Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі “аксамітная” манера пазбаўляць прафэсіі"


<strong>Вячаслаў Нікіфараў</strong>, фота <a href="http://www.ont.by/" target="_blank">ont.by</a>

<strong>Вячаслаў Нікіфараў</strong>, фота <a href="http://www.ont.by/" target="_blank">ont.by</a>

Вячаслаў Нікіфараў адносіцца да плеяды кінарэжысэраў, якія прынесьлі найбольшую вядомасьць “Беларусьфільму”. Самымі плённым былі 1980-я, калі на экраны выйшлі “Бацькі і дзеці” па рамане Тургенева, тэлесэрыял “Дуброўскі” і кінавэрсія “Высакародны разбойнік Уладзімер Дуброўскі” па аповесьці Пушкіна, ваенны экшн “Дзяржаўная мяжа. Фільм 5-ы”. З развалам СССР кінэматограф аказаўся ў глыбокім крызісе і былыя заслугі нікога ўжо не цікавілі. У 1990-х Нікіфараў зьняў толькі два фільмы на чарнобыльскую тэматыку. Апошняя праца на “Беларусьфільме” датаваная 1999 годам, пасьля чаго разам зь іншымі знакавымі асобамі ён аказаўся па-за бортам мясцовай кінаіндустрыі. На пачатку 2000-х быў запрошаны ў Расею, дзе стабільна выдае па 2-3 фільмы і тэлесэрыялы штогод. Сярод самых заўважных — “На безыменнай вышыні”, “Спэцназ”, “Карусэль”, “Капітанскія дзеці” і прадукт 2008 году — сэрыял “Знахар”.

Карэспандэнт: “Вячаслаў Аляксандравіч, ужо не адзін год чуюцца заявы пра неабходнасьць рэанімацыі беларускага кінэматографу, пра тое, што “Беларусьфільм” чакаюць маштабныя перамены. Зусім нядаўна пра гэта гаварылі і Аляксандар Лукашэнка, і кіраўнік “Беларусьфільму” Ўладзімер Замяталін. Вы ўвогуле такім абяцаньням верыце?”.

Нікіфараў: “Дык нібыта нешта і захоўваецца. Захоўваецца база “Беларусьфільму”, пашыраецца яе сэрвільная функцыя, абслугоўваньне. Вельмі шмат расейскіх праектаў тут базуецца — тут таньней, тут добра, тут людзі добрасумленныя. Але сваё падзапусьцілі.
Нібыта дзяржава і дае нейкія грошы, але скарыстацца нават гэтымі сродкамі з розумам не ўдаецца.
Нібыта дзяржава і дае нейкія грошы, але выбудавана так нязграбна ўсё ўнутры, што скарыстацца нават гэтымі сродкамі з розумам, па вялікім рахунку, не ўдаецца. І першая прыкмета — тое, што рвуцца спачатку традыцыі і якіясьці ніткі жывыя ў пэрсанальным сэнсе. Гэта імёны, у першую чаргу мы гаворым пра Ігара Дабралюбава, пра стаўленьне да яго. У нас дзясяткі два маладых было рэжысэраў, якіх у свой час вучылі Тураў, Пташук. Дарэчы, я пасьля гібелі Пташука даводзіў паўкурсу яго хлопцаў. Былі дзясятка паўтара здольных людзей, палова зь іх ужо ў Расеі “арудуюць”. Гэтак жа, як і я, таму што мне не знайшлося тут справы, а перакваліфікавацца заслужанаму дзеячу мастацтваў і ляўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (гэта я пра сябе любімага) ужо было позна. Ну не трускалкамі ж гандляваць?”

Карэспандэнт: “Ці можна казаць, што ваш ад’езд зь Беларусі ў пэўным сэнсе выкліканы безвыходнасьцю ў прафэсіі?”

Нікіфараў: “Ад адсутнасьці працы! У мяне было каля 10 заявак у апошнія гады, бальшыня зь іх проста не разглядаліся. Пры канцы таго стагодзьдзя я пісаў ліст-заклік: “Што рабіць? Што далей, спадарства?” Мне было 50 зь невялікім гадоў, і я цікавіўся: што рабіць, вы ж хоць разгледзьце прапановы! Не, нічога падобнага. І, натуральна, каб пракарміць сям’ю (а ў мяне позьнія дзеці, яны былі яшчэ няпоўнагадовыя), я пачаў разглядаць прапановы з Расеі. Сталі запрашаць тэлеканал адзін, другі, і так вось пайшло. А калі я зьняў
Калі я зьняў “На безыменнай вышыні”, вельмі заўважны фільм, то тут адразу схамянуліся, пачалі пісаць — “сумесна Беларусь-Расея”.
“На безыменнай вышыні”, вельмі заўважны фільм, то тут адразу схамянуліся, пачалі пісаць — “сумесна Беларусь-Расея”. А Беларусь была ні пры чым, проста дала ў арэнду пару грузавікоў і асьвятляльныя прыстасаваньні. Але ніякая не сумесная карціна, гэта была проста няпраўда. Была замова расейскага тэлебачаньня, а тут аказалі якія-ніякія тэхнічныя паслугі”.

Карэспандэнт: “У Беларусі аб’ектыўна невялікая пракатная прастора. Відавочна, што ў гэтым сэнсе патрэбна шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту, займацца папулярызацыяй прадукцыі, маркетынгам?”

Нікіфараў: “Натуральна, трэба ўмець увайсьці ў расейскае, у СНДоўскае асяродзьдзе. Значыць, нейкія трэба будаваць адносіны, ажыцьцяўляць рэальнае прадусарства ў сучасных умовах. Гэта тое, што робіць эканоміка ў той ці іншай ступені. А як жа інакш? Бо насамрэч у нашым пракаце мы можам не апраўдаць сродкаў, укладзеных у фільм, таму нам трэба заўсёды выходзіць вонкі. А дзеля гэтага што патрэбна? Матэрыял і кадры. А хто гэта робіць, хто арганізоўвае? Тыя ў нас, адзіныя ў кіно афіцыйныя прадусары — Міністэрства культуры. Значыць, калі іншых няма, усё кладзецца на іх. Іншым папросту не далі нарадзіцца, разьвіцца. А ў свой час былі студыі і ў Ігара Дабралюбава, і ў мяне, і яшчэ дзясятка паўтара было, але іх паступова, як кажуць, абясточылі і распылілі. А гэта ж былі якраз зачаткі прадусарства, якога цяпер беларускаму кінэматографу не хапае”.

Карэспандэнт: “Вам не было прапановаў вярнуцца на “Беларусьфільм”?

Нікіфараў: “Паўгоду таму з адным чыноўнікам размаўляў: а вы вяртайцеся, Вячаслаў! Я адказваю — дык я нікуды і не зьяжджаў, тут мой дом. І што вы маеце на ўвазе? Калі тое, што я недзе працую, дык я раблю сваю культурніцкую справу, культура ня мае межаў. Вы можаце таксама па тэлевізіі бачыць вынікі маёй працы. Але калі казаць пра беларускую, нацыянальную вытворчасьць, то на што вяртацца? Вы ж мне нічога не прапануеце? Я гатовы быў пачуць, што, маўляў, а вы ж і не працавалі?! Вядома, не працаваў. Гэта ж не пісьменьнік, што сеў, узяў аркуш паперы і аловак. І тое пісьменьніку потым пайсьці кудысьці трэба, каб яго выдалі. Але нам калі не прапануюць, не ўлічваюць меркаваньня, не пытаюцца ўвогуле, што ў вас у плянах, то нас робяць нямымі. У нас увогуле гэткая аксамітная, ласкавая манера пазбаўляць чалавека прафэсіі. Гэта адбылося зь Ігарам Дабралюбавым, гэта адбылося са мной, гэта адбылося з Валерам Рыбаравым”.

Карэспандэнт: “Як вы гледзіце на тое, што цяпер беларускай кінагаліной кіруе Ўладзімер Замяталін, які дагэтуль ніякіх адносінаў да кінэматографу ня меў?”

Нікіфараў: “Па сутнасьці ён — кіраўнік вытворчасьці. У кіно як усё сумяшчаецца — вытворчасьць і творчасьць. І злучэньне гэтага — самая хітрая штука. Можна вельмі моцна ўмацаваць вытворчасьць, заклікаць туды вельмі сур’ёзнага мэнэджара-кіраўніка, і
Замяталін — вельмі нядрэнная кандыдатура для “Беларусьфільма”.
ў дадзеным выпадку, напэўна, Замяталін — вельмі нядрэнная кандыдатура для “Беларусьфільму”. Ужо хто толькі студыю не ўзначальваў апошнім часам! Дайшлі да таго, што ўжо нават рэжысэр кіраваў, Аляксандар Яфрэмаў, для якога гэтая гаспадарка і вытворчасьць былі, так бы мовіць, да “сіняй зоркі”. Проста так зразумець гэта немагчыма, бо ўсё ж рэжысэр — гэта гуманітарнік, ты хоць трэсьні. Дый Цьвяткоў у свой час быў з той жа опэры. Але нарэшце прыйшоў буйнога рангу кіраўнік. І гэта правільна з боку вытворчага, адміністрацыйнага, забесьпячэньня тэхнічнага. Ён агучвае, я чуў, амбітныя пляны, дай Бог ім ажыцьцявіцца. Але вось ці праявіўся ён разам зь Міністэрствам культуры ў творчым аспэкце, у кадравым пытаньні — я ня ведаю. Пакуль, апрача вось таго пажаданьня лірычнага — а вярнуліся б вы — я нічога ад яго не пачуў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG