Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лістапада апазыцыя будзе адзначаць па-рознаму


Сябры абедзьвюх камуністычных партый будуць ускладаць кветкі да помніка Леніну, якога яны называюць “правадыром сусьветнага пралетарыяту”.



Сябры “Эўрапейскай кааліцыі” замовілі набажэнства і пойдуць памінаць сотні тысяч ахвяраў грамадзянскай вайны. Ёсьць прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія лічаць, што дзень рэвалюцыі трэба памятаць выключна з пункту гледжаньня гісторыі, але ні ў якім разе не адзначаць на дзяржаўным узроўні.

Сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, у склад якой уваходзяць незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт”, Партыя свабоды і прагрэсу, аргкамітэт дзеля стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” і аб’яднаньне прадпрымальнікаў, будуць маліцца ў Сьвята-Петрапаўлаўскай царкве.

Яны лічыць, што 25 кастрычніка 1917 года ў выніку дзяржаўнага перавароту пачалася сацыяльная катастрофа, наступствы якой адчуваюцца дагэтуль.

Яны замовілі набажэнства і зьбяруцца памінаць ахвяраў кастрычніцкага дзяржаўнага перавароту 1917 году ў 11.30. Дагэтуль невядома дакладная колькасьць людзей, якія загінулі ў часы Грамадзянскай вайны. Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня “Народнай грамады” Мікола Статкевіч паведаміў “Свабодзе”, што сьвятар катэдральнага сабору адмовіўся памінаць нявінна забітых людзей. Ён параіў зьвярнуцца па дазвол у Эпархіяльнае ўпраўленьне.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

Вельмі сумна, што ў нашай краіне гэты трагічны дзень адзначаецца як
сьвята
“Вельмі сумна, што ў нашай краіне гэты трагічны дзень адзначаецца як сьвята. Хаця, насамрэч, на мой погляд і погляд маіх калегаў, гэта дзень пачатку трагедыі, у выніку якой толькі на тэрыторыі Беларусі па падліках гісторыкаў у 20-30-я гады загінулі больш за 600 тысяч жыхароў нашай зямлі.

Колькасьць ахвяраў на тэрыторыі былой расейскай імпэрыі на працягу грамадзянскай вайны, якая скончылася па-сутнасьці толькі з распадам Савецкага Саюзу, загінулі дзясяткі мільёнаў”.

За паўгадзіны да малебну на Нямізе сябры Партыі камуністаў беларускай будуць ускладаць кветкі да помніка Ўладзіміру Леніну на плошчы Незалежнасьці.

Сябра ЦК ПКБ Сяргей Вазьняк пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

Кастрычніцкая рэвалюцыя была прарывам да народаўладзьдзя
“Кастрычніцкая рэвалюцыя была прарывам да народаўладзьдзя. Ні да кастрычніка ні пасьля яго не было такіх сацыяльных пераваротаў, калі б да справы кіраваньня дзяржавай прыцягваліся шырокія народныя масы.

Кепска, што мы не скарысталіся гэтым шанцам, што дэмакратычная ўлада Саветаў была замененая самаўладзьдзем партыйнай намэнклятуры”.

Старшыня “Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў лічыць, што, наогул, ня трэба ніякім чынам адзначаць дзень дзяржаўнага перавароту, які ў школьных падручніках дагэтуль значыцца як дзень Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі.

“Гэтая дата для чалавецтва такая ж як пачатак Першай сусьветнай вайны, ці пачатак Другой сусьветнай вайны. Гэтую дату ніяк ня выкінеш. Канешне, гэтую дату забываць нельга, бо тады яна паўторыцца. Але адзначаць ня варта ні ў якім разе.

Ніхто ж не адзначае напад Гітлера на Польшчу
Мы ж ведаем, што 1 жніўня 1914 году – пачатак Першай сусьветнай вайны. Альбо 1 верасьня 1939 году – Другой сусьветнай. Ніхто ж не адзначае напад Гітлера на Польшчу”.

Тое, што набліжаецца чырвоны дзень календара, адчувалася ўчора, 6 лістапада. У другой палове дня ў гарадзкіх крамах было шмат студэнтаў з вялікімі сумкамі, якія набывалі прадукты ў вёску.

Для студэнтаў гэта магчымасьць тры дні пабыць дома з бацькамі і замяніць летняе адзеньне на зімовае. Увечары ў нядзелю яны будуць вяртацца ў Менск з тымі ж сумкамі, у якіх апроч адзеньня будуць слоікі з агуркамі і з варэньнем.
XS
SM
MD
LG