Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі акупацыя духоўная, культурная працягваецца"


Удзельнікі дыскусіі

Удзельнікі дыскусіі

У Горадні сёньня, 7 лістапада, адбылася размова за круглым сталом на тэму: “Горад сьвятога Губэрта: сучаснасьць супраць мінуўшчыны”.


У ім удзельнічалі, апроч гарадзенскіх гісторыкаў, Захар Шыбека, Сяргей Харэўскі, Антон Астаповіч зь Менску. Размова атрымалася шырэйшай — пра цяжкасьці ў змаганьні за захаваньне архітэктурных помнікаў у сталіцы і па ўсёй Беларусі. Бо гэтыя цяжкасьці паўсюль аднолькавыя.

Карэспандэнт: “Запрасіў да размовы за круглым сталом Павал Мажэйка”.

Мажэйка: “Што мы сёньня маем? Возьмем дом Элізы Ажэшкі, пра які расказвалі легенды. Але калі яго разабралі, то аказалася, што ён складзены з сылікатнай цэглы. З другога боку, я кажу, што спроба зрабіць турыстычнымі гэтыя нашыя аб’екты, гістарычную спадчыну ператвараецца хутчэй у зьнішчэньне ці так званую рэканструкцыю, разбурэньне аб’ектаў. Што мы, як грамадзкасьць гораду, у гэтай сытуацыі можам зрабіць? Я прашу пачаць спадара Астаповіча — кіраўніка Рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. І тэмай будзе: гісторыка-культурныя помнікі Горадні і ўдзел грамадзкасьці ў абароне”.

Астаповіч: “Ня ўсе рэгіянальныя структуры падтрымліваюць пазыцыю рэспубліканскай рады, у прыватнасьці, Гарадзенскае абласное таварыства займае ў справе абароны спадчыны вельмі пасіўную пазыцыю… Мы прыйшлі да наступнай высновы: мяжа супрацьстаяньня паміж дзьвюма цывілізацыямі — заходнеэўрапейскай і маскоўскай, яна пралягла менавіта празь Беларусь. Нават цяпер у незалежнай Беларусі акупацыя духоўная, культурная працягваецца. Сытуацыя жахлівая ў Менску, у першую чаргу, і ў Горадні апошнімі гадамі становіцца жахлівай таксама”.

Карэспандэнт: “У дыскусіі ўзяў удзел гарадзенец прафэсар Алесь Краўцэвіч”.

Краўцэвіч: “Яскравы прыклад з Горадняй, калі мы з Алесем Смаленчуком напісалі ліст да генэральнага пракурора, падмацаўваўшы фотаздымкамі зьнішчэньне культурнага пласта Горадні ў ахоўнай зоне, зацьверджанай афіцыйна, якую я сам распрацоўваў: чатыры мэтры грунту экскаватарам выбіралі. Прыехала інспэктар, напісала прадпісаньне, і гэта было як вялікае дасягненьне. Беручы гэтую справу шырэй, пра што вы сёньня гаварылі, Антон, факты складваюцца ў такую канцэпцыю па зачышчэньні культурнай прасторы ва ўсёй краіне: паглядзіце як ліквідуецца беларускамоўная адукацыя, тое ж адбываецца ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, а таксама што датычыць помнікаў гісторыка-архітэктурных. Я не прыхільнік тэорый змоваў, але выглядае на добра прадуманы плян. Але я лічу, што ваша праца па ўнясеньні помнікаў у дзяржаўны сьпіс, яна сапраўды важная”.

Карэспандэнт: “Са сваімі высновамі — доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед, які выкладае ў Гарадзенскім унівэрсытэце”.

Швед: “Вось на якія думкі наводзяць выступы маіх калегаў: турызм можа быць формай захаваньня нейкай сядзібы, палаца, нам трэба мець гэта на ўвазе. Той жа Сьвяцкі палац прапаноўваецца аддаць за сымбалічную суму, за адзін рубель, каб хтосьці яго толькі ўзяў. Але бачыце: няма на сёньняшні дзень нават ахвотнага ўзяць, таму што велізарныя грошы трэба ўкласьці. Нядаўна была створана рада па разьвіцьці турызму на Аўгустоўскім канале, я быў уключаны, паколькі зьяўляюся загадчыкам катэдры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. І я ведаю, што праца вядзецца, каб Сьвяцк у раёне каналу аддаць, каб нехта аднавіў, рэстаўрацыю зрабіў нармальную. У Эўропе ёсьць такія прыклады, калі будынак проста аддаецца”.
XS
SM
MD
LG