Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Неўскі фронт” апанаваў Менск <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца чарговы матч групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ з Барысава і “Зэнітам” з Санкт-Пецярбургу.


Сустрэча прынцыповая для абодвух клюбаў, бо пераможца замацуе за сабой трэці радок у групе “Н”, які дасьць магчымасьць працягнуць выступ у Кубку УЭФА. Мяркуецца, што падтрымаць сваю каманду прыедуць больш за 5 тысяч піцерскіх заўзятараў. Гэта рэкорд наведваньня Беларусі фанатамі іншай краіны; тры тыдні таму на матч нацыянальных зборных Беларусі і Англіі ў Менск прыехалі каля 3 тысяч брытанцаў.

Фанаты піцерскага “Зэніту” пачалі зьяжджацца ў Менск у панядзелак. Ехалі прыватнымі машынамі, аўтобусамі, але асноўны дэсант прыпаў на дзень гульні. Увечары на чыгуначны вакзал прыбывае адмысловы цягнік, запоўнены расейскімі футбольнымі аматарамі. Прычым, як удалося высьветліць у часе размовы з тымі, хто прыехаў раней, шмат хто выправіўся ўвогуле без квіткоў на футбол, спадзеючыся набыць іх на месцы:



“У Санкт-Пецярбургу перад матчам узьнікла праблема зь білетамі, вельмі мала далі ў продаж. А ахвотных, наадварот, было вельмі шмат — у Беларусь уезд вольны, візы непатрэбныя, лёгка дабрацца. Таму шмат хто вырашыў ехаць і спрабаваць набыць квіткі тут”.

"Спадзеяцеся, што нешта атрымаецца пры такім ажыятажы?”

“Нашай групоўкі гэта ня тычыцца, у нас абанэмэнты ўвогуле на ўсе гульні “Зэніту”. Мы плацім у нашым фан-клюбе “Фанацкі віраж” на пачатку сэзону пэўную суму грошай і наведваем усе гульні — ад чэмпіянату і Кубку Расеі да Кубку УЭФА і Лігі чэмпіёнаў. У “дзікуноў”, думаю, будуць праблемы”.

Квіткі на матч БАТЭ — “Зэніт”, як і ў папярэднім выпадку зь “Ювэнтусам”, разышліся літаральна за дзень. Прычым досыць дзіўным чынам — па безнаяўным разьліку арганізацыям, прадпрыемствам, у выніку чаго ў вольным продажы квіткоў амаль не было. Гэта справакавала актыўнасьць спэкулянтаў, якія прадавалі 5-даляравыя квіткі за 100 і больш даляраў.



Куды падзецца безьбілетнікам, якія ня трапяць на матч — ніхто не тлумачыць. У якасьці альтэрнатывы разглядалася верагоднасьць, што яны здолеюць пабачыць матч на вялікім экране ля Палаца спорту. Аднак у Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі патлумачылі, што трансьляцыі адназначна ня будзе “у зьвязку з рамонтнымі працамі на пляцоўцы” перад экранам. Аднак ёсьць меркаваньне, што гарадзкія ўлады папросту баяцца магчымых сутычак паміж барысаўскімі і піцерскімі фанатамі. Калі ў верасьні трансьлявалі матч паміж БАТЭ і “Ювэнтусам”, ля Палаца спорту сабралася блізу 3—4 тысяч прыхільнікаў беларускай каманды. Калі дадаць да гэтай колькасьці яшчэ некалькі тысяч заўзятараў зь Піцеру, то пракантраляваць сытуацыю будзе надзвычай складана.

Суровы нораў “Неўскага фронту” — так называе сябе аб’яднаная фанацкая групоўка Санкт-Пецярбургу — адчулі шмат у якіх краінах, куды выяжджаў “Зэніт”. Заўзятары адразу ўвязваюцца ў сутычкі як з фанатамі каманды-суперніка, так і з паліцыяй. На інтэрнэт-форумах пішуць, што насамрэч значную частку фанатаў складаюць скінхэды ды нэанацысты, якія нібыта маюць уплыў на кіраўніцтва клюбу ў падборы футбалістаў. Маецца на ўвазе, што “Неўскі фронт” катэгарычна супраць прысутнасьці ў “Зэніце” гульцоў азіяцкага, арабскага, афрыканскага паходжаньня. Самі “фронтаўцы” на гэтую тэму гаварыць ня хочуць, аднак запэўніваюць — у Менску канфліктаў ня будзе:



“Ды не, што вы, не хвалюйцеся... Усё будзе нармальна, думаю, ніякіх эксцэсаў з боку фанатаў “Зэніту” быць не павінна, нягледзячы на любы вынік сустрэчы. Ня ведаем, праўда, як яшчэ будуць паводзіць сябе заўзятары вашай каманды...”

Жарсьці на футболе абяцаюць быць нежартоўнымі. Сустрэча практычна вырашае лёс трэцяга месца ў групе. Цяпер яго з двума ачкамі займае БАТЭ, “Зэніт” — апошні. Па выніках усіх матчаў аўтсайдэр спыняе лігачэмпіёнскі маратон, а каманда з трэцяга радка перасоўваецца ў Кубак УЭФА.

Прыстойны дэбют БАТЭ ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў спрычыніўся да футбольнага ажыятажу. Як кажа дзіцячы футбольны трэнэр Вадзім Скамарохаў, ягоныя выхаванцы цяпер за куміраў лічаць не заходніх зорак, а барысаўскіх герояў — Крыўца, Блізьнюка, Радыёнава, Хагуша. Сам спэцыяліст перакананы, што выхаванцы Віктара Ганчарэнкі сёньня маюць шанец чарговым разам зьдзівіць футбольную грамадзкасьць:

“Трэнэр малады, пэрспэктыўны, энэргічны. Таму, думаю, у БАТЭ ўсё нармальна павінна скласьціся. А ўвогуле ўнёсак БАТЭ ў разьвіцьцё футболу вялізны. Тое, што яны ўжо зрабілі, увайшоўшы ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, гэта дарагога варта. За столькі гадоў прарвацца беларускаму клюбу зь невялікага гораду (не хачу ніяк пакрыўдзіць Барысаў) у эліту сусьветнага футболу! Толькі за гэта можна схіляцца перад імі. І галоўнае, гэта яскравы прыклад тым жа хлапчукам, якія сёньня гуляюць у футбол, зараджаюцца ім. Глядзіце, што зараз адбываецца па школах! Калі раней прыярытэт аддаваўся нейкім іншым відам, то цяпер павальна футбол выходзіць на першы плян, праходзяць матчы дзіцячых камандаў”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG