Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана крызісу – 8-10 мільярдаў даляраў?


Паводле статыстычных дадзеных, 80% беларускага экспарту прыпадае на два дзясяткі стратэгічных прадпрыемстваў, якія прыносяць асноўны валютны прыбытак у дзяржаўны бюджэт.


Аднак, з улікам сусьветнага фінансавага крызісу, стан прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу і аўтамабілебудаваньня істотна пагоршыўся. Зьмена каньюнктуры на міжнародных рынках прывяла да таго, што большая частка вырабленай прадукцыі ідзе на склад, а сплата запазычанасьці за рэалізаваныя тавары расьцягваецца на месяцы.

Ад пачатку 2008 году буйныя беларускія вытворцы адчувалі сябе ў надзвычай камфортных умовах. Як паведамляе статыстычнае ведамства, цягам студзеня-жніўня кошт тоны калійных угнаеньняў вырас амаль утрая ў параўнаньні з 2007-м, азотных — больш чым у два разы. На 70% падвысіўся экспартны кошт тоны нафтапрадуктаў, на 50% — чорных мэталаў. На 25% і 30% падаражэлі адпаведна беларускія трактары і грузавыя аўтамабілі. Усё зьмянілася ў чацьвертым квартале. Фінансавы крызіс падарваў банкаўскую сыстэму, спыніўся мэханізм крэдытаваньня для тых, хто набываў беларускую прадукцыю. Яе кошты, сьледам за коштамі на нафту, пачалі імкліва зьніжацца.

Прэзыдэнт Лукашэнка, аднак, заявіў, што крызысу ў Беларусі “няма і ня будзе”. Усьлед за ім гэту тэзу паўтараюць і кіраўнікі заводаў. Прынамсі, у адміністрацыі Менскага трактарнага заводу запэўнілі, што прадпрыемства працуе ў ранейшым рэжыме:

“Ды не, у прынцыпе, усё нармальна. Прынамсі, пакуль безь ніякіх эксцэсаў. Ніхто нікога не скарачае, усе працуюць. Графік працы дакладна ранейшы. Ва ўсялякім выпадку, нічога надзвычайнага ў нас не адбываецца”.

Аднак размовы пра адыход ад звыклых нормаў не сьціхаюць. Як расказаў адзін з супрацоўнікаў экспартнага аддзелу Менскага аўтамабільнага заводу, пэўнае пагаршэньне ягоныя калегі ўжо адчулі на ўласнай кішэні — на аўтазаводзе не далі прэміяльных за мінулы месяц. А гэта немалая сума — 200 даляраў. Паводле суразмоўцы, асноўныя пакупнікі мазаўскай прадукцыі, Украіна і Расея, з аднаго боку, гатовыя і надалей браць аўтамабілі. А зь іншага — яшчэ не расплаціліся за раней набытыя машыны. Цяпер, паводле спэцыяліста, кіраўніцтва МАЗу рыхтуецца да пераходу на супрацоўніцтва толькі на ўмовах папярэдняй аплаты — запазычанасьці за тэхніку, рэалізаваную ў суседнія краіны, ужо складаюць 2—3 месяцы. І хоць пакуль затрымак у выплаце заробкаў няма, аднак хранічныя неплацяжы партнэраў могуць спустошыць заводзкую казну.

Аналітык Валянцін Лопан цягам 10 гадоў працаваў у адміністрацыі Менскага аўтазаводу і з унутранай кухняй аўтагіганта знаёмы не па чутках. На ягоную думку, каб канчаткова ня страціць абаротныя сродкі, трэба тэрмінова перагледзець бізнэс-пляны:

“Я ня маю дадзеных, што дзесьці нешта спынілася (і наўрад ці гэта будзе згортвацца), але магу даць экспэртную ацэнку. Мяркуючы па
неабходна істотна карэктаваць пляны ў расейскім кірунку
тых паведамленьнях, якія паступаюць з Расеі, натуральна, што тэмпы росту расейскага рынку сур’ёзна скароцяцца ў наступным годзе. Таму разьлічваць на тыя аб’ёмы, на якія быў разьлік раней, ужо не даводзіцца. На маё меркаваньне, неабходна істотна карэктаваць пляны ў расейскім кірунку — і па выпуску прадукцыі, і па інвэстыцыях, наколькі яны будуць апраўданыя. А галоўнае — трэба неадкладна прадпрыемствам прамысловасьці — няхай, можа, не пастановай ураду, але хоць бы вуснымі загадамі кіраўніцтва — даручыць перагледзець свае бізнэс-пляны нават на гэты год. Бо калі заводы будуць імкнуцца ўсе паказьнікі выканаць, якія даведзеныя паводле прагнозу, то яны проста ўсе свае абаротныя сродкі “замарозяць” на складах гатовай прадукцыі. І ў выніку ня будзе чым заробак плаціць”.

Ёсьць зьвесткі, што сур’ёзныя складанасьці ўзьніклі ў Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне. З пачаткам крызісу актыўна пачалі дэмпінгаваць украінскія канкурэнты БМЗ. Аднак нават іхная прадукцыя ідзе на экспарт зь цяжкасьцю, ня кажучы ўжо пра дарагі беларускі мэталапракат.

Яраслаў Раманчук
Эканаміст Яраслаў Раманчук у аналітычнай раскладцы сьцьвярджае: ва ўмовах паглыбленьня эканамічнага крызісу лягічна чакаць скарачэньня аб’ёмаў экспарту аўтамабіляў, абсталяваньня, азотных угнаеньняў і хімічнай прадукцыі. Зь іншага боку, пры росьце коштаў на газ, скарачэньні датацыяў па нафтавых пошлінах валютная выручка Беларусі ў 2009 годзе можа скараціцца на 8—10 мільярдаў даляраў.

Пры гэтым разьлічваць на новыя стабілізацыйныя крэдыты не выпадае — кіраўніцтву Беларусі трэба разьлічвацца па ўжо набраных пазыках. Гэтаксама ва ўмовах эканамічнага крызісу ня варта чакаць актыўнасьці інвэстараў, якія, у бальшыні сваёй, маюць уласныя фінансавыя праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG