак яны азначалі ўсё духовае багацьце і здабытае праз дух багацьце ў матэрыяльных каштоўнасьцях, якое перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне. Як страцілася зьява, сышло і слова. На пачатку 20-га стагодзьдзя ва Ўладзімера Жылкі ягоны “Тэстамэнт” – гэта своеасаблівы літаратурны запавет, у той час, калі ён разумеў, што мала засталося, калі ўжо рэпрэсавалі, зразумела, што мала засталося... Але гэта ўжо быў вобраз хутчэй”.

На думку спн. Хатэнкі, нельга недаацаніць духовую сутнасьць панятку тэстамэнту:

“Слова вельмі ёмкае. Сам панятак трымаў повязь пакаленьняў. Гэтая зьява веставала пра тое, што ёсьць пераемнасьць традыцый і нейкіх каштоўнасьцяў матэрыяльных, фінансавых, і найперш – духовых каштоўнасьцяў. Духовая пераемнасьць занатоўвалася ў гэтых тэстамэнтах, яно ж усё ў казках зафіксавана, прычым ня толькі ў нашых – а ў агульных індаэўрапейскіх. Сюжэт, дзе бацька перадае нейкія запаветы сыном”...

Філёзаф Валянцін Акудовіч кажа, што паняцьце тэстамэнту страчана было з прыходам савецкае ўлады:

“Здарыўся Кастрычніцкі пераварот: маёмасьць асабістая ператварылася ва ўсенародную, усеагульную, і ў спадчыну не было чаго перадаваць”

Матэрыяльнае пацягнула за сабой і духовае, разважае Валянцін Акудовіч:

“Мы апынуліся ні з чым не зьвязаныя, ні да чаго не прывязаныя. Мы ў пэўным сэнсе у зьвязку з гэтым – голыя людзі, нас нішто не атуляе, нішто не трымае. “У рабочага няма Айчыны!” – знакаміты лёзунг бальшавікоў тых часоў. Але ў нас ня толькі Айчыны няма – няма і таго, што робіць чалавека большым за самога сябе”.

Сьвятар Аляксандар Шрамко лічыць, што культура разуменьня тэстамэнту цяпер у беларусаў – у заняпадзе:

“Нават былі гэткія выпадкі, калі чалавек казаў, што ня хоча, каб яго адпявалі, а сваякі ішлі ў царкву і прасілі адпець... Не зважаюць часам, дзе прасіў чалавек пахаваць, ставяцца да гэтага несур’ёзна… Так што я б сказаў: у нас гэтай традыцыі, культуры – няма. Каб можа разьвіваліся стасункі паміж людзьмі паважлівыя… Можа гэта таму так у нас, што мы абыякавыя да нашага мінулага, і таксама не глядзім у будучыню – абыякава, што там будзем, няважна. Мы самі забылі сваіх продкаў, і нас забудуць нашыя нашчадкі. Так часта чалавек і жыве адзін у сваім часе – няма сувязі ў часе паміж людзьмі”...

Разьвіваць гэтую сувязь асобна, неяк культываваць – бессэнсоўна. Гэта толькі частка сьветаўспрыманьня чалавека, даводзіць айцец Аляксандар:
“Любіць Бога і любіць бліжняга – калі хаця б гэтыя дзьве запаведзі памятаць, яны пацягнуць за сабой і разьвіцьцё культуры тэстамэнтаў”...

Камэнтуе Вольга Бабкова:

– Я пакуль яшчэ не знайшла нідзе ніякіх згадак пра існаваньне сучасных формаў разгорнутых, глыбокіх тэстамэнтаў, у якіх закладзеная думка. Мажліва, гэта занадта прыватная зьява.

– Як вам бачыцца: што будзе далей з традыцыяй тэстамэнту?

– Ну, пакуль я ня бачу такіх вось праяваў, якія б давалі мне спадзевы на зьмяненьне сытуацыі.

Хоць у нашым Нацыянальным архіве зараз рыхтуецца да выданьня зборнік сярэднявечнага тэстамэнту – надрукуем 110 узораў таго, як сярэднявечная шляхта ставілася да свайго апошняга дакумэнту ў жыцьці. Можа быць, гэта нейкім чынам і стане невялічкім штуршком да думаньня…

Бо многія нават і ня ведаюць, чым ёсьць тэстамэнт.

Многія людзі проста ня думаюць пра вечнасьць. А па вялікім жа рахунку: усё актуальнае – у вечным…

– Мо варта было б пачаць нейкую адмысловую дыскусію?

Магчыма. Бо па вялікім рахунку гэта ня можа не закрануць – паднятая тэма ня можа не закрануць. І гэтая тэма ніколі ня можа сысьці. Таму што сьмерці трэба не баяцца – пра яе трэба думаць. Бо менавіта яна надае гэтаму жыцьцю адчуваньне яго цуда. Мы тут жывем ня вечна…





Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG