Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар патрабуе 20 мільёнаў за махлярствы на выбарах


Іван Шэга

Іван Шэга

Агляд недзяржаўных беларускіх газэт за 7-га лістапада.

“Газэта Слонімская” паведамляе пра змаганьне свайго земляка з махлярствам падчас нядаўніх выбараў у парлямэнт. Паводле афіцыйных дадзеных, за лекара Івана Шэгу аддаў галасы толькі 21 выбаршчык болей як са ста. Кажа журналіст Сяргей Чыгрын.

“Іван Шэга палічыў, што гэта немагчыма і ўжо пасьля выбараў правёў апытаньне з мэтай высьветліць, за каго яны галасавалі. Каля 70 чалавек пісьмова пацьвердзілі, што прагаласавалі за лекара, які лічыць дзеяньні камісіі па выбарах парушэньнем закону”.

Іван Шэга падаў у суд і дамагаецца за падман кампэнсацыі ў 20 мільёнаў рублёў, – паведамляе выданьне. Таксама “Газэта Слонімская” аналізуе сытуацыю з валютай у горадзе: у банках немагчыма набыць даляры, а ў валютчыкаў курс даляра падняўся да 2300 рублёў.

Тыднёвік “Вольнае Глыбокае” згадвае пра бітву, якая адбылася пад сьценамі гораду дакладна 347 гадоў таму – 6-га лістападу 1661 году. Рэдактар выданьня Уладзімер Скрабатун ведае пра гэтую падзею з календароў, выдадзеных па-беларуску яшчэ “за польскім часам”, а зараз вырашыў нагадаць пра славутую падзею сваім землякам.

“Стэфан Чарнецкі разьбіў тут войска Вялікага княства Маскоўскага пад кіраўніцтвам ваяводы Хаванскага. Вядома, што ў бітве загінуў сын Хаванскага, а з нашага боку – швэдзкі палкоўнік Дуглас. Літвіны захапілі багата трафэяў: 5 гарматаў, вялікі запас пораху. Больш за 6 тысячаў вазоў з правіянтам. Рэшткі 20-ці тысячнага войску маскоўскіх акупантаў зьбеглі ў Полацк”.

Крычаўская газэта “Вольны горад” у чарговым нумары аналізуе магчымасьць кадравых зьменаў у кіраўніцтве раёну пасьля таго, як кіраўнік Магілёўскай вобласьці Барыс Батура паехаў на падвышэньне ў Менск. Таксама дасьледуецца сытуацыя вакол будаўніцтва новага цэмэнтавага заводу на ўскрайку Крычава – нагадаем, адно такое прадпрыемства ў райцэнтры ўжо працуе. Другое будуць будаваць у Крычаве кітайцы. Але рэдактар Сяргей Няроўны найперш кажа пра экалягічную бясьпеку.

“Я таксама жыў тут у пасёлку цэмэнтавага заводу і памятаю, як маці, калі памые бялізну і вывесіць сушыцца, дык потым на ёй застаецца шэры напыл”.
XS
SM
MD
LG