Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас няма выбараў, парадуемся хоць за амэрыканскія”


Сьвяткаваньне дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі, выбары прэзыдэнта ЗША, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”. На пытаньні слухачоў адказваюць палітоляг Валеры Булгакаў і палітык Віктар Карняенка.

У Беларусі 7 лістапада на дзяржаўным узроўні адзначаецца гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар:

“7 наябра — слаўны празьнік Акцябра!
“Улада Савету!” Праз рэпрадуктар гучала нам пра гэта.
Потым адышлі бальшавікі, а сьвята засталося нам.
У беларускім лічыльніку стаіць чырвоным колерам.
Гэта дзіва —
Можа, на гэта пытаньне “Свабода” адкажа праўдзіва”.

На пытаньне адказвае палітоляг Валеры Булгакаў:

“Сьвята 7 лістапада — гэта, вядома, даніна савецкай ідэалёгіі і савецкай сымбалічнай спадчыне. Яно прагматычна выкарыстоўваецца дзеля мабілізацыі беларускага электарату на патрэбныя беларускаму рэжыму мэты. Я думаю, што гэтае сьвята недаўгавечнае. Яно і зараз зьяўляецца, фактычна, нечым унікальным на пасьлясавецкай палітычнай прасторы. І разам з адыходам рэжыму Лукашэнкі яно таксама адыдзе ў нябыт”.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе новаабраным прэзыдэнтам ЗША стаўся Барак Абама, застаюцца адной з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”:

Ільля Копыл: “Я адчуваў асалоду, назіраючы за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША. Гэта сапраўдная дэмакратыя. У нас няма выбараў. Парадуемся хоць за выбары амэрыканскія. Усе яны грамадзяне ЗША, амэрыканскі народ, які паважае сябе. У нас такіх выбараў пакуль што быць ня можа, бо ў нас няма народу, у нас расколатае, падманутае насельніцтва, якое не паважае сябе”.

Спадар: “Прайшлі выбары ў ЗША. Іх можна прывязаць да нашай апазыцыі — Вячоркі, Лябедзькі, Мілінкевіча ды іншых. Дзе зараз Маккейн? Пацярпеў паразу. Дык, можа, нашым сябрам апазыцыі трэба задумацца, што ім даўно трэба пайсьці ў адстаўку і даць дарогу маладым. Можа, тады ў іх што-небудзь атрымаецца, як у Амэрыцы малады прэзыдэнт прыйшоў да ўлады?”

На пытаньне адказвае намесьнік Аляксандра Мілінкевіча ў руху “За свабоду” Віктар Карняенка:

“Канкурэнцыя ў партыях — карысная рэч. І тое, што яе няма шмат у якіх апазацыйных партыях — гэта спыняе іх разьвіцьцё, з майго пункту гледжаньня. Але гэта ўнутраная праблема партый, а не грамадзян Беларусі. Актыўным грамадзянам трэба ўступаць у палітычныя партыі і ўплываць на прыняцьцё рашэньняў”.

Працягваем праграму СМС-допісам ад слухача Андруся: “Вітаю, роднае радыё! Няхай жыве магутны, сьмелы наш беларускі вольны дух! Я хачу, каб ты існавала заўжды!”

І далей — выказваньні на розныя тэмы:

Спадар: “Сучаснаму пакаленьню абавязкова вернуць уклады, як і нашаму, старэйшаму. Савецкі рубель за рубель беларускі. Толькі вось адна розьніца: там яшчэ й капейка цану мела, а тут яе зусім ня стала. Ніхто не вінаваты. Ашчадныя касы перайменавалі ў банкі, і мільёны засталіся з носам. Гульня пачынаецца нанава. Вашы стаўкі, спадарства!”

Спадарыня, Наваградак: “Вось і канчаецца год здароўя, але я ня бачу ніякага далучэньня да здароўя. Мне давялося выпісваць рэцэпт для маці, але я яго ня выпісала, бо ганяюць з кабінэту ў кабінэт. Людзі пакутуюць, але ніхто не зьвяртае на гэта ўвагі. Пэнсіянэры з кульбачкай ходзяць з кабінэту ў кабінэт, але дабіцца праўды немагчыма, лепей памерці, чым дабіцца праўды і справядлівасьці”.

Пяскоўскі Ўладзімер, Гомель: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, зьвяртаюся да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі спадара Мядзьведзева і да прэзыдэнта незалежнай сувэрэннай Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі: “Перастаньце падымаць пытаньне пра стварэньне адзінай валюты Беларусі і Расеі, а таксама мыльнай бурбалкі пад назвай “Саюзная дзяржава”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.
Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24.
Тэлефануйце і пішыце!
Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце.
Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


XS
SM
MD
LG