Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 6 лістапада.


На пачатку вандроўкі ехаў у Багданаў натхнёны. Падавалася, як 6 год таму. Тады новае жыцьцё і памяшканьне атрымаў музэй тутэйшага ўраджэнца, мастака-пейзажыста, вучня Шышкіна ды Куінджы — Фэрдынанда Рушчыца. Самага слыннага зь сям’і, якая валодала Багданавым з 1836-га. Расейскі мэцэнат Сава Марозаў для Трацьцякоўскай галерэі набыў яго дыплёмную працу. У Гданьску дзейнічае музэй Рушчыца, у якім працуюць ягоныя нашчадкі. А 78-гадовая Соф’я Іванаўна Масьцібродзкая яшчэ бачыла яго на свае вочы.



Іванаўна: “Я помню, як Рушчыц тут быў, дзеці, бачыла, езьдзілі да цягніка. І цяпер ухваляюць яго, хто ў яго працаваў — добра плаціў. Унукі з Польшчы прыяжджаюць, таму што іх дзяды пахаваныя тут на могілках...”

Карэспандэнт: “А самі хоць адну карціну Рушчыца бачылі?”

Іванаўна: “Не, я ня помню. Хоць пасьля вайны школа ў іх маёнтку зроблена, але не...”

Расчараваньні сустрэлі ў пасёлку зь першых жа хвілін. Гутарыць з карэспандэнтам “Свабоды” адмовілася колішні школьны псыхоляг Сьвятлана Буйко. 6 год таму яна разам зь дзецьмі зьбірала па хатах рэчы з маёнтку Рушчыцаў, правяла тры пленэры, наладзіла сувязі з нашчадкамі. Цяпер яна школьны завуч. Нашу тэлефонную размову нібыта пачула нехта Якубаўна, супрацоўніца Валожынскага райана, і настойліва “парэкамэндавала” не ўваходзіць са мной “у кантакт”. Але галоўнае — спадарыня Буйко, стаўшы начальніцай, кінула пачатую справу. Няма больш музэю, парушаны сувязі з Польшчай. Таму пра Рушчыца гэтым разам я гутарыў са спадарыняй Дубніцкай, настаўніцай фізыкі. 40 год адпрацавала яна ў мясцовай школе, была сябрам БНФ і ТБМ.

Карэспандэнт: “Ева Віктараўна, вам, як карэннай жыхарцы, не абуральна, што хоць польскамоўны, але беларускі па духу і паходжаньні Рушчыц можа цалкам адысьці палякам?”

Дубніцкая: “Гэта ад нас залежыць. Вучні добра ведаюць Рушчыца, кожны год адзначаюць яго дзень нараджэньня, на магілку ходзяць. Камень-помнік ёсьць. Але я была ў музэі ў Гальшанах, са Сьветлагорску жанчына — “першы раз чую, па ТБ нічога не было...” Беларусь ня ведае Рушчыца...”



Разумею марнасьць пераказу таго, што намалявана мастаком. І ўсё-ткі Рушчыц у гэтай перадачы будзе гучаць. Перада мной карціна “Зямля”.

...Горб ральлі, нібы край зямлі. З-за гарба, са страшэннай напругай перастаўляючы капыты, выходзяць грувасткія, як зубры, валы. А за імі чалавек, што ўпяўся ў чапігі. Адзіны з жывёламі на гэтай цяжкай, у камянях, зямлі. Пад цяжкім, усклубленым небам...

27-гадовы Іван спужаўся, убачыўшы мяне. Думаў, начальства — а ён з конікам збочыў у кювэт. Пасьля сам пацягнуўся да мікрафону. Тры гады таму працаваў на складзе мінэральных угнаеньняў.

Іван: “У нас такія былі заробкі, што ніхто ня возьмецца — 50—60 тысяч...”

Карэспандэнт: “Такога не бывае!”

Іван: “Менавіта так бывала. Тым больш, здароўе страціўшы. Хімабарону давалі — сьпяцоўкі не гумовыя, а папяровыя. Звольніўся. Гаспадарку маю, сьвіней, коніка, трусоў. Парасяты буду мець, толькі так і пражывеш...”

23-гадовай асемянятарцы Валянціне Давідовіч, здавалася б, пашанцавала. СВК “Багданаўскі”, дзе яна працуе з мужам-трактарыстам, выдзеліў маладой сям’і двухпавярховы цагляны дом. Але вось што распавяла Валянціна.



Давідовіч: “У нас наагул вады не было, унутры нічога — сьцены, тынкоўка, пясок сыпаўся. Калі рамонт рабілі, тры пакоі зрабілі — хопіць. Зарабляем мала — я 190, муж, калі ўборачная, да мільёна, а ўзімку 180. За кватэру мы плацім, а па крэдытах калгас. Кажуць, што можна прыватызаваць. Але з такімі заробкамі — нерэальна. Абяцаюць мне падняць: з 206 да 208...” (сьмех).

Ля альтанкі, што паміж крамай ды вакзалам, далучыўся да бабулі ды двух дзядуляў, што выйшлі на дзённы шпацыр.

Спадарства: “Лазьню закрылі, краму, хлебапякарню, сталовую. Моладзь уся зьехала. А што рабіць у Багданаве — заробкі дрэнныя... Як мяне сюды прыслалі працаваць, весела было — клюб, музыка, машыны, моладзі шмат было. А цяпер нікога — цішыня. І лес побач, і возера. І аўтобусы, цягнік, а можна б і лятак зрабіць — такія палеткі... Асьвятленьня няма на вуліцы за чыгункай — ніводнай лямпачкі. Ідзеш на аўтобус раніцай ці ўвечары — спрэс цемра...”

Карэспандэнт: “Галасаваў Багданаў у 94-м за апазыцыю, а цяпер?”

Спадар: “А цяпер і сам ня ведаю, за каго. За аднаго чалавека — а што там за яго? Ай, ведаеце, а лепшага нікога і ня знойдзеш. Пэнсія ёсьць, хоць невялікая — жыць можна...”

Спадарыня Тамара Жарская прыйшла напярэдадні Дня ўсіх сьвятых упарадкаваць магілы бацькоў. Яны на так званай “славянскай” палове. Разьдзеленыя ж паловы вялізным, на пяць мэтраў, каменным помнікам-вежай, а наверсе — арол з раскінутымі крыламі. 100 год таму жаўнеры 234-й пяхотнай нямецкай дывізіі ўзьвялі гэты помнік камандзіру — генэралу Зельманту. Сёлета іх суайчыньнікі прывезьлі памінальныя пліты з прозьвішчамі сотняў забітых немцаў. Акуратнымі шэрагамі пакладзеныя яны пад вячыстымі хвоямі. Распавядае Тамара Аляксандраўна.



Жарская: “Арол з тых часоў стаіць. Пліткі нядаўна клалі, а тут быў зарасьнік страшэнны, не пралезьці — жах! Немцы нанялі нашых людзей, каб пачысьціць месца. Прыяжджаюць часам. Нам бы павучыцца! Во прыйду, за гэтым дрэвам сьмецьце наваляць — хіба па-чалавечы?!”

Не па-чалавечы абышлася зь ёй і мясцовая ўлада, кажа спадарыня Тамара. Яна інвалід другой групы.

Жарская: “Прыехала з Грузіі і пайшла на працу даяркай. Асьлепла на адно вока ад грузаў. Працавалі па-чорнаму — уручную кармілі, чысьцілі кароў, убіралі. Плацілі мізэр — у 93-м толькі 20 даляраў. І плацілі раз на паўгода. Вось і пэнсіі не зарабіла. У гэтым годзе ў жніўні атрымала 140 тысяч. Каэфіцыенту няма. Стажу хапае, а пэнсіі няма, хоць забі. А рабіць не магу — адслойваньне сятчаткі, апошняя стадыя сьлепаты. Муж пахаваны. (Плача.) А што мне рабіць? А ён сядзіць, барабаніць па тэлевізару — там добра, там...”

* * *

Перада мной чарговы краявід Рушчыца — “У сьвет”.

...Ральля камякаватая, з бур’янамі ды парасткамі бульбяніку. Так і чуеш, як жаласна гудуць драты на слупах. І на фоне пахмурнага неба, схіліўшыся супраць ветру, завесаў дажджу, брыдуць малыя, вартыя жалю фігуркі. Ад добрага жыцьця ня пойдзеш у сьвет. Што іх чакае?

Аліна: “У нас усе цягнікі спыняюцца: Гродна-Масква, Унеча, Віцебск. Можна зьезьдзіць, куды хочаш...”

Карэспандэнт: “Людзі гэтак жа свабодна жывуць, як цягнікі ходзяць?”

Аліна (сьмяецца): “Цягнікам лепей, чым людзям у Багданаве — пэўна! Наша моладзь езьдзіць у Ліду, Маладзечна, у Расею — ведаю, што такое гастарбайтэр...” (Сьмяецца.)



Гэта білетны касір — 51-гадовая Аліна Масьцібродзкая. Яе маці, Соф’ю Іванаўну, жартам называюць першым багданаўскім гастарбайтэрам.У 50-х яе, камбайнэрку, накіравалі на ўборачную ў Крым.

Іванаўна: “Там добра было працаваць — у нас палеткі малыя, а там едзеш 2 км у адзін бок — камянёў няма. А ў нас патрапляюць у камбайн...”

Карэспандэнт: “А як вы зараз да калгасаў ставіцеся?”

Іванаўна: “Заробкі былі малыя — выйшла замуж, 25 год адпрацавала потым у краме. Ставілі 150 працадзён і амаль нічога не давалі. Цяпер дык пэнсію атрымліваюць усе — у мяне 316. Невялікая, бо ў краме заробак невялікі быў. Але старому чалавеку хапае і гэтага...”

За апошнія 10 год насельніцтва ў пасёлку, дзе цяпер 400 чалавек, зьменшылася на тыя ж 400. Мясцовасьць патрапіла ў лік неспрыяльных дэмаграфічна раёнаў, дзе сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць. Кажа сакратарка сельсавету, Галіна Пякарская.



Пякарская: “Цяпер домікі, праўда, пабудавалі прэзыдэнцкія — заселена каля дзесяці. Няма аграгарадка — плянавалі на 2007-мы, перанесьлі на 2009-ты. Лазьні няма — бяда. Надта дорага каштуе кацёл — калгасу не пад сілу. Бываюць часта перабоі з вадой — трасу трэба мяняць абавязкова, а яна з 1956-га. Як парвецца... Старэе Багданаў, і надта — нашмат дзяцей у школе паменела. Бюджэт у нас зусім бедны, сказаць мякка. Ідуць людзі валам. Бывае дзень, што не падымеш галавы. Я, як дэпутат, хацела б часьцей быць з выбарцамі, але ня надта атрымліваецца...”

Тым часам на вуліцы зусім іншае жыцьцё. Вядомую ўжо Еву Віктараўну Дубніцкую засьпеў у хаце пасярод працоўнага дня. Яна тлумачыць:

Дубніцкая: “На бураках дзеці тры тыдні — дакладна. Гэта няправільна. Буракі гэтыя нікому не патрэбныя, іх ніхто не ўжывае. Скаціне не дасі, а людзі не купляюць. І яны заўсёды гніюць, а прымушаюць садзіць. Проста губляюць час вучні і настаўнікі. А патрабаваньні “правесьці ўрокі, якія прапалі”? Як вы думаеце, ці магчыма гэта?! Усё жыцьцё абяцалі лепшае жыцьцё, але нічога не палепшылася. Столькі год прайшло, а як не было Дома культуры, так і цяпер. Майму ўнуку 12 год — ён ізноў пойдзе на танцы ў хлеў. А колькі ж можна падмятаць? Хто ж дадумаўся, каб урачы кінулі хворых, настаўнікі — дзяцей і падмяталі вуліцы? Я на ўроку фізыкі падмятала стадыён — нейкая праверка. Усе хваляць, што добра жывуць — я ня ведаю. Моладзі не зайздрошчу — нічога сьвятога няма, няма на каго раўняцца. Я герояў сучасных ня бачу...”

Адзінага ў Багданаве прадпрымальніка, былога сябра БНФ Вячаслава Жвірко я не засьпеў — днямі матляецца па раёнах. Дзьве тутэйшыя крамы — у ягонай уласнасьці. Гэтым годам утварыў, як і патрабавалася, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Пра першы вопыт працы ў новых умовах распавядае яго 35-гадовая жонка Вера.



Жвірко: “З прадпрымальніцтва ў “чупаўцы” адносна лёгка перайшлі. Можа, пашэнціла, што я бухгальтар, мужык прадпрымальны чалавек. У нас пашыраныя крама і асартымэнт. Папяровай валтузьні трошкі больш. Па колькасьці падаткі засталіся тыя ж самыя. Ёсьць спрошчаная сыстэма падаткаў, але мы ня можам на яе перайсьці. Асаблівыя ўмовы — 5 чалавек найманых і да 600 мільёнаў прыбытку. Тады плаціцца 20% ад нацэнкі. А мы плацім падатак на продаж тавару, НДС, сельгаспадатак, на прыбытак, транспартны, інавацыйны, на інфраструктуру, зямельны і на нерухомасьць...”

Я на самым прэстыжным прадпрыемстве Багданава, якое дагэтуль называюць піларамай. Аднак цягам 6 год скараціліся ўдвая колькасьць работнікаў, працоўныя плошчы. Кажа нязьменны старшы майстра Анатоль Каравайскі.



Каравайскі: “Пагрузка ў нас павялічылася — у сярэднім грузім 100 вагонаў. Грузім балянсы сасновыя, бярозавыя — драўніну, што не ідзе ў дзелавую, але яшчэ ня дровы. Цяперака грузім шмат на Фінляндыю, ну і ў Польшчу, Літву, на Віцебскую лесапілку...”

Карэспандэнт: “6 год таму 70—80 даляраў сярэдні заробак быў — што цяпер?”

Каравайскі: “Хлопцы атрымліваюць 600—700 тысяч. Заробак прымальны. Абы каго браць ня хочам і ня будзем. Калі чалавек выпіўшы, адхіляем ад працы. Кран, пад’езныя шляхі нармальныя, кантору новую пабудавалі. Усе мясцовыя, на працу вазіць ня трэба. І ня трэба ляцець у тую ж самую Маскву — усюды можна зарабіць. Там з раніцы да вечара перапрацоўка шалёная, ад сям’і адрываюцца. Хлопец у мяне працаваў, Бобрык — “а, паеду, зараблю грошай”. А прыехаў з Масквы, кажа, нічога там зайздроснага няма — прыходзіў на працу ўладкоўвацца...”

І падчас вандраваньня, і цяпер перад вачыма рэпрадукцыя карціны Фэрдынанда Рушчыца “Дом у Багданаве”. Ля сялянскай хаціны стаіць старое расшчэпленае дрэва зь пераплеценымі верхавінамі. Адна — засохла, другая — квітнее, цягнецца ўверх, рыхтуецца даць плады. Ці атрымаецца? Хто сёньня ведае? Хіба што 13-гадовы Максімка Жвірко...

Максімка: “Весела ў Багданаве, дзяцей шмат — хацеў бы застацца...”


XS
SM
MD
LG