Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ, якая вяла перамовы зь беларускімі ўладамі ад 27 кастрычніка да 6 лістапада, працягне дыскусіі ў Менску на наступным тыдні.


У сталым прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі паведамілі, што місія МВФ працягне працу ў Менску. Паводле ранейшай інфармацыі, яна павінна была скончыць дзейнасьць 6 лістапада. Дыскусія адносна выдзяленьня стабілізацыйнага крэдыту Беларусі ў 2 мільярды даляраў пакуль што не прынесла плёну: ніякіх рашэньняў не прынята і прэс-канфэрэнцыі па выніках працы місіі не плянуецца. Супрацоўніца сталага прадстаўніцтва МВФ Юлія Лыскова адзначыла:

“Заўтра ў Менск для ўдзелу ў гэтай дыскусіі прыбывае намесьнік дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднага валютнага фонду Юха Кяхкянэн”.

Нагадаем, афіцыйны Менск папрасіў у МВФ крэдыт на 2 мільярды даляраў, як патлумачылі ў Нацыянальным банку Беларусі, для стварэньня “падушкі бясьпекі” ва ўмовах усясьветнага фінансавага крызысу.

Камэнтуючы неабходнасьць такога крэдыту для Беларусі, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў, што крэдыт сёньня для афіцыйнага Менску — гэта крэдытнае праяданьне.

“На падтрымку той палітыкі, якая і завяла краіну ў гэтыя цяжкія фінансавыя ўзаемаадносіны: да дэфіцыту ліквіднасьці, да праблем на валютным рынку. Таму грошы трэба даваць тады, калі ёсьць канкрэтны плян мадэрнізацыі эканомікі. Сёньня такога пляну няма. Я думаю, тыя перамовы, якія сёньня ідуць, па сутнасьці, і тычацца гэтага пляну мадэрнізацыі, які павінен прыняць беларускі ўрад, каб атрымаць больш сталае і працяглае крэдытаваньне”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што крэдыт Беларусі МВФ хутчэй за ўсё дасьць. Аднак у ім няма ніякай патрэбы.

“Калі б я быў прэм’ер-міністрам, нават ня ставіў бы пра гэта пытаньне. У Беларусі норма зьберажэньня стала 4%. Сёньня беларусы купляюць сабе “вольвы”, джыпы. Эканомяць толькі 4 даляры са ста. Паглядзіце, якія вілы пабудаваны пад Менскам. І яшчэ грошы браць у крэдыт — гэта ж трэба так дажыцца! Таму гэта звычайнае эканамічнае пачварства. Калі трэба жыць па сродках, эканоміць трэба, а ў краіне нейкая вакханалія спажываньня. Ад пачатку году на 20% павялічыліся пакупкі насельніцтва. Вось гэтыя два мільярды і пойдуць на ўсе гэты “пшыкі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG