Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае гісторык Алег Трусаў. Эфір 6 лістапада 2007 году.


“Запаведнікі – гэта ахоўныя тэрыторыі з разьмешчанымі ў іх межах тыповымі альбо ўнікальнымі прыроднымі комплексамі, выключанымі з гаспадарчага і рэкрэацыйнага карыстаньня, а таксама помнікі архітэктуры, гісторыі і археалёгіі.

У розных сродках масавай інфармацыі Беларусь ня раз называлі і называюць сёньня савецкім ці камуністычным запаведнікам, маючы на ўвазе, што ў гэтай краіне дасюль захоўваецца і надзейна ахоўваецца матэрыяльная і духоўная спадчына савецкай пары”.

***

Вячаслаў Ракіцкі: “Што самае тыповае з савецкай спадчыны захавала сёньняшняя Беларусь?”

Алег Трусаў: “Нямала. У першую чаргу савецкую мэнтальнасьць і ўсё, што з гэтага вынікае. Гэта – нэгатыўныя адносіны да ўсяго замежнага, да высокай культуры і рэлігіі, мастацтва, заможных і адукаваных людзей. Таксама празьмерная фанабэрыстасьць і непавага да іншадумства. Асабліва варта адзначыць поўную непавагу да сваіх каранёў, мовы, гісторыі, культуры, традыцыяў, помнікаў гісторыі і культуры. “Весь мир насилья мы разрушим до основанья, а затем...” – так сьпявалі бальшавікі, калі прыйшлі ў Беларусь. І сваё абяцаньне выканалі”.

Ракіцкі: “Вы лічыце, што мэнтальнасьць ці псыхалёгія беларускага грамадзтва спарадзіла непавагу да нацыянальных помнікаў гісторыі і архітэктуры? Вось жа літоўскія камуністы адбудоўвалі за савецкія грошы замкі і касьцёлы, а беларускія – іх узрывалі, перабудоўвалі ў склады і дамы культуры. Якая гістарычная падстава такой псыхалёгіі?”

Трусаў: “Тут некалькі чыньнікаў, пра якія варта сказаць. Па-першае, літоўцы пажылі ў незалежнай дзяржаве болей за 20 гадоў і пасьпелі выхаваць у свайго народу павагу да роднай мовы, гісторыі і культуры. Мала таго, яны скарысталі гістарычны міт пра Вялікую Літву ад Клайпеды да Нясьвіжу і Міра, запісалі яго ў свае падручнікі і настолькі ў яго паверылі, што Сталін падарыў ім спачатку Вільню, потым Друскенікі, а ў 1945 годзе і Клайпеду. Пасьля вайны ў Літве быў моцны партызанскі ўзброены супраціў, і таму Сталін ішоў літоўскім камуністам на саступкі ў культурным будаўніцтве.

У Беларусі ўсё адбывалася інакш. Спачатку ў Рызе ў 1921 годзе Беларусь падзялілі паміж Польшчай і Расеяй. Пры гэтым БССР была створана толькі на частцы беларускай этнічнай тэрыторыі без Смаленшчыны, Браншчыны і іншых зямель. Беларусы былі ў асноўным сялянскай нацыяй і лічылі сваіх паноў палякамі, якія, як правіла, праводзілі палітыку палянізацыі, асабліва на тэрыторыі Заходняй Беларусі, прычым праз касьцёл. Не было ў іх вялікай павагі і да расейскіх палітыкаў, што не лічылі іх за людзей, і да расейскіх папоў. Таму бараніць “літоўскія” замкі, “польскія” палацы і касьцёлы, “рускія” сядзібы і цэрквы мясцовыя камуністы, асабліва не беларускага паходжаньня, не хацелі”.

Ракіцкі: “Беларусы не сьпяшаюцца бараніць і родную мову, нягледзячы на тое, што відавочна прымаюць незалежную беларускую дзяржаву. У часе перапісу называюць роднай мову беларускую, а карыстаюцца суседзкай, расейскай”.

Трусаў: “Ізноў жа параўнаю зь іншымі суседзямі – літоўцамі. Літоўцаў пакаленьнямі вучылі толькі па-літоўску, таму, трапіўшы ў СССР, расейскую мову ведалі добра, а сваёй не забылі, і ў сям’і прынцыпова гаварылі толькі па-літоўску, нават у мяшаных сем’ях, але такіх было мала. Заходнюю Беларусь захлынула хваля татальнай палянізацыі. У БССР дзякуючы беларусізацыі спачатку пазыцыі беларускай мовы ўзмацніліся, але ў 30-х гадох ХХ стагодзьдзя змаганьне з “нацдэмаўшчынай” прывяло да фізычнага зьнішчэньня спачатку савецкай, а потым (пасьля верасьня 1939 году) і заходнебеларускай эліты. Размаўляць па-беларуску, асабліва ў гарадох, стала проста небясьпечна. Я добра памятаю, як плакала мая бабуля, якая, дарэчы, вучылася ў беларускім пэдтэхнікуме разам з Аркадзем Куляшовым, калі я дома і на дварэ пачаў гаварыць па-беларуску. Яна казала: “Унучак, што ты робіш, цябе за гэта заб’юць”.

Ракіцкі: “Не было б тое, было б што другое – цьвердзіць народная мудрасьць. І жыцьцё гэта пацьвярджае. Дык чым замянілі зьнішчаныя помнікі беларускай гісторыі і культуры?”

Трусаў: “Савецкімі новабудоўлямі. Напрыклад, на месцы Восіпаўскага сабору XVIII стагодзьдзя ў Магілёве збудавалі гатэль, на месцы могілак будавалі жылыя дамы і стадыёны, на разбураным Менскім замчышчы – Палац працоўных рэзэрваў, а пазьней станцыю мэтро, на старажытным дзядзінцы Слуцку – дом культуры. Сьпіс можна доўжыць”.

Ракіцкі: “Гэта, як мне падаецца, яшчэ паўбяды. Але ж помнікі новым героям, новым ідалам ставілі і на месцах старых, і новыя плошчы пад іх будавалі. І ляндшафт гарадоў мяняўся, ляндшафт усёй краіны. Калі мэтафарычна, дык і ляндшафт мэнтальнасьці...”

Трусаў: “Прапаганда, у тым ліку і манумэнтальная, працавала надзвычай моцна. Спачатку разбуралі і зьнішчалі старыя помнікі царскіх часоў, прычым ня толькі на вуліцах і плошчах, але дабраліся нават да могілак. Потым пачалі ставіць помнікі рэвалюцыянэрам, асабліва Леніну і Сталіну. Пасьля вайны, калі Хрушчоў зьнішчыў сталінскую сымболіку, Беларусь скрозь забудавалі помнікамі Леніну (іх было болей за 400) і ягоных прыхільнікаў. Усе вуліцы гарадоў і вёсак, асабліва ў цэнтры, былі пераназваныя ў гонар савецкіх ці расейскіх дарэвалюцыйных дзеячоў, а пасьля апошняй вайны дадаліся імёны савецкіх вайскоўцаў і партызанаў”.

Ракіцкі: “І вось ужо шыльдачка “помнік ахоўваецца дзяржавай” перамясьціўся з муроў старажытных храмаў і замкаў на немастацкія выявы правадыроў... У сэнсе пашырэньня камуністычнай ідэалёгіі, стварэньня камуністычных мітаў Беларусь за савецкім часам лічылася самай перадавой. Аж да такой ступені, што сама стала мітам стварэньня і захаваньня савецкага запаведніку. Чаму менавіта Беларусь абганяла іншыя савецкія рэспублікі, тых жа сваіх суседак – Украіну, Расею?”

Трусаў: “Таму што тут праводзіўся сьвядомы і мэтанакіраваны экспэрымэнт для стварэньня новага этнасу – савецкага народу. Распачаў яго Мікіта Хрушчоў, які прыехаў у Беларусь і на ганку БДУ ўрачыста заявіў, што беларусы першымі ў СССР адмовяцца ад роднай мовы і таму першымі зажывуць пры камунізьме”.

Ракіцкі: “А чаму выбралі менавіта Беларусь, а не Расею, Украіну?”

Трусаў: “Зь некалькіх прычынаў. Па-першае, меншыя памеры. Нацыянальная эліта была зьнішчаная, або знаходзілася ў ГУЛАГу, ці зьехала ў эміграцыю пасьля апошняй вайны. Па-другое, на іх месца прыслалі людзей з Расеі ці з іншых рэспублік, прычым пераважна мужчынаў, якія часта бралі ў жонкі беларусак, але сем’і былі толькі расейскамоўнымі. Па-трэцяе, сюды прыслалі тысячы вайскоўцаў, завезьлі атамную зброю. Вайскоўцы зь сем’ямі жылі ў спэцыяльных вайсковых гарадках, дзе беларускай мовы прынцыпова не вучылі. І дзяржава дазваляла ім гэтага не рабіць. Тым часам маладых беларусаў вывозілі на працу і сталае пражываньне ў Карэлію, Калінінградзкую вобласьць, Казахстан, Сібір, расейскія Поўнач і Далёкі Ўсход. Маладых спэцыялістаў-беларусаў пасьля ВНУ накіроўвалі па-за межы Беларусі, а сюды прывозілі небеларусаў, нават праваслаўных сьвятароў везьлі”.

Ракіцкі: “Адной з догмаў, якая ўбівалася ў галовы савецкіх беларусаў, была догма пра савецкі народ як непарушную еднасьць, маналіт, пра неабсяжную прастору СССР як радзіму. І Якутыя, і Эстонія, і Туркмэнія былі радзімай беларусаў, а вось Беласточчына – не. А вось жа раз і грымнула незалежнасьць. Чаму вельмі хутка беларусы яе прынялі і ня сталі бараніць СССР?”

Трусаў: “Здарыўся зьбег акалічнасьцяў. Па-першае, пачалася перабудова, быў створаны БНФ, які разбудзіў гістарычную памяць беларусаў, асабліва калі яны даведаліся пра Курапаты. Чарнобыльская катастрофа таксама вывела людзей на вуліцы і плошчы. Таксама мясцовае кіраўніцтва было супраць перабудовы і часткова падтрымала ў жніўні 1991 году путч. Незалежнасьць яму была патрэбная, каб пазьбегчы пакараньня. І, вядома, палітыка Ельцына, які, змагаючыся за ўладу з Гарбачовым, мусіў абапірацца на Ўкраіну і Беларусь. СССР быў скасаваны менавіта ў Віскулях, на нашай зямлі. Такім чынам, самая савецкая частка СССР аддзялілася і мусіла жыць самастойна”.

Ракіцкі: “Але ж чаму таксама вельмі хутка прыйшлі да ўлады людзі, якія ў новых рэаліях незалежнай Беларусі і непазьбежнасьці рынкавых дачыненьняў, здавалася б, пайшлі насуперак лёгіцы? І сярод прыярытэтаў дэкляруюць ужо другое дзесяцігодзьдзе захаваньне савецкіх каштоўнасьцяў, найперш ідэалягічных? Беларусь як запаведнік савецкіх каштоўнасьцяў – гэта дзяржаўная палітыка?”

Трусаў: “Па-першае, мясцовае кіраўніцтва не прыняло рэформаў і вырашыла захаваць усю маёмасьць без рэформаў. Яно ня ўмела ствараць алігархічны капіталізм, як гэта было ў Расеі. Пры гэтым настальгія па СССР, пры якім жыхары Беларусі жылі значна лепей, чым пры перабудове і ў першыя гады незалежнасьці, прывяла да ўлады сілы, якія напоўніцу скарысталі савецкі мэнталітэт беларусаў, што нарадзіліся і жывуць у запаведніку. І толькі цяпер, калі эканоміка ўжо ня можа жыць паводле савецкіх законаў і вырастае першае пакаленьне, якое нарадзілася ў 1990-я гады, гэты запаведнік можа неўзабаве адысьці ў нябыт”.

Ракіцкі: “Пры якіх абставінах можа быць разбураны міт пра Беларусь як запаведнік? Хто і калі можа выступіць разбуральнікам яго?”

Трусаў: “Па-першае, разбуральнікам выступалі і выступаюць вонкавыя абставіны, якія закранулі ўсіх суседзяў і патрабуюць эканамічных рэформаў. Унутры Беларусі супраць савецкіх канонаў выступаюць шматлікія прадпрымальнікі, культурная эліта і студэнты. Цяпер да іх далучаецца частка намэнклятуры, якая хоча легалізаваць сваю маёмасьць хоць бы па расейскім ўзоры. Усё гэта разам і стварае тую сілу, якая можа і павінна ліквідаваць савецкія мэнтальныя звычкі”.

Ракіцкі: “І пакуль беларусы гэтага міту не разбурылі, ці маглі б яны ім скарыстацца?”

Трусаў: “Яны пакуль і карыстаюцца гэтым напоўніцу. Дзякуючы адпаведным ідэалягічным абяцанкам Расея дае танныя энэрганосьбіты. А ў той жа час дзеці намэнклятуры навучаюцца за мяжой і рыхтуюцца прыняць уладу ўжо паводле іншых, не савецкіх, узораў”.

Ракіцкі: “І нарэшце, што, з вашага гледзішча, трэба рабіць з матэрыяльнымі знакамі Беларусі як савецкага запаведніку, тымі сотнямі статуяў, бюстаў бальшавікоў, сярод якіх і людзі, што мелі ня толькі “замест сэрца палымяны матор”, а і крывавыя рукі?”

Трусаў: “Трэба зноў жа браць прыклад з суседзяў, тых жа літоўцаў. Я прапаную стварыць музэй манумэнтальнай савецкай прапаганды. І разьмясьціць яго недалёка ад Курапатаў, каб людзі бачылі: вось яны – тыя, хто палілі крывёю Курапаты”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG