Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька загіблага салдата падаў скаргу ў ААН


Аляксандар Шамрын, бацька загіблага салдата
Аляксандар Шамрын, бацька загіблага салдата

Жыхар Крычава Аляксандар Шамрын скардзіцца ў камісію правоў чалавека ААН, каб абараніць інтарэсы сваёй сям’і ў спрэчцы зь дзяржавай.


Нагодай для скаргі стала сьмерць ягонага сына Аляксандра, які тры гады таму загінуў у войску. Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта быў няшчасны выпадак. Бацька лічыць, што прычынай сьмерці сына сталі нестатутныя адносіны ў частцы.

Аляксандар Шамрын пасьпеў праслужыць толькі пяць месяцаў. Ён загінуў у вайсковай частцы пад Барысавам. Паводле афіцыйнай вэрсіі, 16 чэрвеня 2005 году малады вайсковец падчас рамонту акумулятарнага памяшканьня ўпаў з вышыні больш за два з паловай мэтры. 28 чэрвеня ад атрыманых траўмаў Аляксандар Шамрын памёр у шпіталі.

Бацька вайскоўца лічыць, што высьвятленьне абставінаў сьмерці сына было фармальным. Паводле яго, сьледчыя ня сталі дапытваць стараслужачых на прадмет магчымай бойкі між імі і маладым вайскоўцам:

“Адпрацоўвалася толькі адна вэрсія. Няшчасны выпадак, і ўсё. Стараслужачы адзін на судзе ня ведаў, якую вэрсію яму гаварыць. Аднак калі яму зачыталі, абвінаваўца зачытаў, вось тады ў яго і голас прарэзаўся. Там ня суд быў, а высьвятленьне адносінаў між палкоўнікамі, падпалкоўнікамі й маёрамі. Я хачу, каб вінаватыя панесьлі хоць нейкае пакараньне, хто непасрэдна вінаваты ў сьмерці майго сына”, — кажа Аляксандар Шамрын.

Ён цьвердзіць, што прайшоў усе судовыя інстанцыі ў Беларусі й не знайшоў там справядлівага выраку. Цяпер спадзяецца на камісію ААН.

Падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч лічыць, што высьветліць сапраўдныя абставіны сьмерці вайскоўца насамрэч складана, таму што беларускае войска закрытае ад грамадзтва. Вайсковае начальства, зазначае спадар Статкевіч, імкнецца хаваць такія факты, падаючы іх як няшчасныя выпадкі.

“Гэта робіцца, каб не псаваць статыстыкі, кар’еры, каб ня несьці адказнасьці за тое, што адбылося. Бязь зьнешняга кантролю тут мала што можа зьмяніцца. Павінны быць грамадзкія арганізацыі, якія маюць доступ да войска. Урэшце, у вайскоўцаў павінна быць магчымасьць зьвяртацца ў гэтыя арганізацыі, у тым ліку і ананімна. А гэтыя арганізацыі павінны мець права праводзіць свае расьсьледаваньні й зьвяртацца ў судовыя інстанцыі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG