Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Невыязныя” патрабуюць адмяніць незаконныя сьпісы <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Каля дзясятка актывістаў апазыцыі, якім улады забаранілі выезд за мяжу, правялі акцыю пратэсту ля будынкаў МУС і&nbsp;Генэральнай пракуратуры.

Актывісты, сярод якіх былі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў, актывісты “Маладога фронту” Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька, актывіст кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Павал Кур’яновіч ды іншыя, хацелі перадаць зварот кіраўніцтву МУС. Ім адмовілі, патлумачыўшы, што будынак — рэжымны аб’ект.
Гаворыць Юрась Карэтнікаў:
“Калі ўлічыць, што я навучаюся ў Кіеве, ва Ўкраіне, што я працаваў у адной фірме, пакуль мяне ня звольнілі, у Расеі, то фактычна гэтым нявыездам дзяржава мяне пазбавіла магчымасьці нармальнага існаваньня.
Калі сёньня Эўропа зьняла з чыноўнікаў абмежаваньні на выезд, то мы патрабуем, каб улада зрабіла сымэтрычны адказ. Існуе шэраг палітычных лідэраў розных арганізацый, якіх пазбавілі права на выезд за мяжу. Мы патрабуем ад генпракурора Васілевіча і спадара Навумава зьняць абмежаваньні на выезд з усіх актывістаў”.
Група “палітневыязных” накіравалася на вуліцу Інтэрнацыянальную. Там каля ўваходу ў двор Генэральнай пракуратуры спэцназаўцы пачалі штурхаць апазыцыянэраў. Нарэшце супрацоўнік міліцыі выклікаў Анатоля Лябедзьку і Зьмітра Дашкевіча, якім дазволілі ўвайсьці ў будынак, дзе ў іх прынялі зварот.
“Выйшаў сп.Вавула, намесьнік начальніка аддзелу працы са зваротамі грамадзянаў. Прыняў у нас нашу заяву і сказаў, што адказ мы атрымаем цягам двух тыдняў”, – распавёў Анатоль Лябедзька.
Копію звароту ўдзельнікі акцыі перадалі ў Эўразьвяз і АБСЭ праз амбасаду Францыі.
Адтуль невыязныя накіраваліся ў Міністэрства ўнутраных спраў, але ўжо без таблічак. Там увайсьці ў будынак дазволілі Юрасю Карэтнікаву.
Спэцназаўцы абкружылі натоўп і не далі людзям прайсьці на праспэкт. Намесьнік кіраўніка міліцыі Цэнтральнага раёну Максім Грышчанка пачаў моцна штурхаць дзяўчат Насту Палажанку і Тацяну Шапуцьку. Ім на дапамогу кінуўся Зьміцер Дашкевіч. Яго таксама моцна адштурхнулі.
Наста Палажанка зазначыла, што гэта ня першы выпадак, калі маёр Грышчанка беспадстаўна хапае ўдзельніц акцыі.
“Справакаваў бойку сумнавядомы спадар Грышчанка, таму ня трэба зьдзіўляцца гэтай амаральнасьці. Ня першы раз ён нападае на жанчын і дзяўчат. Можна меркаваць, што ў яго, відаць, праблемы ў асабістым жыцьці”.
Зьміцер Дашкевіч, Павал Кур’яновіч і Наста Палажанка вучацца ў ЭГУ. Яны ня могуць прыехаць на сэсію, і іх навучаньне ў Літве апынулася пад пагрозай.
Анатоль Лябедзька лічыць, што сьпісы невыязных апазыцыянэраў — помста ўладаў за ўвядзеньне санкцыяў супраць іх незаконнай дзейнасьці.
“Больш гэта ўсё падобнае да помсты, бо ніякага рацыяналізму тут няма. Усё роўна людзі выяжджаюць. Самае галоўнае, што яны вяртаюцца назад. Самае ж галоўнае, каб чалавек ня зьнік з краіны. А мы ж выяжджаем і вяртаемся. Дык якая праблема? Проста помста”.
Удзельнікі акцыі назвалі сьпісы невыязных сучаснай праявай прыгоннага права і зьвярнулі ўвагу на парушэньне Канстытуцыі і міжнародных нормаў.










Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG