Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Бабкова: “Праспэкту Незалежнасьці патрэбен бразыльскі карнавал”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – архівіст Вольга Бабкова. Крытыкі называюць яе самым паэтычным гісторыкам сучаснасьці. Вольга нарадзілася ў Менску, закончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Cёньня спадарыня Бабкова расказвае пра свае менскія ўражаньні.


– Люблю Менск.

Нягледзячы ні-на-што!

Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Гэта – мой горад.

Часам патрапляю ў яго, як у чорную дзюру. А часам лячу па яго паверхні зь незвычайнай лёгкасьцю.

І ўсё ж бачу, адчуваю: Менску неабходна нарэшце прачнуцца!

Страсянуць зь сябе каменнае здраньцьвеньне, умураванае ў сьцены будынкаў чужымі рукамі.

Горад неабходна запаляніць музыкай. Вызваліць яе з падземных пераходаў – хай бы толькі файнай музыкай!

А ячшэ – прыцішыць шумавы гармідар у кавярнях. Дзе яшчэ не зразумелі: патрэбна чуць чалавечы голас насупраць.

Не ганяць бабулек з жывымі садовымі кветкамі. Бо яны сапраўды яшчэ нейкі час цешаць. У адрозьненьне ад пампэзных галяндзкіх букетаў бяз водару.

Перастаць утрапёна месьці восеньскую лістоту з вуліц.

…Як жа хочацца растрэсьці горад! Зьняць зь яго фармулярную апранаху. Паглядзець: на што ён здатны? Што ў яго ўрэшце ўнутры?

Абудзіць яго ад імпэрскага сну.

Нават ангельскія фанаты, што запрудзілі яго цёплым сонечным восеньскім днём, толькі трошку страсянулі тое соннае цела.

Сюды трэба было б бразыльскі карнавал! Сюды – на наш прашпэкт.

Каб і мы павясяліліся разам зь імі. Толькі шчыра павясяліліся.

А гэта – заўсёды дарэчы. І заўсёды – да лепшага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG