Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Радзівілаў у падручніках значна больш, чым пра Леніна


Ці ведае сучасная моладзь, хто такі Ленін, іншыя рэвалюцыянэры? У якім кантэксьце і ў якім аб'ёме выкладаецца школьнікам тэма Кастрычніцкай рэвалюцыі?


Тэму Кастрычніцкай рэвалюцыі вывучаюць зараз у 8-й і 9-й “штрых” клясах па прадметах “Усясьветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”. Усяго на гэта адведзена 4 урокі. Гутару зь дзевяціклясьнікамі, якія гэтыя тэмы вывучалі летась.

Карэспандэнтка: “Ці вывучалі вы ў школе тэмы Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі?”

Хлопец: “Быццам бы вывучалі…”

Карэспандэнтка: “А ў якім аб’ёме, у якім кантэксьце?”

Хлопец: “Я ня памятаю, я, мабыць, тады ня быў на ўроках, я нічога пра гэта ня ведаю”.

Карэспандэнтка: “А хто такі Ленін, ведаеш?”

Хлопец: “Ленін… Ну, ён кіраваў СССР”.

Юнак: “Выкладалі. Там галоўнай дзеючай асобай быў Ленін. Сутнасьць рэвалюцыі была ў тым, што ўсю ўладу хацелі даць пралетарыяту, простаму народу, а не буржуям”.

Гісторык Алег Трусаў прааналізаваў, як тэма рэвалюцыі выкладзена ў школьных падручніках, і прыйшоў да наступнай высновы:

Алег Трусаў
“Вельмі сьцісла. Асабліва ў школьных падручніках. Тыя, хто пісалі падручнікі, думаюць, што сучаснае пакаленьне зь дзяцінства ведае, хто такі Ленін. Там нават і біяграфіі няма. Натуральна, тыя, хто пісалі падручнікі, самі добра ведаюць, хто такі Ленін, і думаюць, што ўсе ведаюць. У школьных падручніках асоба Леніна зусім слаба падаецца — некалькі слоў. Пра Радзівілаў і Сапегаў значна больш, чым пра Леніна — гэта дакладна”.

На гістарычных факультэтах ВНУ тэмы рэвалюцый выкладаюцца больш грунтоўна, кажа загадчык катэдры гісторыі Беларусі найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Каханоўскі:

“Абысьці гэтыя падзеі, якія так ці інакш паўплывалі, і вельмі сур’ёзна паўплывалі, на ход гісторыі, нельга. Як ня даць ацэнку, як не паказаць? Мы паказваем і лютаўскую рэвалюцыю, і Кастрычніцкую. І Ленін, і Кастрычніцкая рэвалюцыя — усё гэта старонкі гісторыі, і яны прысутнічаюць. І ў гісторыі ўсясьветнай, і ў гісторыі Расеі, якая выкладаецца ў БДУ, і, безумоўна, у гісторыі Беларусі яны ёсьць. Бяз гэтага абысьціся нельга”.

Што да асобаў і імёнаў — Мясьнікова, Жылуновіча, Чарвякова ды іншых — яны таксама ёсьць у падручніках, кажа Аляксандар Каханоўскі:

“Гэта ўжо залежыць ад спэцкурсу, які чытаецца, і ад яго профілю і зьместу. Безумоўна, прысутнічаюць тыя ці іншыя асобы, але гэта ня значыць, што толькі рэвалюцыянэры. Але калі паўстае пытаньне — манархічная думка, альбо кансэрватыўная думка на тэрыторыі Беларусі, — гучаць і іншыя імёны”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG